Вы тут

Формула поспеху: навука плюс бізнес


«Нельга ад вучонага, які вылучае ідэю і даводзіць яе да канчатковага прадукту, патрабаваць, каб ён яшчэ гэты прадукт і ўкараняў», — такую думку выказаў падчас пасяджэння Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі кіраўнік галоўнага адукацыйнага ведамства Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.


Якім чынам трэба арганізаваць навуковую дзейнасць моладзі, каб атрымаць для эканомікі максімальны эфект? Якія навуковыя кірункі сёння самыя перспектыўныя? Ці дастаткова дзеючай нарматыўна-прававой базы для працы навуковых калектываў? На ўсе гэтыя пытанні ўдзельнікі савета паспрабавалі знайсці адказ. Пасяджэнне прайшло на базе Нацыянальнай акадэміі навук. Да дыскусіі далучыліся старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі Генадзь Пальчык і маладыя вучоныя з акадэміі.

— Укараненне інавацый у вытворчасць — адна з тэм Усебеларускага народнага сходу, — адзначыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Кіраўнік дзяржавы паставіў перад краінай амбіцыйную задачу — стварыць больш як 50 тысяч новых працоўных месцаў. Я ўпэўнены, што інавацыйная дзейнасць у навуцы дапаможа нам яе вырашыць. Новыя працоўныя месцы будуць стварацца менавіта ў сферы навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак і тэхналогій. І тут галоўная роля адводзіцца маладым. Стварэнне эканомікі ведаў — задача, найперш, для маладога пакалення. Што тычыцца навуковых даследаванняў, то я лічу, што адны спецыялісты павінны займацца фундаментальнымі даследаваннямі ў навуцы, а іншыя — прасоўваннем інавацый і бізнес-тэхналогіямі. А мы сёння занадта шмат патрабуем ад навуковага калектыву. Нам тэрмінова патрабуецца праслойка, якая будзе займацца бізнес-працэсамі. Гэта таксама вельмі важны элемент укаранення навукі ў вытворчасць.

Міхаіл Жураўкоў заўважыў, што падрыхтоўкай эканамістаў для самых розных сфер сёння займаюцца практычна ўсе ВНУ. Але калі патрабуецца малады эканаміст з неардынарнымі ідэямі і рашэннямі, то чамусьці такога праблематычна знайсці. «Магчыма, гэта наша слабае месца? — задаў зусім не рытарычнае пытанне Міхаіл Жураўкоў. — Калі мы разбяромся, чаму так адбываецца, то адразу рэзка рушым наперад...»

— Нацыянальная акадэмія навук у якасці пляцоўкі для абмеркавання перспектыў дзейнасці маладых навукоўцаў была абрана зусім не выпадкова, — адзначыў старшыня Прэзідыума акадэміі Уладзімір ГУСАКОЎ. — Акадэмія — магутная вытворчая карпарацыя, якая аб'ядноўвае 16 тысяч супрацоўнікаў. Толькі за апошнюю пяцігодку ў нас было створана 48 новых навукаёмістых вытворчасцяў. Прычым Акадэмія — маладая арганізацыя: за апошнія пяць-сем гадоў доля маладых навукоўцаў у нас вырасла з 18 да 25 працэнтаў. І апошнія тры гады гэта лічба застаецца стабільнай. Лідзіруе па колькасці маладых навукоўцаў фізіка-тэхнічнае аддзяленне.

— Павышэнне эфектыўнасці навуковай дзейнасці моладзі павінна ўвязвацца з дзяржаўнымі праграмамі, якія ўжо зацверджаны і прайшлі шматступеньчатую экспертызу , — выказаў сваю пазіцыю старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь ПАЛЬЧЫК. — Калі казаць пра абарону дысертацыйных работ, то хацелася б, каб яны мелі больш актуальны характар. Мы вельмі шмат гаворым пра даследаванні пятага і шостага эканамічнага ўкладу, але звычайна маем на ўвазе тэхнічны, вытворчы бок гэтага пытання. Насамрэч, вельмі важную ролю сёння іграюць і даследаванні ў галіне гуманітарных навук, якія могуць сур'ёзна прааналізаваць новыя выклікі часу — іх негатыўны ўплыў на фарміраванне асобы маладога чалавека і на ўсё грамадства. На жаль, прагрэс нясе не толькі карысць. Я лічу інтэрнэт вялікім полем дзейнасці для даследаванняў медыкаў, псіхолагаў, педагогаў, філосафаў і іншых вучоных.

Генадзь Пальчык нагадаў пра сур'ёзную дзяржаўную падтрымку таленавітых маладых вучоных у выглядзе штогадовага прызначэння на конкурснай аснове 100 прэзідэнцкіх стыпендый. Акрамя істотнай фінансавай падтрымкі стыпендыяты атрымліваюць таксама і права на льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля. Многія гэтай магчымасцю карыстаюцца.

— Таму я заклікаю вас рыхтаваць вынікі сваёй навуковай дзейнасці ў якасці кваліфікацыйнай працы, перамагаць на конкурсе, будаваць сабе жыллё і выпраўляць дэмаграфічную сітуацыю, — дадаў ён.

У ходзе пасяджэння былі прадстаўлены прыклады паспяховых распрацовак маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук, якія знаходзяцца на этапе ўкаранення ці ўжо ўкаранёныя ў вытворчасць на доследна-прамысловых участках, у тым ліку ў выніку рэалізацыі міжнародных праектаў у галіне біялогіі, электронных і транспартных тэхналогій, забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Маладыя навукоўцы прадставілі свае праекты ў сферы біятэхналогій, ІT-тэхналогій, нанатэхналогій, фізікі і робататэхнікі.

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.