Вы тут

Трапіць у масць, ці Новае амплуа для каня


Прызнайцеся, хто з нас у маленстве не прыходзіў у захапленне, убачыўшы чарговага ката, сабаку ці іншую жыўнасць? Некаторыя потым звязваюць усё сваё жыццё з жывёламі. У прыклад можна прывесці 29-гадовага навуковага супрацоўніка лабараторыі конегадоўлі, зверагадоўлі і дробнай жывёлагадоўлі Навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук Ганну РУДАК. Дзяўчына з ранняга дзяцінства так любіла коней, што ў рэшце рэшт яны сталі для яе прафесіяй.


— У маленстве разам з сястрой (мы з ёй, дарэчы, двайняты) ездзілі ў Глыбоцкі раён да дзеда, у якога быў уласны конь, — расказвае Ганна. — Пэўна, там усё і пачалося. У выніку разам паступілі ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію: я на заатэхніка, а сястра — на ветурача. На чацвёртым курсе ў нас з'явіўся асобны прадмет па конегадоўлі, і я вырашыла, што гэты кірунак цікавіць мяне найбольш. Нават дыплом пісала па беларускім запражным кані — нашай адзінай нацыянальнай пародзе. Тады ж упершыню апынулася ў Жодзіне — прыехала на мясцовую ферму «Зарэчча», дзе разводзяць такіх коней. Менавіта навуковая дзейнасць прыносіла найбольшую асалоду — у мяне былі найлепшыя адзнакі на курсе, таму вырашыла далей рухацца менавіта ў гэтым кірунку.

У ветакадэміі Ганне выдалі накіраванне на вучобу ў магістратуру, а пасля яе заканчэння ў 2011-м яна паступіла ў аспірантуру НПЦ па жывёлагадоўлі Акадэміі навук.

— Галоўнае, чым я займаюся цяпер, — гэта падрыхтоўка дысертацыі, — кажа Ганна. — Тэма? Калі казаць простай мовай, вывучаю эфектыўнасць розных племянных падбораў для размнажэння, іх спалучальнасць. Папярэдняя праца была прысвечана атрыманню канкурэнтаздольных коней айчыннай селекцыі без удзелу імпарту. Рабіць гэта можна рознымі шляхамі, напрыклад, адбіраць тых жарабцоў, якія паказалі найлепшыя вынікі ў спорце, і кабыл, што даюць добрае патомства, а потым скрыжоўваць іх. Перад гэтым ацэньваецца генетычная спалучальнасць будучых пар, іх імуналагічная сумяшчальнасць.

Лічу, справа гэта вартая, бо калі набываць жывёлу тракенскай або гановерскай пароды з-за мяжы, яна будзе каштаваць 7-8 тысяч долараў, а выведзеная ў Беларусі — 3-4.

Па словах Ганны, айчынныя коні выкарыстоўваюцца пераважна ў сферы спорту і адпачынку. Даволі папулярнай апошнім часам становіцца іпатэрапія — лячэбная верхавая язда. Якраз для яе часта бяруць беларускіх запражных.

Па словах Ганны, наша нацыянальная парода мае аптымальны рост (да 160 сантыметраў, на такіх жывёл зручна саджаць дзяцей) і спакойны тэмперамент, што робіць яе ідэальнай для лячэбных працэдур.

— Праца па вывядзенні новых і ўдасканаленні старых парод займае вельмі працяглы час. Бо конь — аднаплодная жывёла, выношвае жарабя 11 месяцаў, — распавядае Ганна. — На беларускага запражнога пайшлі дзесяцігоддзі, парода была афіцыйна зацверджана і прызнана толькі ў 2000 годзе. Яе вывелі з мясцовых коней, паляпшаючы прывезенымі з-за мяжы пародамі. Але ў нас ёсць і сапраўдныя «абарыгены», напрыклад, палескі конь, што жыве на поўдні Беларусі са старажытных часоў («бацька» беларускага запражнога, продкам якога ў сваю чаргу быў славуты тарпан). Гэта невысокая парода (фактычна беларускі поні), якая выдатна прыстасавалася да жыцця ў балотных умовах. На жаль, сёння яна знаходзіцца ў заняпадзе, калі не сказаць больш — на мяжы вымірання. Нашы супрацоўнікі займаюцца ўратаваннем палескага каня.

Акрамя навуковай працы, Ганна часта прымае ўдзел у спаборніцтвах у якасці суддзі. Разам з іншымі ацэньвае самыя розныя характарыстыкі жывёл. Дзяўчына дэманструе нам некалькі фотаздымкаў, на якіх на кожнай частцы цела коней стаяць адзнакі ад аднаго да дзесяці. Як тлумачыць навукоўца, так ацэньваецца экстэр'ер (знешні выгляд) жывёлы. Галава павінна быць у пэўных прапорцыях да цела, круп — мець пэўную форму, ногі — адпавядаць сваім паказчыкам, і ўсё гэта для кожнай пароды сваё. Акрамя таго, коней ацэньваюць па правільнасці кроку, рысі і галопу, за гэта таксама выстаўляюць адзнакі.

— Мне прыкра, што конегадоўля ў нашай краіне цяпер развіваецца з цяжкасцямі, — уздыхае Ганна. — Вядома, гэтыя жывёлы амаль канчаткова страцілі сваю ролю ў сельскай гаспадарцы, бо ўсё робіцца машынамі, але гэта не значыць, што трэба зусім адмовіцца ад іх. Ёсць шэраг новых кірункаў — тая ж іпатэрапія, адпачынак, турызм... Мне здаецца, што ім не хапае рэкламы — не ўсе ведаюць, што можна прыйсці і пакатацца за адэкватныя грошы з карысцю для настрою і здароўя. Пэўныя зрухі ёсць, але ўвогуле сітуацыя складаная. Імгненнай выгады ад гэтага чакаць нельга, таму многія кіраўнікі гаспадарак імкнуцца як мага хутчэй пазбавіцца ад коней у мэтах эканоміі...

Няцяжка здагадацца, як Ганна праводзіць свой вольны час. Першая справа пасля заканчэння працоўнага дня — заехаць на згаданае вышэй «Зарэчча» і сустрэцца з любімымі выхаванцамі.

Дзяўчына даглядае дарослых коней і жарабят, займаецца выездкай і многім іншым. І толькі на выхадныя Ганна едзе на радзіму ў Полацк да сястры. «Двайнятам нельга надоўга расставацца», — кажа яна.

За выдатныя поспехі ў навуцы дзяўчына сёлета стала лаўрэаткай Прэзідэнцкай стыпендыі для таленавітых маладых вучоных. Акрамя статусу, такая ўзнагарода — гэта яшчэ і істотная фінансавая падтрымка. Стыпендыя па сваім памеры нават перавышае зусім невялікі заробак. З жыллём у спецыялісткі праблем не было — цэнтр выдзеліў ёй пакой у інтэрнаце блочнага тыпу, зусім блізка ад месца працы.

— Сярод планаў на будучыню ў першую чаргу, безумоўна, абарона дысертацыі, — кажа Ганна. — Са ступенню кандыдата і заробак будзе большым, і магчымасці. Сыходзіць нікуды не збіраюся, прынамсі пакуль. Магчыма, у будучыні захочацца паспрабаваць сябе ў Ратамцы: на конезаводзе ці па спартыўнай частцы. Мая мара — з'ездзіць у Германію і паглядзець на арганізацыю конегадоўлі там. Але працаваць, нягледзячы на ўсе праблемы, хачу ў Беларусі.

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Жодзіна — Мінск.

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».