Вы тут

Пра вайну — праз сямейныя рэліквіі


«1941 год. Пачатак» — так называецца выстаўка, якая адкрылася ў Дзяржаўным музеі ваеннай гісторыі Беларусі.

Выстава — толькі першы этап праекта «Мы перамаглі», прысвечанага ўдзелу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і разгроме фашызму. Неўзабаве наведвальнікі змогуць пабачыць экспазіцыі яшчэ дзвюх выставак — «Вызваленне Беларусі. Аперацыя «Баграціён» і «1945 год. Мы перамаглі».


— Асаблівасцю праекта з'яўляецца яго народны характар, — расказаў дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Сяргей АЗАРОНАК. — Мы наўмысна не выкарыстоўваем у экспазіцыі фондавыя калекцыі музея. Музейныя прадметы, экспанаты прыносяць да нас ветэраны, дзеці, унукі і праўнукі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам людзі становяцца не толькі наведвальнікамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі стварэння экспазіцыі.

Аляксандр Слабада, які ў першыя дні вайны абараняў Магілёў на Буйніцкім полі, перадаў музею самую каштоўную сваю рэліквію — пінжак з баявымі ўзнагародамі. Праўда, самую дарагую — зорку Героя Сацыялістычнай Працы — вырашыў зберагчы ў сябе. Так бы мовіць, для выхаду ў свет. І сёння на яго святочным пінжаку ззяе медаль «Серп і Молат», – як напамін аб самаадданай працы на карысць Айчыны.

А вось дачка Героя Савецкага Саюза, камісара партызанскай брыгады «Жалязняк» Сцяпана Манковіча Ніна Сычова-Манковіч вырашыла падзяліцца з музеем наручным гадзіннікам свайго бацькі, а таксама ўнікальнымі фотаздымкамі, зробленымі ў партызанскім атрадзе. Сярод экспанатаў — і асабістыя рэчы ўдзельніка Вялікай Айчыннай Сяргея Сардарава, аднаго з арганізатараў сучаснай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Асаблівую цікавасць выклікаюць фотаздымкі, зробленыя ў першыя месяцы вайны. Іх музею перадалі вядомыя калекцыянеры Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пяфціеў.

— Гэтыя фотаздымкі зроблены нямецкімі акупантамі, але ў тым ліку дзякуючы ім мы ведаем, якой была вайна, — падкрэсліў лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ. — Фотаздымкі першых дзён Вялікай Айчыннай вайны з'яўляюцца ўнікальнымі, бо іх у свеце захавалася мала. А зробленых савецкімі фотакарэспандэнтамі — увогуле адзінкі. На фотаздымках прадстаўлены многія беларускія гарады. Мы бачым, з якім выхваляннем прыйшлі да нас немцы. Напрыклад, на адным з фотаздымкаў адлюстраваны помнік Леніну, якому гітлераўцы паклалі ў руку вядро. Такіх фотаздымкаў, якія датуюцца 1944 годам, няма, бо фашыстам было не да гэтага. Такім чынам, дзякуючы фотаздымкам мы бачым, як развіваліся падзеі на фронце, як мяняліся настроі ваюючых бакоў.

Вядомаму філакартысту не раз даводзілася чуць, што Мінск у асноўным быў разбураны савецкімі войскамі ў 1944 годзе. І каб захаваць праўду аб вайне, Уладзімір Ліхадзедаў зноў звяртаецца да фотаздымкаў. «Вось здымак гасцініцы «Еўропа», якую быццам бы разбуралі савецкія салдаты, — паказвае фатаграфію калекцыянер. — Гэты здымак зроблены ў 1941 годзе. Дык як жа савецкія войскі маглі разбурыць Мінск? Гэта той прыклад, калі дзякуючы фотаздымкам захоўваецца праўда пра падзеі».

— Выставачны праект «Мы перамаглі» сёння, як ніколі, актуальны і важны, — лічыць памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Аляксандр ГУРА. — Важны асабліва для нашай моладзі, для тых, каму будаваць моцную і квітнеючую краіну. Важны ўсім тым, на чые плечы кладзецца адказнасць за нашу Радзіму, за мірную працу нашага народа пад мірным небам, за стабільную, адзіную, моцную Беларусь. І калі сучаснае пакаленне будзе дакранацца да гераізму іх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, будзе атаясамліваць сябе з іх подзвігам, гэтае пакаленне і наша краіна, наша Беларусь, — непераможныя.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».