Вы тут

Любіць Чалавека


Галоўны герой палотнаў Марты Шматавай – адзін з самых важных прадстаўнікоў прыроды на нашай планеце homo sapiens, і ён з упэўненасцю заяўляе: я мыслю, таму я існую

Ундзіна, 2016

Аднак у прызнанай сёння на Радзіме і далёка за яе межамі мастачкі, сябра Беларускага саюза мастакоў, у свой час быў выбар пры вырашэнні, як жа рэалізаваць у жыцці падораныя богам таленты: гадоў з чатырох яна, адчайная фантазёрка, ужо чытала, пісала напачатку вершы і казкі, потым нават раманы, якія, дарэчы, сама ж ілюстравала. Аддамо належнае яе бацьку, доктару мастацтвазнаўства і мастаку Віктару Шматаву, які прадаставіў свайму адзінаму дзіцяці свабоду ў прафесійным выбары. А калі пасля восьмага класа, ірвучыся на волю, дзяўчына выбрала ўсё ж мастацкую вучэльню, хутка падрыхтаваў яе да экзаменаў; дапамаглі і непрапушчаныя ўрокі ў мастацкай студыі.

Дарога. Траекторыя руху, 2015

Быў выбар і пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута: выкладчыцкая дзейнасць альбо ўдасканаленне ў мастацтве; і ў якім кірунку – графіка альбо жывапіс, бо яшчэ студэнткай малявала ілюстрацыі для літаратурнага часопіса “Маладосць”, вокладкі кніжак і паштовыя маркі. Прайшла і асістэнтуру-стажыроўку на кафедры акадэмічнага малюнка. “Але мяне хваляваў колер”, – успамінае мастачка, паказваючы свае яркія філасофскія работы, якія толькі што вярнуліся ў майстэрню з чарговай выставы. І Марта выбрала шлях вольнага мастака.

Пікнік, 2015

З пачатку 1990-х, калі мянялася краіна і ўсё наўкол, Марта, па яе ж словах, знаходзілася ў вечным пошуку сябе і свайго твару ў мастацтве. Быў сюррэалістычны перыяд у яе творчасці, сёння пануе сімвалізм. Яна лічыць сябе прыхільніцай філасофіі гуманістычнага экзістэнцыялізму. Чалавек як галоўная фігура яе карцін – увесь сусвет, правільней, два сусветы, фізічны і духоўны. Пошук гармоніі паміж гэтымі супярэчнымі сусветамі і ёсць сутнасць жыцця чалавека, ёсць сутнасць і яе творчасці. “Мы жывём на сваёй планеце, мы частка яе, – разважае Марта. – Але тэхнакратыя не зважае на патрэбы планеты, а інфармацыйнае грамадства не дае чалавеку захавацца ў духоўнасці. Таму пошук балансу вечны для чалавека”. Увасабляючы ў фарбах і праз сімвалы гэтыя свае думкі, мастачка не ўтойвае свайго глыбокага пераканання, што вобраз ідэалу жыве ў душы кожнага з нас. Пытаюся, як Марта адносіцца да таго, што некаторыя мастацтвазнаўцы называюць яе інсайт-мастачкай, мастачкай раптоўнага азарэння? Яна пагаджаецца, але толькі ў тым сэнсе, што раптоўнае бачанне кампазіцыі – гэта вынік доўгага разважання над тэмай. Такі яе творчы метад. А яшчэ яна запамінае ўражанні і імкнецца перадаць іх на сваіх палотнах. Людзі на гэтых палотнах нярэдка шукаюць выхад з лабірынту альбо ходзяць па крузе. Яны хочуць ведаць адказ на свае пытанні, зрабіць свой выбар і несці за яго адказнасць, бо ў гэтым сэнс развіцця. Яны павінны рухацца, мець мэту і шанц дайсці.

Лідзія ПЕРАСЫПКІНА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.