Вы тут

Здаць ЦТ у рэзервовы дзень


Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень будзе весціся з 28 чэрвеня па 1 ліпеня. З сабой трэба мець пропуск на тэсціраванне, якое было прапушчана, дакумент, які сведчыць асобу абітурыента, і дакумент, які пацвярджае ўважлівую прычыну няяўкі.


Арганізатары ЦТ папярэджваюць: да здачы тэст-іспытаў у рэзервовы дзень будуць дапушчаны толькі тыя абітурыенты, якія змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для пропуску экзамену (напрыклад, прад'явяць даведку пра сваю хваробу). Калі абітурыенты ўдзельнічалі ў ЦТ у асноўны дзень, але не змаглі дапісаць сваю работу з-за пагаршэння стану здароўя, яны таксама змогуць скарыстацца рэзервовым днём. Для аказання абітурыентам медыцынскай дапамогі ва ўсіх пунктах правядзення тэсціравання былі арганізаваныя дзяжурствы медыцынскіх работнікаў, таму такія выпадкі фіксаваліся непасрэдна на месцы. А вось тыя, хто парушыў правілы ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, здаць прапушчаны экзамен у рэзервовы дзень не змогуць.

Звяртацца з дакументамі, якія пацвярджаюць прычыну няяўкі на ЦТ, трэба ў Белдзяржуніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных дысцыплінах у рэзервовы дзень вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але здаць 5 ліпеня можна будзе толькі адну вучэбную дысцыпліну. Таму калі абітурыент прапусціў два экзамены, шанцы выправіць сітуацыю і паўдзельнічаць у конкурсным адборы ў яго роўныя нулю.

Між іншым, як запэўнівае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў, колькасць тых, хто прапускае цэнтралізаванае тэсціраванне, з года ў год не змяняецца. Скажам, сёлета на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 22 348 абітурыентаў, а не прыйшлі на экзамен 631, гэта складае 3,8% ад агульнай колькасці. Рускую мову павінны былі здаваць больш як 78 тысяч чалавек, але да пунктаў правядзення тэсціравання так і не дайшлі больш як 2100 чалавек. Ад агульнай колькасці гэта тыя ж 3,8%. На тэсціраванне па матэматыцы не прыйшлі 4,5% з тых, хто аформіў сабе пропуск (летась іх было 4,9 працэнта).

У наступным годзе, пасля зацвярджэння новых Правілаў прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, колькасць рэзервовых дзён абяцаюць павялічыць, каб за бортам прыёмнай кампаніі не засталіся абітурыенты, для якіх абставіны ў чэрвені склаліся не самым лепшым чынам.

Разам з тым назіраецца цікавая тэндэнцыя: з абітурыентаў, якім удалося даказаць сваё права скарыстацца рэзервовым днём, кожны год усё роўна далёка не ўсе даходзяць да пункта правядзення экзамену. І знайсці гэтаму тлумачэнне арганізатары ЦТ не могуць.

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.