Вы тут

Нумар 102 не для жартаў


Да кожнага званка ў міліцыі ставяцца сур'ёзна. Але не заўжды чалавек на тым канцы проваду звяртаецца да праваахоўнікаў з сапраўднай праблемай. Лічбы сведчаць, сёлета ў міліцыю паступіла каля 5 тысяч ілжывых выклікаў, за якія людзям прыйшлося плаціць штраф.


— З гэтым пытаннем у нас існуе пэўная праблема, — кажа Ігар Гатальскі, начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС. — Міліцыя заўжды імкнецца аператыўна рэагаваць на паведамленні грамадзян. Ёсць нават нарматывы, паводле якіх міліцыянер мусіць прыбыць на месца здарэння за пэўны прамежак часу. Але ёсць катэгорыя людзей, якая тэлефануе далёка не па справе. За такія званкі людзі нясуць адміністрацыйную адказнасць. А яна, дарэчы, складае ад 4 да 15 базавых велічынь. Пры паўторы на працягу года — ад 20 да 50 велічынь.

Ігар Гатальскі кажа, што з агульнай колькасці зарэгістраваных выклікаў прыкладна 70 працэнтаў складаюць тыя, што здзейснены людзьмі ў стане алкагольнага ап'янення. Сітуацыя часам даходзіць да абсурду. Падобны выпадак здарыўся ў Слуцку колькі тыдняў таму. Нецвярозы ў шэсць гадзін раніцы паведаміў міліцыі, што ў яго ўкралі тры тысячы долараў. На месца выехала следча-аператыўная група. Калі пачалі разбірацца, грошы знайшліся ў тумбачцы. Міліцыя з'ехала, аднак праз некалькі гадзін ён зноў тэлефануе і паўторна паведамляе пра крадзеж долараў. Праваахоўнікі зноў паехалі і... знайшлі тыя банкноты. У выніку мужчыну прыйшлося заплаціць штраф. А вось у Пінску жанчына сказала супрацоўнікам міліцыі, што ў яе знік ноўтбук. Як стала вядома, яна выпівала падчас сямейнага свята. Калі пайшла ў краму, схавала камп'ютар ад гасцей пад ложкам, а потым проста пра яго забылася. Ёй таксама прыйшлося заплаціць штраф.

Часам людзі па няведанні тэлефануюць у міліцыю. Аднак, як нам паведамілі ў МУС, усе званкі правяраюцца. І калі чалавек памылкова замест газавай службы набраў «102», падобны выпадак пад парушэнне не падпадае. У дзеяннях правапарушальніка абавязкова павінен прысутнічаць намер.

Вось яшчэ адзін прыклад. Карэліцкі раён. Жанчына пазваніла ў міліцыю і сказала, што яе згвалтаваў кіроўца аўтамабіля. Да яе неўзабаве выехала цэлая група міліцыянераў. Высветлілася, што яна п'яная, а кіроўца проста адмовіўся падвезці яе дадому ў такім стане. Такім чынам яна хацела яму адпомсціць.

Праваахоўнікі падкрэсліваюць, што нават пры вялікім жаданні ў падобных махляроў не атрымаецца сысці ад адказнасці. Усе званкі фіксуюцца, і супрацоўнікі міліцыі заўжды бачаць, з якога нумара тэлефануюць. Аднак ёсць яшчэ адна мера, якая павінна прымусіць чалавека сто разоў падумаць перад тым, як званіць.

— Міліцыя мае ўсе падставы, каб акрамя штрафу спагнаць з правапарушальніка ўсе выдаткі за выезд праваахоўнікаў, — паведамляе Ігар Гатальскі. — Летась жыхар сталіцы паведаміў пра мініраванне аднаго з судоў Мінска. Асобу высветлілі і прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. А за эксплуатацыю транспарту, адпрацаваны міліцыяй час з яго дадаткова спагналі 2,5 мільёна рублёў.

Кожны адэкватны чалавек павінен разумець, што ў той час, калі міліцыянер рэагуе на глупства, непадалёк можа здарыцца сапраўднае злачынства. І гэтыя некалькі хвілін могуць адыграць вырашальную ролю.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.