Вы тут

У Мінску прайшоў 10-кiламетровы прабег «Бацькi i дзецi»


Мiжнародны дзень бацькi адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня ў 52 краiнах свету. Беларускiм татам таксама нагадалi пра iх статус падчас розных мерапрыемстваў, што прайшлi ў Мiнску. Самыя вынослiвыя i заўзятыя апынулiся на старце 10-кiламетровага прабегу «Бацькi i дзецi». Яго арганiзатары — першая iнклюзiўная спартыўная каманда ў Беларусi «Крылы анёлаў» (удзельнiкi якой — дзецi з абмежаванымi магчымасцямi (анёлы) i здаровыя дарослыя — крылы каманды) i «Беларуская асацыяцыя дапамогi дзецям-iнвалiдам i маладым iнвалiдам.


Пачатак 10-кіламетровай дыстанцыі.

— Гэта будзе цяжэй, чым адцiснуцца 100 разоў за хвiлiну, бо бегчы прыйдзецца павольна, — папярэдзiў перад стартам спартсменаў Дзмiтрый ЦIМАШКОЎ, заснавальнiк i дырэктар «Крылаў анёлаў». Сам ён таксама адолеў самую доўгую дыстанцыю разам з дачкой Лiляй, якая, як i iншыя дзецi, што не могуць бегчы самастойна, усю адлегласць «прабегла» на спецыяльнай спартыўнай калясцы, якую рухаў бацька.

На самым першым 10-кiламетровым старце (пачатак веласцежкi недалёка ад першай кальцавой дарогi ў раёне аквапарка «Лебядзiны") збiраюцца самыя стойкiя ўдзельнiкi. Змiцер з сябрам, напрыклад, пачнуць тут, а на 2-кiламетровай дыстанцыi да iх далучацца сын Змiцера Максiм i дзецi сяброў: Фiля, Сяргей i Ягор. Усе хлопцы займаюцца спортам, так што адолець два кiламетры для iх не праблема. Мiлена i Лексiя — сёстры, якiя таксама нацэлiлiся на 10 кiламетраў. Падрыхтоўчая база ў дзяўчат маецца — яны ўдзельнiцы спартыўнага руху Follow Minsk.

Яшчэ два дадатковыя старты для далучэння да прабегу арганiзатары запланавалi каля гатэля «Марыёт» (5 км да фiнiшу) i каля цэнтральнага ўваходу ў парк Перамогi (700 метраў да фiнiшу), так што выбраць адрэзак па сiлах мог кожны.

Збiралiся бегуны i цэлымi сем'ямi, падбiраючы дыстанцыю пад узрост. Каманда «Васiлькi», напрыклад, бегла толькi апошнiя 700 метраў. Сям'я Васiльевых — гэта тата Андрэй, мама Таня, дзецi Андрэй, Насця i Арына. Апошняй, дарэчы, 4,5 месяца, так што фiнiшавала яна на руках у таты.

Цімафей, першы фінішор забега “Бацькі і дзеці”.

Сямейства Васільевых.

Дзмітрый Мільчакоў, варатар “Дынама” (Мінск) з дачкой Алісай бег 2-кіламетровую дыстанцыю.

Фiнiшную стужку нечакана, задоўга да з'яўлення асноўнай масы ўдзельнiкаў, парваў хлопчык Цiмафей, якi далучыўся да бегуноў на дыстанцыi ў 2 км. «Пакуль iншыя беглi ў звычайным тэмпе, я паскорыўся, вырваўся наперад i хутка быў перад дарослымi», — кажа ён, вышукваючы вачыма тату Яўгена, якi адолеў 10 кiламетраў.

Кожны, хто дасягнуў фiнiшу, атрымаў сiмвалiчны медаль за ўдзел у прабегу. Камандам-сем'ям дасталiся яшчэ i ўзнагароды ў намiнацыях «Сямейная эстафета» i «Мой тата самы моцны». Самымi «медалёвымi» сталi сем'i Студневых, Вiрскiх i Трыкозаў.

На фінішы ўдзельнікаў чакалі групы падтрымкі і медалі.

Агульны здымак пасля фініша.

Узнагароджанне каманд-удзельніц і дзяльба тортаў.

— Усе ў жыццi бяруць аднолькавы старт, толькi фiнiш ва ўсiх розны. А ў сённяшнiм мерапрыемстве мы зрабiлi наадварот: удзельнiкi стартавалi з розных участкаў, а дабеглi ўсе разам, — рэзюмаваў Дзмiтрый Цiмашкоў пасля ўзнагароджання i перад вынасам тортаў.

sidаrоk@zviаzdа.bу

Загаловак у газеце: 10 кiламетраў разам!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.