Вы тут

Дзеля ўзаемнага знаёмства


Гартаю даўнюю кнігу Анатоля Вярцінскага “Высокае неба ідэала” (Мінск, 1980 год), у якой паэт сабраў літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, творчыя партрэты, напісаныя ў самыя розныя гады. Звяртаю ўвагу на артыкул “Народаў братніх дружны хор...” У падзагалоўку: “Аб інтэрнацыянальных сувязях беларускай савецкай літаратуры”. Першая публікацыя яго адносіцца да 1977 года – дзясяты нумар часопіса “Полымя”. Назву артыкулу даў радок з верша Янкі Купалы “Прывет вам...”


Прывет вам, вольныя паэты,

Прывет вам ад душы ўсяе!

Хай вашы песні з лета ў лета

Зямля савецкая пяе!..

 

Прывет вам, вольныя паэты,

Народаў братніх дружны хор!

Хая прамяняе агняцветам

Радзімы нашае прастор!

Верш народнага песняра Беларусі з’явіўся ў друку 10 лютага 1936 года. У гэты дзень у Мінску пачаў сваю работу пленум Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны паэзіі. Гэта быў яшчэ толькі трэці па ліку пленум творчай арганізацыі. Якуб Колас вось як ахарактарызаваў тую падзею ў тым самым 1936-м: “Вельмі радуе той факт, што наш пленум з’яўляецца яркай дэманстрацыяй дружбы і ўзаемнага разумення братніх літаратур народаў Савецкага Саюза. Радасна было бачыць і чуць, калі рускія пісьменнікі, выступаючы на гэтай трыбуне, гаварылі пра літаратараў Арменіі, Башкірыі, Грузіі, Украіны, Беларусі, даволі шырока і поўна арыентуючыся ў пытаннях гэтых літаратур”. І яшчэ – цытата ад Коласа: “... які вялікі крок наперад у руху нашай агульнай дружбы, узаемнага знаёмства і асабістай дружбы”.

Чытаючы артыкул Анатоля Вярцінскага даўняга часу, я думаю пра тое, колькі многа ў цэлым ім зроблена па развіццю стасункаў беларускай нацыянальнай літаратуры з усім светам. І ў прыватнасці, шмат зроблена па развіццю беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў. Не прыгадаць гэта сёння, калі мост беларуска-кітайскай літаратурнай дружбы становіцца ўсё шырэйшым і шырэйшым, проста нельга. Тым болей, што сёлетні – 2016 – год з’яўляецца юбілейным для Анатоля Ільіча: паэту, публіцысту, перакладчыку, драматургу спаўняецца 18 лістапада 85 гадоў. Пятнаццаць гадоў назад паэт Сяргей Панізнік пісаў пра Вярцінскага:

Любіў прывабна і ў зіму

Ён з Юрмалай вітацца.

Латыш – Вярцінскі! І таму

Не аддамо кітайцам.

 

На чарнаморскую карму

Ўзбіраўся за загарам.

Братушкам стаў ён... І таму

Не аддамо балгарам.

 

Амерыканскую гурму

Глушыў сірэнай творца.

Крывіч – Вярцінскі! І таму

Не адддамо ньюйоркцам.

 

Збіраў інжыр, хваліў хурму,

Пад паранджою танцы,

Юр персіянкі... І таму

Не аддамо іранцам.

 

Ён ваяўнічую сурму

Ўздымае там, дзе звяга.

Ваяр – Вярцінскі! І таму

Не аддамо яцвягам.

 

 З Парыжа ў Рым, на Калыму

Лятае, як цунамі.

Паэт – Вярцінскі! І таму

Заўжды з усімі намі.

Яшчэ на пачатку новага тысячагоддзя, калі Вярцінскаму было семдзесят, Анатоль Ільіч якраз і ўзначальваў таварыства дружбы “Беларусь – Кітай”. Адам Мальдзіс пісаў у “Кантактах і дыялогах”: “... Абставіны склаліся так, што гэтая далёкая краіна даўно, трывала і, відаць, назаўсёды ўвайшла і ў паэзію, і ў грамадзянскую свядомасць Анатоля...” Кітай Анатоль Вярцінскі наведаў яшчэ ў 1988 годзе. У складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў. У Пекіне сустрэўся з Гао Манам. На свае вочы ўбачыў выданне аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава “У тумане” на кітайскай мове. Па выніках паездкі Анатоль Ільіч напісаў дарожны нарыс “Перабудова наша і ваша..: З кітайскага блакнота”. У матэрыяле пісьменнік прывёў цікавы факт – пра тое, што крыху раней у час сесіі Генеральнай Асамблеі ААН ён сустракаўся ў Ньюйорку з кітайскімі дэлегатамі, вёў з імі розныя размовы. І ўключыў пра гэтыя сустрэчы раздзел у кнігу Нью-Йоркская сірэна”. Але раздзел гэты да чытача ў аўтарскай рэдакцыі не дайшоў – быў “парэзаны” цэнзурай.

Ужо ў Беларусі Анатоль Вярцінскі сустракаўся з кітайскімі пісьменнікамі У Цянем, У Тайчанам, Лі Шыфэем. З імі наведаў Вязынку і Хатынь. Пра гэта пісала газета “Літаратура і мастацтва” 23 верасня 1988 года ў рэпартажы “Нінь хао!” – “Добры дзень!”. Анатоль Вярцінскі – перакладчык на беларускую мову паэмы Лі Шыфэя “Хатынь”. Безумоўна, усе гэтыя факты – сведчанне асаблівай цікавасці да кітайскай культуры, кітайскай літаратуры.

... Ізноў вяртаюся да кнігі “Высокае неба ідэала”. Яна пераконвае, што з даўняй пары Анатоль Вярцінскі з’яўляецца амбасадарам многіх культур у Беларусі. Адпаведна і беларскую культуру, беларускую літаратуру прасоўвае ў далёкі і блізкі свет.

Вераніка Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.