Вы тут

За спісванне на экзамене — пазбаўленне волі


Пасля распаду Савецкага Саюза ўсе рэспублікі пачалі ўкараняць незалежныя працэдуры экзаменаў. Прычына — непразрыстая сістэма ўступных іспытаў у ВНУ. Праўда, для таго, каб забяспечыць інфармацыйную бяспеку, кожная краіна распрацоўвае свае падыходы...


Так, у Арменіі тыраж і падрыхтоўка экзаменацыйных матэрыялаў ажыццяўляюцца за межамі краіны. Захоўванне экзаменацыйных матэрыялаў адбываецца пры падтрымцы банкаўскай сістэмы краіны. Усе іспыты праводзяцца ва ўмовах аснашчэння кожнага экзаменацыйнага цэнтра тэхнічнымі сродкамі глушэння сувязі і відэаназірання. Ход правядзення экзаменаў у аўдыторыях шырока асвятляецца з дапамогай анлайн-трансляцый у агульнадаступных месцах.

Пры правядзенні нацыянальнага тэсціравання ў Казахстане, якое спалучае выніковую атэстацыю выпускнікоў з уступнымі экзаменамі ва ўстановы больш высокай ступені навучання, захоўванне і дастаўка экзаменацыйных матэрыялаў ажыццяўляюцца пад кантролем Камітэта нацыянальнай бяспекі. Асаблівасцю правядзення адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет у Казахстане і Азербайджане з'яўляецца здача інтэграванага тэста адразу па чатырох-пяці дысцыплінах.

У Азербайджане адбор у ВНУ праводзіцца па чатырох групах спецыяльнасцяў. Яны адрозніваюцца наборам экзаменацыйных прадметаў. Скажам, пры паступленні на гуманітарныя, педагагічныя спецыяльнасці, музыку і мастацтва абітурыенты здаюць родную мову, літаратуру, матэматыку, гісторыю і замежную мову. Увогуле матэматыку здаюць усе абітурыенты, незалежна ад выбару будучай прафесіі. Гэта зроблена для таго, каб сфарміраваць у вучняў сур'ёзнае стаўленне да ўсіх школьных дысцыплін, а не толькі да прадметаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да будучай прафесіі...

Вельмі сур'ёзна ставяцца да агульнадзяржаўнага экзамену — «гакаа» — у Кітаі. Традыцыйна экзамен праводзіцца ва ўсіх кітайскіх школах у адзін час. Школьнікам дазваляецца ўзяць з сабой толькі ручку, аловак, гумку, лінейку і цыркуль. Нават пітную ваду ў бутэльках праносіць не дазваляецца. У экзаменацыйных памяшканнях знаходзяцца дэтэктары, камеры і глушыльнікі мабільных сігналаў. За экзаменамі не могуць назіраць настаўнікі, якія вучылі гэтых дзяцей — іх замяняюць староннія людзі. Іспыты займаюць два дні. Раніцай першага 2,5 гадзіны адводзіцца на адказы на пытанні па літаратуры і кітайскай мове, а пасля абеду — па замежнай мове і матэматыцы. У другі дзень здаецца яшчэ адзін з абавязковых прадметаў, а таксама адзін з прадметаў на выбар, які залежыць ад выбранай вучнем ВНУ. Вынікі разлічвае камп'ютарная праграма — гэта робіцца для выключэння чалавечага фактару. Агульнадзяржаўны экзамен лічыцца надзвычай сур'ёзным, паколькі вызначае ўсё далейшае жыццё чалавека. Правал пры яго здачы гарантуе працу на нізкіх пасадах і незадаволенасць сям'і. За спісванне абітурыент можа атрымаць нават турэмны тэрмін.

А выпускнікі ў Францыі напрыклад, больш за ўсё баяцца экзамену на ступень бакалаўра. Гэта нешта накшталт расійскага ЕГЭ. Паспяховая здача «бака», як называюць яго французы, забяспечвае гарантаванае паступленне ва ўсе ўніверсітэты краіны. Гэта значыць, што студэнту застанецца толькі напісаць заяву ў ВНУ аб жаданні вучыцца. Вышэйшыя навучальныя ўстановы Францыі павінны браць усіх ахвотных, аднак у самых прэстыжных універсітэтах усё ж такі ёсць негалосны адбор па выніках «бака».

Для паступлення ў ВНУ Ізраіля вучні здаюць псіхаметрычны экзамен, вынікі якога лічацца сапраўднымі яшчэ 7 гадоў! Прымаць у ім удзел можна колькі заўгодна раз, але паміж спробамі яго здаць павінна прайсці не менш за паўгода. Экзамен уяўляе сабой тэсты па трох кірунках: вербальнае мысленне, колькаснае мысленне (ацэньваюцца матэматычныя здольнасці) і англійская мова. На пытанні прапануюцца чатыры варыянты адказаў. Практыка паказала, што псіхаметрычны экзамен апраўдаў сябе: у большасці выпадкаў абітурыенты, якія атрымалі высокую ацэнку, дасягаюць лепшых поспехаў у вучобе, чым тыя, хто атрымаў нізкую ацэнку. Аднак такі тып экзамену часта падвяргаецца крытыцы. Ёсць меркаванне, што ён дыскрымінуе людзей з пэўным тыпам мыслення, адрозным ад тыпу мыслення складальнікаў экзамену.

А вось і зусім «свежая» навіна з экзаменацыйнага фронту: улады Алжыра былі вымушаны часова заблакіраваць доступ да сацыяльных сетак па ўсёй краіне, каб не даць магчымасць карыстацца падказкамі на іспытах у сярэдніх школах. Амаль палова вучняў была вымушана пераздаць экзамен на атэстат аб сярэдняй адукацыі з-за скандалу з уцечкай у інтэрнэт экзаменацыйных заданняў.

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».