Вы тут

Раім схадзіць


Купальская ноч у музеі Янкі Купалы, квэст у Нясвіжскім палацы, п'есы Шэкспіра ў кіно і выстава на Камсамольскім возеры – афіша «Звязды» з 20 па 26 чэрвеня.


Купальская ноч у Купалавым доме

Фота: mogfil.by

Дзе: Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы (вул. Я. Купалы, 4)

Калі: 21 чэрвеня, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ўсіх на Купальскую ноч, якая адбудзецца напярэдадні дня нараджэння песняра. 

Адкрыецца свята інтэрактыўнай гульнёй-віктарынай «У пошуках папараць-кветкі». Каманды з дапамогай даведніка будуць шукаць музейныя прадметы ў сучасных экспазіцыйных залах.

У парку імя Янкі Купалы ля ганку музея разгорнецца «Купальская містэрыя» ў выкананні гурта «Талака».

Удзельнікаў свята чакаюць майстар-класы па пляценні купальскіх вянкоў і старадаўніх песнях і танцах.


Квэст «Таямніцы Нясвіжскага палаца»

Фота: belarus.tio.by

Дзе: г. Нясвіж, вул. Ленінская, 19

Калі: 22 чэрвеня, 16:00

Колькі каштуе: 285 000 руб.

Квэст «Таямніцы і загадкі Палаца Радзівілаў» – гэта ўнікальная магчымасць самастойна пабываць у закрытых для турыстаў месцах комплексу і пазнаёміцца з гісторыяй палаца і княскага роду ў гульнявой тэатралізаванай форме.

У пачатку гульні ўдзельнікаў чакае сустрэча з князем Антоніем Вільгельмам. Ваша задача – дапамагчы князю вырашыць задачы і знайсці адказы на пытанні, прайсці на новыя ўзроўні гульні, разгадаць таямніцы і загадкі.

Квэст прадугледжвае ўдзел асобных каманд з колькасцю гульцоў ад 1 да 7 чалавек. Гульня разлічана на адначасовы ўдзел ад 20 да 80 чалавек.

Продаж квіткоў на мерапрыемства спыняецца ў 15:30.


Theatre HD: Shakespeare Live!

Дзе: кінатэатр «Цэнтральны»

Калі: 22 чэрвеня, 20:30

Колькі каштуе: ад 140 000 руб.

Дзякуючы праекту Theatre HD пастаноўкі лепшых заходніх тэатраў можна ўбачыць у любой кропке свету. Усё, што для гэтага трэба, – квіток у кіно.

Адзіны ў сваім родзе канцэрт-прысвячэнне прымеркаваны да 400-й гадавіны з дня смерці Уільяма Шэкспіра. У пастаноўцы прадстаўлены ўрыўкі з п'ес паэта і драматурга.

Зорны склад: Бенедыкт Камбербэтч, Джудзі Дэнч, Хэлен Мірэн, Ен Маккэлен, Дэвід Сушэ, Дэвід Тэнант, Кэтрын Тэйт, Роджэр Алам, Сайман Расэл Біл, Джозэф Файнс, Эн-Мэры Даф, Джон Літгоу, Энтані Шэр і іншыя.

Паказ у запісе, на англійскай мове з рускімі субтытрамі. Працягласць – 2 гадзіны 30 хвілін.


Фестываль «Купальскае Кола»

Фота: project44966.tilda.ws

Дзе: Камарова-village (в. Ураджайная)

Калі: 25 чэрвеня, 14:00-06:00; 26 чэрвеня, 12:00-24:00

Колькі каштуе: ад 170 000 руб., дзеці да 5 гадоў – бясплатна

У гэтыя выхадныя адбудзецца восьмы міжнародны музычны фэст «Купальскае Кола-2016», у рамках якога гасцей і ўдзельнікаў будзе чакаць маса забаў, рэканструкцыя святкавання Купалля, а таксама маштабная канцэртная праграма.

У фестывалі прымуць удзел больш за 20 калектываў, сярод якіх: Стары Ольса, Znich, Gods Tower, Omut, Trollwald, Гарынь, Рутвіца (Беларусь), Тролль гнет ель (Расія), Трынаццаты Бубен, Nokturnal Mortum (Украіна) і іншыя.


Эка-маркет «Пастарнак»

Фота: news.chatoff.by

Дзе: парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (пр-т Незалежнасці, 84/1)

Калі: 25-26 чэрвеня, 10:00

Колькі каштуе: бясплатна

25-26 чэрвеня ў Мінску пройдзе чарговы эка-маркет «Пастарнак», прысвечаны экалогіі і здароваму ладу жыцця.

Кожны з удзельнікаў зможа расслабіцца ў цені дрэў, пацягваючы натуральны смузі пад лёгкую музыку, паспрабаваць нешта смачнае і карыснае, пагуляць у цікавыя гульні ўсёй сям'ёй, паспрабаваць арганічную і вегетарыянскую прадукцыю, пракансультавацца ў спецыялістаў па здароўі і прыгажосці, паўдзельнічаць у экалагічных акцыях і карысных майстар-класах.


Джазавыя суботы каля ратушы

Фота: news.chatoff.by

Дзе: Мінская гарадская ратуша

Калі: 25 чэрвеня, 20:00

Колькі каштуе: бясплатна

Гэтая субота – апошняя магчымасць у чэрвені паслухаць джаз пад адкрытым небам.

Для вас выступяць вакалістка з Румыніі Elena Mindru, джазавы аркестр Veneto з Італіі і Anatoly Taran trio з Беларусі.


Выстава «АРТ-выспы»

Фота: marketing.by

Дзе: Камсамольскае возера (пр-т Пераможцаў)

Калі: па 31 жніўня

Колькі каштуе: бясплатна

«АРТ-выспы» стануць самай маштабнай у Беларусі выставай інсталяцый пад адкрытым небам: у цэнтры Мінска ўсталююць 15 гіганцкіх арт-аб'ектаў.

Шматметровыя прасторавыя аб'екты распрацаваны вядомымі мастакамі, якія збяруць іх на месцы з розных матэрыялаў – ад дрэва да пластыка і металу. Некаторыя інсталяцыі будуць дасягаць у вышыню пяць і больш метраў.

Кожная работа мае філасофскі падтэкст. Яна прымушае задумацца пра сэнс жыцця і месца чалавека на планеце. 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.