Вы тут

Каб вяселле вясёла кацiлася


Як зрабіць традыцыйнае беларускае вяселле?

Універсальнай інструкцыі, як зладзіць вяселле адмыслова вясёлым, пакуль не вынайдзена. Але калі ведаць і выконваць народныя традыцыі, звычаі і абрады, то будзе, безумоўна, цікава і маладзё- нам, і ўсім гасцям. Акрамя таго, гэта будзе важным для будучага шчаслівага сямейнага жыцця. У гэтым упэўненыя аўтары кнігі «Беларускае вяселле. Таямнічыя ключы сямейнага шчасця» Аксана Катовіч і Янка Крук.

 

Шлюбныя строі

Белую шлюбную сукенку з вэлюмам можа апранаць толькі нявінная нявеста. У адваротным вы- падку дзяўчына падбірае сабе сукенку іншага колеру: шампань, бежавая, ружовая і г.д. Калі нявеста цяжарная, у яе строі павінен дамінаваць чырвоны колер – па народных уяўленнях, ён з’яўляецца надзейным абярэгам ад сурокаў. Па гэтай жа прычыне сукенку чырвонага колеру нявеста апранае на другі дзень вяселля, бо пасля першай шлюбнай ночы яна магла стаць носьбітам новага жыцця. Убранне напракат лепш не браць: невядома, які энергетычны зарад пакінула на ім папярэдняя нявеста. Шчасце ўзяць напракат немагчыма, а вось чужыя беды і няшчасці – колькі заўгодна. Галаўны ўбор – адзін з галоўных абярэгаў нявесты. Вэлюм захінае вочы, абараняе ад «цяжкога погляду». Як раней казалі: «Cоль табе ў вочы, хто дабра мне не хоча». Яшчэ вэлюм – сямейна-родавы абярэг. Лічыцца, што ім можна вылечыць многія дзіцячыя захворванні, асабліва тыя, якія выкліканы сурокамі. Дастаткова на 15–20 хвілін прыкрыць вэлюмам дзіця, якое ўжо не адну ноч мучыцца бясоннем, і яно хутка засне спакойным сном.

Сцэнар збора

Прыбіраюць нявесту звычайна ў доме суседзяў, але галоўнае, каб там жыла дружная і шчаслівая сям’я. Нельга ладзіць зборы ў дамах, дзе жыве ўдава, разведзеныя або бяздзетныя пары. Пасля выкупу нявеста пераходзіць у сваю хату і там прымае блаславенне. Бацькі жаніха і нявесты тройчы абыходзяць вясельны картэж. Бацька ідзе з абразом у руках, маці абсыпае машыны зернем. Такім чынам, “замыкаецца” сімвалічнае кола вакол маладзёнаў, і далей па шляху яно не павінна быць разарваным. Па гэтай жа прычыне бацькі не прысутнічаюць у загсе ці ў храме падчас шлюбу, інакш яны “разарвуць” сімвалічную засцярогу, якую толькі што ўзвялі. Бацькі павінны сустракаць маладых на парозе хаты з караваем і медавухай. Напой можна толькі прыгубіць, а астатняе выліць праз плячо, каб усё дрэннае засталося ззаду. Абавязкова праз левое: лічыцца, што там сядзіць чорт, а на правым – анёл-ахоўнік.

Просім да стала

Да стала жаніх і нявеста падыходзяць па ходзе гадзіннікавай стрэлкі (па сонцы), а выходзіяць у зваротным кірунку. Сядзець муж і жонка павінны на адной лаўцы. Ніякіх разрываў у выглядзе асобных крэслаў. Каб у сям’і вадзіліся грошы і наогул дабро, маладых садзілі на кажух і казалі: «Хай будуць маладыя багаты, як кажух касматы”. Калі нявеста хоча захаваць каханне мужа на доўгія гады, не трэба кідаць свой букет незамужнім дзяўчатам. Выкарыстайце для гэтай забавы “запасны”. А свае кветкі трэба акуратна засушыць, тым самым назаўсёды “прычараваць” мужа да сябе і да вашай сямейнай хаты.

“Каравай – сямейны рай”

Каравай – самы важны атрыбут вяселля, сімвал шчасця, дабрабыту, багацця. Выпяканне каравая лічылася вельмі адказным этапам вяселля, людзі верылі, што тыя, каму даручаць выпякаць каравай (іх лёс, шчаслівая доля, колькасць дзяцей, павага з боку аднавяскоўцаў), абавязкова паўплываюць на лёс будучай сям’і. Таму і ставіліся з усёй адказнасцю да кожнай драбнічкі. Старшай каравайніцай часцей за ўсё была хросная маці, але пры ўмове, што на гэты момант яна не была ўдавой. Яна прыносіла з сабой самую лепшую муку, самае жоўтае масла і самыя буйныя яйкі. Цеста для каравая вымешвалі доўга і старанна. Тады ён атрымліваўся высокім, пышным, а значыць, такімі ж багатымі будуць у шлюбе і маладыя. Цікава, што рукі каравайніцы мачалі (каб не прыліпала цеста) не ў ваду, а ў гарэлку, якую затым вылівалі пад ногі коням перад ад’ездам маладых да вянца. Кожны крок каравайніц: падрыхтоўка дзяжы, замес цеста, пасадка каравая ў печ – суправаджаўся спецыяльным рытуальным дыялогам з бацькамі маладой, абрадавымі песнямі-загаворамі. Спечаны каравай загортвалі абавязкова ў новы чысты белы ручнік. Дзялілі каравай напрыканцы вяселля. Кожны госць «купляў» кавалачак свайго «шчасця» і нёс яго дадому, каб падзяліцца са сваімі роднымі.

Народныя традыцыі вяртаюць сёння вяселлю яго першапачатковы сэнс. Гэта не проста прыгожае суправаджэнне афіцыйнага афармлення адносін: старажытныя абрадавыя дзеянні нясуць у сабе глыбокі сакральны сэнс.

Хрысціна Хілько

Загаловак у газеце: Каб вяселле вясёла кацiлася

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.