Вы тут

Як не зрабіць гульню ў тэатры гульнёй у тэатр?


Прыходзіш у тэатр, сядаеш. Выходзяць акцёры — і запрашаюць на квэст. Гэта значыць, прапануюць гульню, у якую б уключыўся кожны з прысутных. Квэсты — гульні інтэрактыўныя. Ключавое тут «актыўныя». Адседзецца не атрымаецца, прыйдзецца ўключацца, выконваць, па магчымасці, сваю ролю ў гульні, сюжэт якой ужо кімсьці спланаваны. У гэтым выпадку — аўтарамі спектаклю «Гульня без правілаў і з невядомай мэтай», што з'явіўся ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.


Аўтар тэксту — Аляксей Андрэеў, галоўны рэдактар альманаха «Маналог». «Маналогу» споўнілася 20 гадоў, і гэтую дату яго стваральнікі вырашылі адзначыць яшчэ і пастаноўкай у тэатры. Пастаноўкай, у якой ёсць шмат маналогаў. Слова драматургія (як асаблівы від творчасці) у дачыненні да таго, што прамаўляецца, тут не выкарыстаеш: асаблівасць спектаклю менавіта ў тым, што ён не ствараўся паводле п'есы, а паўставаў як тэкст, складзены з цытат вядомых асоб, з думкамі якіх знаёміў часопіс. Думкі цікавыя, як і людзі, якія былі іх аўтарамі, напрыклад, Святлана Бень, Алена Казанцава, Адам Глобус, Віктар Капыцько, Сяргей Харэўскі, Руслан Вашкевіч і іншыя. Усе словы гучаць па-беларуску дзякуючы перакладу пісьменніка Альгерда Бахарэвіча. Наўрад ці ён бы ўзяўся перакладаць тое, у чым не бачыць сэнсу.

Аляксей Андрэеў з асобных цытат склаў цэльны тэкст, які прамаўляюць два акцёры: Людміла Сідаркевіч і Максім Брагінец. У іх складаная задача паводле рэжысёрскай задумы Аляксандра Марчанкі. Вельмі разумнымі фразамі яны павінны гледача ўцягнуць у слуханне і развагі, нават не столькі ў дзею — яе наогул няма, як няма выразнага сюжэту з яго развіццём, кульмінацыяй, развязкай. Пры тым, што запрашэнне на квэст — і разам з гэтым інтрыгу — мы атрымліваем. Значыць, штосьці павінны знайсці ў выніку, да чагосьці прыйсці. Да чаго?

Ён і Яна суіснуюць у прасторы. Нельга сказаць, што яны ўзаемадзейнічаюць. Гэта ўсё не пра адносіны дваіх. Ён і Яна — таму што гучаць цытаты жаночыя і мужчынскія. Не толькі ад імя жанчыны ці мужчыны, проста адны больш эмацыянальныя. Частка ад імя мужчыны крыху іншая: яна бярэ разважлівасцю. Але і Яна і Ён разам увасабляюць супольнасць людзей, якія разважаюць пра НЕШТА. І да гэтага «нечага» мы павінны прыйсці ў выніку інтэлектуальнага квэсту. Мы яго шукаем, пра яго разважаем разам з артыстамі. Наш інтэрактыў у тым, як мы адгукаемся на думкі. Таму гульня ідзе сапраўды не паводле звыклых для квэстаў правілаў. Але тое не азначае, што іх няма, асабліва, калі зададзеныя параметры. Спачатку думаеш, што героі гавораць адзін з адным. Не. Потым адчуванне, што яны нібыта спавядаюцца — з-за шчырасці і балючай прадуманасці фраз. Але наўрад ці: споведзі не прамаўляюцца голасна. Ці можа на герояў сышла плынь свядомасці, калі вельмі хочацца сказаць пра штосьці, і нават не важна, хто цябе ў гэты момант пачуе? Калі хоць хто — ужо добра. Ну, бывае ж так у жыцці. Словы, сказаныя з тэатральнай сцэны, ніяк не могуць быць выпадковымі, калі яны прамоўленыя, то таму, што так трэба. З намі гуляюць у прасторы, дзе не адбываецца нічога больш важнага, чым словы.

Гэта гульня на выжыванне гледача, які праходзіць выпрабаванне словамі. Колькі часу ідзе на тое, каб уцягнуцца і зразумець: не варта чакаць дзеі. Нельга лічыць дзеяй тое, што артысты перамяшчаюцца (не вельмі актыўна) па сцэне, рэагуюць на стосы кніг, складзеныя перад імі, сядаюць на стосы, кладуцца на іх. Выцягваюць з іх кнігі і пачынаюць чытаць. І ніякіх дадатковых эфектаў! Акрамя хіба што голасу. Спачатку ён гучыць за сцэнай — не бачым выканаўцу. Па меры напружання думак у цытатах, спявак Дзмітрый Лук'янчык з'яўляецца на нашых вачах. Павольна-распеўна гучыць яго голас. Удумліва — якраз пад словы. Гэты голас дапамагае злучаць думкі, якія першапачаткова існавалі асобнымі выказваннямі, утварае з іх агульны сэнс. Напрыклад, словы пра гарадскі асяродак Мінска, сталіцы, а голас у той час звяртае да фальклорнай манеры, дадаючы штосьці роднае, цёплае, нібыта з паралельнага Сусвету. І менавіта гэты голас злучае прасторы, якія, здаецца, зусім не перасякаюцца. Нібыта як Яна і Ён — розныя, часам здаюцца чужымі людзьмі. А калі ўслухаешся ў іх словы на фоне гэтага спеву, то разумееш: яны ўсё ж звязаныя агульнай культурнай прасторай. Менавіта яна і ёсць галоўная дзеючая асоба гэтай пастаноўкі. Гэта культурная прастора — нацыянальная, дзе ёсць месца розным людзям, розным меркаванням і развагам пра тое, што мы ёсць цяпер як народ: як мы адчуваем, што памятаем, што любім, пра што марым, дзе жывём і па якіх правілах.

І калі напрыканцы доўгіх разважанняў разам з акцёрамі ты прыйшоў да разумення гэтага, то лічы, свой квэст прайшоў паспяхова. Хоць задача і не простая: прадзірацца скрозь шчыльную канцэнтрацыю думак на адну хвіліну спектакля. Гэта квэст для інтэлектуалаў, для якіх уся інтрыга — не ў фабуле, а ў саміх думках. І калі вы яшчэ вагаецеся, ці прылічваць сябе да гэтай слаўнай катэгорыі грамадзян, то лепшы сродак праверыць — пайсці і пагуляць. Дасядзеў да фіналу — усё, пытанне знятае.

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Без правілаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.