Вы тут

Месцы сiлы Ядвiгiна Ш. i Янкi Купалы


Якi лёс напаткаў iх радавыя сядзiбы?

У якіх месцах лепш пісалася беларускім літаратурным класікам? Наколькі шчыльна яны былі звязаныя з зямлёй, на якой раслі, і што значыла для іх радзіма? Карэспандэнты «Звязды» звярнулiся да старшынi Беларускай асацыяцыi экскурсаводаў i гiдаў-перакладчыкаў Мiколы Чырскага, каб разам убачыць літаратурную Беларусь. Ён прапанаваў нам найперш праехаць па Лагойшчыне i ўбачыць мясцiны, звязаныя з жыццём i творчасцю знакавых беларускiх лiтаратараў Ядвiгiна Ш. i Янкi Купалы. Аднак ці атрымаецца цэльная літаратурная вандроўка?


Вязынку, радзiму Янкi Купалы, натуральна, па некалькi разоў наведаў кожны сумленны школьнiк з суседняга Маладзечна. Бо мясцiны там вельмi маляўнiчыя i электрычка побач спыняецца, што зручна. Два гады таму ў пасёлку Ждановiчы пад Мiнскам запрацаваў музей-дача Васiля Быкава, што не можа не радаваць прыхiльнiкаў яго творчасцi. «Звязда» актыўна падтрымлiвае праект па адкрыццi музея Алеся Адамовiча ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна. Аднак гэта хутчэй кавалкi пазла лiтаратурнай Беларусi, якiя пакуль што не складаюцца ў адно цэлае. Цi iснуюць у нас распрацаваныя маршруты па месцах жыцця i дзейнасцi лiтаратараў?

Прывiтанне ад дуба-дзядулi. Карпiлаўка

Ядвiгiна Ш. некаторыя даследчыкi называюць пачынальнiкам беларускай прозы. Iншыя лiчаць, што не ўсё так адназначна, але ў цэлым пагаджаюцца. Вёска Карпiлаўка Лагойскага раёна – месца, дзе калiсьцi была радавая сядзiба пiсьменнiка.

Антон Iванавiч Лявiцкi (Ядвiгiн Ш.) жыў ва ўласным доме ў Карпiлаўцы з 1896 года да 1921 года (пасля ён вымушаны быў перасялiцца ў Вiльню).

Калiсьцi на ўчастку было шмат валуноў. Пiсьменнiк разам са сваiм сынам узвальваў камянi на «калымажку» i вывозiў iх на лiпавую алею. Яны i сёння складным радком ляжаць ля былой сядзiбы. Валуны пакрывае тоўсты слой моху — быццам сiмвалiзуе наслаеннi часоў, што мiнулi з даўняй пары.

Яшчэ адзiн прыгажун гэтых месцаў — вялiзны векавы дуб. Менавiта пра яго Ядвiгiн Ш. пiсаў у сваiм апавяданнi «Дуб-дзядуля». Дрэва i сёння велiчна ўзвышаецца над наваколлем. Праўда, у iм з'явiлася выпаленае дупло — мясцовыя пастухi зрабiлi яго, каб хавацца ў вялiзнай адтулiне падчас дажджу. Аднак дрэва трымаецца, i сёння зелянее кожным лiсточкам.

Адразу перад уваходам на тэрыторыю сядзiбы знаходзiцца не пашкоджаны дот часоў Першай сусветнай вайны. У 90-я гады мiнулага стагоддзя была прапанова стварыць у iм музейную экспазiцыю, прысвечаную паэтам i пiсьменнiкам, якiя загiнулi ў час вайны. Аднак фiнансавання ў той час не знайшлi, таму iдэя так i засталася нерэалiзаванай. Дот стаiць i сёння: невялiкi музейчык у iм сапраўды выглядаў бы арыгiнальна.

Ад сядзiбнага дома не засталося нiчога, нават падмуркаў. Калi прайсцi крыху далей, можна ўбачыць прыгожую крынiцу. Аднак тэрыторыя вакол яе не добраўпарадкавана — дабрацца будзе досыць складана.

Наведаўшы гэтае месца, з аднаго боку, радуешся, што ўбачыў прыгожыя валуны, раскладзеныя рукамi пiсьменнiка, i «жывога» дуба-дзядулю. Але з другога, задумваешся, чаму забыццё напаткала родны дом пачынальнiка беларускай прозы?..

Мiкола Чырскi расказаў, што ў Карпiлаўцы пiсьменнiк пражыў досыць iстотную частку свайго жыцця:

— Ядвiгiн Ш. значыць для беларускай лiтаратуры тое ж, што Чэхаў для — рускай. Нарадзiўся наш творца на Магiлёўшчыне, потым бацькi пераехалi на Мiншчыну, у Карпiлаўку, пiсьменнiк апынуўся тут у дзесяцiгадовым узросце. Ён пайшоў вучыцца ў Люцынку — пачатковую школу, арганiзаваную Камiлай, дачкой Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча. Пазней вучыўся ў Мiнскай гiмназii, затым у Маскоўскiм медыцынскiм унiверсiтэце. Але за ўдзел у хваляваннях студэнтаў быў схоплены i пасаджаны ў Бутырскую турму. Яго выключылi з унiверсiтэта, медыцынскую адукацыю атрымаць так i не ўдалося. Лявiцкi вярнуўся на радзiму бацькоў у Карпiлаўку, уладкаваўся працаваць правiзарам у аптэку ў Радашковiчах.

У госцi да творцы любiў завiтваць Янка Купала. 5 чэрвеня 1912 года менавiта тут пясняр упершыню прачытаў сваю п'есу «Паўлiнка». Таксама тут бывалi Максiм Багдановiч, Андрэй Александровiч i Язэп Лёсiк, якi быў зяцем Ядвiгiна Ш.

Калыска пасярод жытнёвага поля. Акопы

Лiтаральна ў кiламетры ад Карпiлаўкi (калi iсцi напрасткi ледзь прыкметнай сцежкай, што вядзе праз бярозавы гай) знаходзяцца Акопы — маляўнiчае месца, якое называюць лiтаратурнай калыскай Янкi Купалы.

У 1909 годзе мацi песняра Бянiгна Iванаўна Луцэвiч узяла ў арэнду хутар у Акопах. Апрацоўваючы гэту зямлю, палову свайго прыбытку яна павiнна была аддаваць гаспадынi, панi Жалiгоўскай. Разам з сёстрамi Янкi Купалы яны пражылi тут да 1929 года, а сам паэт праводзiў у iх летнiя вакацыi.

Янка Купала ўпершыню прыехаў у Акопы ў 1912 годзе. Разам з Антонам Грыневiчам ён накiроўваўся ў вёску Жукаўка, каб на кiрмашы паслухаць народныя казкi, песнi, паданнi. I, натуральна, заехаў у дом мацi. Падмуркi гэтай хаты (iх закладвалi яшчэ Жалiгоўскiя) захавалiся i да сёння.

Сядзiбу быццам трайнымi зубцамi акружае лес. Купала любiў выйсцi на ганак i глядзець на сiлуэты дрэў у далечынi. На падворку калiсьцi стаялi пуня, калодзеж i лазня, ад якой можна было спусцiцца да яра, дзе быў невялiкi ставок.

Янка Купала пiсаў свае творы, прымасцiўшыся на вялiзным валуне, якi размяшчаўся непадалёк, пасярод жытнёвага поля. Валун i сёння, як калыска творчасцi песняра, стаiць пасярод поля i слухае калыханкi каласоў i зорак.

Паэт проста не мог не пiсаць на такой маляўнiчай зямлi. Як сцвярджаюць лiтаратуразнаўцы, у Акопах iм было створана каля 50 вершаў, былi распачатыя многiя драматычныя творы.

Чаму ж сям'я Луцэвiчаў пакiнула такое месца? Пра гэты факт бiяграфii песняра раней не прынята было казаць. У 1929-м, калi праводзiлася калектывiзацыя i людзей прымусова высялялi з хутароў, сумны лёс не мiнуў i сям'ю народнага паэта. Бянiгна Iванаўна Луцэвiч не адрэагавала на новую пастанову. Таму праз пэўны час да iх прыйшлi прадстаўнiкi адпаведных органаў, прымусiлi пакiнуць дом i разам з дочкамi пасадзiлi ў цягнiк, што iшоў у кiрунку Сiбiры. Толькi дзякуючы ўплыву Янкi Купалы ўдалося зняць iх з цягнiка ў Барысаве. Сядзiба ў Акопах засталася разбуранай, далучылася да лiку раскiданых гнёздаў, якiх на Беларусi было вельмi шмат...

У лiтаратуразнаўчых працах савецкага часу пра Акопы старалiся не згадваць. А творы, напiсаныя тут, залiчвалi да пецярбургскага перыяду жыцця Купалы. Казалi, што менавiта там было створана ўсё самае значнае. Аднак насамрэч на Лагойшчыне, прыязджаючы сюды на летнiя вакацыi, паэт стварыў паэмы «Курган», «Бандароўна», «Яна i Я» i многае iншае.

Калi ажываюць героi. Харужанцы

У суседняй вёсцы Харужанцы жыла сястра Купалы. I ён часам прыязджаў да яе ў госцi. Два разы на год тут праходзiлi кiрмашы — веснавы i восеньскi. Янка Купала завiтваў на iх, гутарыў з людзьмi.

У 1992 годзе спецыяльная камiсiя вырашала, дзе стварыць музей народнага песняра. Палiчылi, што пасярод поля, у Акопах, дзе няма нi дарог, нi электрычнасцi, рабiць музей не вельмi зручна. Таму для гэтай задумы выбралi суседнюю вёску Харужанцы, дзе жыла сястра Купалы. Там i абсталявалi сядзiбу. Для музея ўзвялi дом – тыповую пабудову канца XIX стагоддзя.

Ля ўваходу стаiць вялiзны камень, прывезены з лагойскiх палёў. На iм можна прачытаць:

К табе, о Божа,

I я ў дзень гэты просьбу шлю:

Хай Беларусь, мая старонка,

Ўваскрэсне к вольнаму жыццю.

Музей быў адкрыты ў 1992 годзе, да 110-годдзя з дня нараджэння паэта. Тады ж тут быў усталяваны помнiк песняру.

Варта адзначыць, што экспазiцыя музея сапраўды ўражвае. Усе перыяды жыцця паэта прадстаўлены дасканала, можна ўбачыць шмат яго фотаздымкаў — ад дзiцячых да сталых. На нас пазiраюць i героi Купалавых п'ес — артысты тэатра iмя Янкi Купалы розных часоў. Ёсць тут i здымак Паўлiны Мядзёлкi. Можна даведацца пра няпросты лёс твораў песняра.

Аднак цi наведваюць турысты гэты адметны музей?.. Яго загадчык Валянцiн Жарко адзначае, што госцi здараюцца тут зусiм не часта...

***

Беларускую лiтаратурную вандроўку карэспандэнтам «Звязды» здзейснiць удалося. I гэта толькi адзiн з многiх магчымых маршрутаў. Але сюды не паедзе «масавы» турыст. Завiтаюць хiба што энтузiясты, аматары лiтаратуры.

Выпраўляючыся ў такое падарожжа, трэба быць гатовым i да захаплення, i да смутку. Захаплення маляўнiчымi краявiдамi, памятнымi, невядомымi раней месцамi. Смутку з-за забыцця, якое праглядвае навокал...

Чаму ж Ядвiгiн Ш.?.. Ёсць дзве версii тлумачэння такога псеўданiма, i адна з iх не пярэчыць iншай. Як успамiнала дачка Антона Лявiцкага Ванда, у пiсьменнiка была любiмая дзяўчына, якую звалi Ядвiга. I калi ён напiсаў першае апавяданне i даслаў яго ў «Нашу нiву», то падпiсаў яго «Ядвiгiн» i побач паставiў лiтару «Ш».

Згодна з другой версiяй, калi ён прыходзiў у Люцынку, да Дунiна-Марцiнкевiча, то часта трапляў туды досыць позна, бо сядзiба знаходзiлася на iстотнай адлегласцi. Аднойчы, калi пiсьменнiк прыйшоў i ўжо ў поцемках прабiраўся да ложка, нечакана ўзяўся за нагу дзяўчыны. Яна ўсклiкнула: «Хто тут?!» Ён адгукнуўся: «Ядвiга, ша! Гэта я». I пасля менавiта так пачаў падпiсваць свае творы.

Згадваюць, яшчэ ў савецкiя часы дыктарка тэлебачання, расказваючы пра пiсьменнiка, назвала яго Ядвiгiным Трэцiм. Атрымалася такая каламбурная памылка.

На падворку ў Акопах у 1992 годзе быў устаноўлены камень, на якiм размясцiлi шыльду з радкамi Янкi Купалы, якiя апяваюць навакольную прыроду:

Песняй вясны лебядзiнаю,

Скiнуўшы зiмнiя чары,

Шэпчуцца явар з калiнаю

Ў сумнай далiне над ярам.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Лагойскi раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.