Вы тут

Як рыхтуюцца да Дня Незалежнасці


Адным з асноўных мерапрыемстваў святкавання Дня Незалежнасці па традыцыі стане парад. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на пляцы Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл, дзе кожны дзень чаканяць крок юныя сілавікі. Менавіта пешая калона па традыцыі распачне ўрачыстае шэсце, якое разгорнецца 3 ліпеня на адным з галоўных праспектаў сталіцы.


— Для нясення штандараў падбіраюцца фізічна развітыя юнакі: штандар важыць больш як 30 кілаграмаў, часам дзьме моцны вецер і каб пранесці яго, патрабуюцца вялікія намаганні, — тлумачыць камандзір зводнай роты ганаровай варты Павел ШПАРЛА. — Увогуле салдаты і афіцэры ўжо гатовы да выканання пастаўленай задачы. Засталося дапрацаваць дробныя элементы. Сёлета ў пляц-канцэрце мы выкарысталі найбольш яркія і відовішчныя моманты, якія падабаюцца гледачам. Будуць у нашым выступленні, якое, дарэчы, пройдзе пад прынцыпова новае музычнае суправаджэнне зводнага ваеннага аркестра, і новыя элементы.

Паўдзельнічаць у ваенным парадзе выпаў гонар і курсантам Ваеннай акадэміі Беларусі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, вайскоўцам 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, 38-й і 103-й асобных гвардзейскіх мабільных брыгад, 85-й і 86-й брыгад сувязі, 56-га, 60-га і 74-га асобных палкоў сувязі. У складзе пешай калоны таксама пройдуць разлікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Усяго — каля 20 парадных разлікаў.

Для гвардыі радавога 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады Рыгора Капылова гэта першы парад. «Рыхтуючыся да парада, я адчуваю пачуццё вялікай адказнасці і абавязку, — гаворыць гвардзеец. — Парад — гэта яшчэ і своеасаблівая даніна павагі продкам. Мой дзядуля ваяваў. Ад бацькі ведаю толькі, што дзед зусім крыху не дайшоў да Берліна, атрымаў раненне і трапіў у канцлагер. Калі ён жыў, я быў зусім маленькім.
І, вядома, тады яго ваенная біяграфія мяне не надта цікавіла, бо я яшчэ мала што разумеў пра вайну. Калі б быў старэйшым, распытаў бы больш...»

Як расказаў Рыгор Капылоў, у сталіцы гвардзейцы з Віцебска жывуць больш за месяц. Сумесныя трэніроўкі пачаліся ўжо ў маі. За гэты час вайскоўцы з розных часцей паспелі не толькі пасябраваць, а і больш пазнаёміцца з ваеннай гісторыяй краіны. Для іх былі арганізаваны экскурсіі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на Лінію Сталіна, у музей касманаўтыкі, што на аэрадроме «Баравая», наведалі юнакі і Драматычны тэатр беларускай арміі.

Што будзе ўяўляць сабой на сёлетнім парадзе механізаваная калона, мы пісалі раней. Нагадаем, яе агульная працягласць складзе больш як два кіламетры. Перад трыбунамі пройдзе больш за 160 адзінак баявой тэхнікі. Асядлаюць «жалезных коней» прыкладна 430 вайскоўцаў. Прычым мінчане і госці сталіцы ўбачаць як асноўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі сучаснай арміі, так і рарытэты перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

— Механізаваныя парадныя разлікі ўжо завяршылі падрыхтоўку, цяпер ажыццяўляецца афарбоўка тэхнікі, асабовы склад працуе над сваім знешнім выглядам, — рэзюмуе камандуючы парадам войск Мінскага гарнізона, намеснік міністра абароны генерал-маёр Сяргей ПАТАПЕНКА. — Пешыя парадныя разлікі працягваюць трэніравацца. Падрыхтоўка да парада з'яўляецца этапам баявой падрыхтоўкі ваеннаслужачых. Тут удасканальваецца зладжанасць падраздзяленняў, практычныя навыкі кіроўцаў і механікаў-кіроўцаў у авалоданні штатнай тэхнікай і ўзбраеннем. У парадзе прымуць удзел узоры мадэрнізаванай і новай закупленай тэхнікі. Напрыклад, рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Паланэз» адразу пасля выпрабаванняў стануць у строй і пройдуць у парадным разліку.

Упрыгажэннем ваеннага парада стане паветраны эшалон. Асноўныя тыпы авіяцыйнай тэхнікі, якія стаяць на ўзбраенні Ваенна-паветраных сіл Беларусі, а таксама некалькі самалётаў Расійскай Федэрацыі можна будзе ўбачыць у адзін дзень ды ў адным месцы — у небе над Мінскам.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Галоўнае шэсце краіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».