Вы тут

Як зрабіць, каб вучань адчуваў сябе ў школе камфортна


«Кожны дзень прыносіць штосьці новае, так што карыстайся!», «Да мэты рухайся ўпарта, але з розумам! Удачы табе!», «Усмешка — гэта бясплатна!» , «Усміхайся часцей! Ва ўсмешцы — багацце чалавека», «Ветлівасць — каштоўны ключ, які адчыняе ўсе дзверы!» — такія аптымістычныя фразы аўтару артыкула давялося пабачыць на дзвярах класных пакояў у школе ў прыгарадзе Варшавы.


Школьны музей пачатковай школы № 97 у Пястове: за такімі партамі вучыліся сённяшнія настаўнікі.

Урокі без званкоў

— Мы спецыяльна шукаем і размяшчаем выказванні, якія прымушаюць дзяцей пры ўваходзе ў клас і ўсміхнуцца, і расслабіцца, і задумацца, — тлумачыць дырэктар пачатковай школы №97 у Пястове Уршула СКШЫПЧАК, якая ладзіць для беларускіх педагогаў экскурсію па навучальнай установе. — Нашу школу можна назваць сучаснай, але з багатай гісторыяй — два гады таму мы адзначалі яе стагадовы юбілей. У школьным музеі захоўваецца арыгінальны штандар, які школа атрымала ў 1933 годзе. Дзякуючы клопатам аднаго з супрацоўнікаў, ён шчасліва перажыў вайну і вярнуўся ў родныя сцены. Тут жа ў музеі можна ўбачыць і школьную парту (за такімі вучыліся сённяшнія настаўнікі), і апошнюю школьную форму, абавязковае нашэнне якой было адменена ў Польшчы ў 2007 годзе.

У 1997 годзе школа перабралася ў новы будынак: і ён, і прастора вакол, нават гульнявая пляцоўка, прыстасаваны пад патрэбы для дзяцей з абмежаванымі рухальнымі магчымасцямі.

Школу ў Пястове без перабольшання можна назваць асаблівай. З 2001 года тут дзейнічаюць інтэграваныя класы. І побач са звычайнымі вучацца і дзеці з асаблівымі патрэбамі: напрыклад, з аўтызмам і сіндромам Аспергера. У такіх класах абавязкова працуюць два педагогі: асноўны і дапаможны, які на працягу ўрока перамяшчаецца па класе і аказвае дапамогу ўсім навучэнцам, хто просіць аб гэтым. А можа і проста апекавацца адным, калі размова ідзе пра дзіця з аўтызмам. Пры гэтым, што немалаважна, заробак і ў першага, і ў другога педагога аднолькавы. Па законе напаўняльнасць інтэграванага класа не можа перавышаць 20 чалавек, а дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў такім калектыве можа быць да пяці. Для іх у школе прадугледжаны спецыяльныя пакоі: сэнсарнай тэрапіі, музычнай тэрапіі, дзе з імі працуюць псіхолагі і іншыя спецыялісты.

На перапынках дзеці сядзяць у калідорах на падлозе: хтосьці ўтыкаецца ў свой смартфон ці планшэт, хтосьці жуе бутэрброд ці проста размаўляе з сябрам...

У калідоры гучыць кароткі званок.

— Гэта сігнал для старшых класаў (пачатковая школа ў Польшчы — з 1-га па 6-ты класы. — Аўт.), а малодшыя вучацца ў нас без званкоў, — кажа дырэктар. — Настаўнік сам вызначае, калі дзецям патрабуецца перапынак. Магчымасць жыць без званкоў у пачатковых класах ёсць ва ўсіх школах, але не ўсе ёй карыстаюцца, бо настаўнікам прасцей жыць ва ўстаноўленых 45-хвілінных рамках. У нашай школе таксама на выхадныя дні дзецям прынцыпова не задаюць пісьмовых заданняў.

У маі ў школе традыцыйна праводзіцца Тыдзень талентаў. Удзел у ім бяруць і настаўнікі, і бацькі, і выпускнікі школы. Пастаянны ўдзельнік — 86-гадовы мастак, які кожны год дорыць сваёй школе па карціне. Спадарыня дырэктар прызналася, што і яна мае хобі — малюе па шкле, таму падчас школьнага Тыдня талентаў таксама выстаўляе свае работы.

"Алея зорак" — твой шанц застацца ў гісторыі школы.

Пачастуй і ўсміхніся

...Варшава, гімназія №7 з інтэграванымі класамі. Здагадацца, што ў калектыве ёсць асаблівае дзіця, можна толькі па прысутнасці на ўроку другога педагога.

У школьным калідоры ў вочы адразу кідаецца «алея зорак». Чытаем на іх: «Найлепшы марафонец», «Варшаўскі салавей», «Правая рука кіраўніка», «Майстар на ўсе рукі», «Прыроджаны шоумэн»...

— Такія ўзнагароды вучні атрымліваюць за розныя таленты і дасягненні, не звязаныя з вучобай, напрыклад за сваю актыўную валанцёрскую дзейнасць, музычны ці артыстычны талент, — уводзіць у курс справы намеснік дырэктара гімназіі Катажына МЕРСКА-ГРОМЕК. — Адзін з вучняў атрымаў зорку за тое, што часта заставаўся пасля ўрокаў і дапамагаў настаўніку прыбірацца ў класе. У Польшчы ёсць тэлевізійная перадача «Ідэальная гаспадыня», таму педагогі вырашылі абыграць гэтую назву і ўручылі зорку «Ідэальнаму гаспадару». Напрыканцы навучальнага года мы праводзім урачысты сход, дзе і абвяшчаем новых уладальнікаў уласнай зоркі. Іх не так і шмат. Гэта насамрэч павінны быць выдатныя дасягненні. Таму на сцяне вы бачыце і зоркі, якія належаць ужо нашым выпускнікам.

А тым часам позірк выхоплівае абвестку з намаляваным кубачкам кавы і надпісам «Прынясі, пачастуй, усміхніся». Высвятляецца, што ў гімназіі рыхтуюцца да святкавання міжнароднага дня шакаладу: на 15-хвілінным перапынку падлеткі будуць частаваць адзін аднаго цукеркамі і шакаладам. Такія тэматычныя дні ўжо паспелі стаць традыцыйнымі.

Увагу прыцягвае і вельмі ўтульнае памяшканне для групы падоўжанага дня. Прыйсці сюды можа любы вучань на перапынку ці пасля урокаў: адпачыць ці чымсьці заняцца. Дзейнічае адзіны прынцып — знаходзіцца ў гэтым пакоі – прывілея, а не абавязак. Таму галоўнае правіла — трэба прыстойна сябе паводзіць. Усе гімназісты карыстаюцца пластыкавымі ідэнтыфікатарамі, якімі яны могуць адчыніць дзверы, таму адміністрацыі вядома, хто сюды зайшоў, а хто выйшаў.

Запрашэнне далучыцца да міжнароднага дня шакаладу.

Клуб па інтарэсах

Наступны візіт — у Канстанцін (гэта таксама прыгарад Варшавы). Калектыў школьнага комплексу №1 ахвотна дзеліцца з беларускімі настаўнікамі сваімі вопытам і педагагічнымі знаходкамі, напрыклад тым, як можна захапіць сучасных дзяцей чытаннем. У школьнай бібліятэцы прыдумалі акцыю, да якой можа далучыцца кожны ахвотны. Дзеці бяруць на месяц кніжку, якая не ўваходзіць у спіс абавязковай літаратуры, але перад чытаннем атрымліваюць 5 пытанняў. Галоўнае — не проста чытаць, а чытаць удумліва. Вучням прапануюцца кніжкі, якія могуць іх захапіць: прыгодніцкія ці гістарычнага характару... Адказваць на пытанні трэба ў пісьмовай форме. Разгорнутыя і прыгожыя адказы заахвочваюцца бонусамі. Цягам навучальнага года на кожнага вучня атрымліваецца 10 дадаткова прачытаных кніг. А галоўная ўзнагарода — паездка на Варшаўскі кніжны кірмаш, дзе дзеці могуць паўдзельнічаць у трэнінгах, семінарах і выбраць для сябе адну кніжку бясплатна. Калі пяць гадоў таму ў акцыі ўдзельнічалі 12 вучняў, то сёлета — ужо 97 (фактычна ў акцыю ўцягнуты кожны пяты вучань школы).

Каб не выкідаць састарэлыя падручнікі, дзеці пад кіраўніцтвам бібліятэкара робяць з іх фігуркі жывёл і птушак.

Увогуле школьная бібліятэка — гэта і клуб па інтарэсах, і цэнтр школьнага жыцця, усё дзякуючы апантаным людзям, якія тут працуюць. Прыйсці сюды можна ў любы час (з 8 раніцы да 16 гадзін) не толькі каб пачытаць, але і для таго, каб зрабіць урокі ці заняцца яшчэ чым-небудзь карысным у чаканні школьнага аўтобуса. Прыгожы акварыум з рыбкамі таксама апякуецца вучнямі. Каб не выкідаць падручнікі, што састарэлі маральна, дзеці пад кіраўніцтвам бібліятэкара Ірэны Каўчар робяць з іх разнастайныя фігуры, якія расстаўлены па ўсіх паліцах. А яшчэ спадарыня Ірэна арганізавала «кацінае валанцёрства»: у Канстанціне ёсць прытулак для бадзяжных жывёл, і дзеці разам з бібліятэкаркай пастаянна яго наведваюць (збіраюць корм, старыя газеты, рыззё, знаходзяць для котак гаспадароў).

Не менш плённае супрацоўніцтва наладжана ў школы і з філіялам гарадской публічнай бібліятэкі, якая арганізуе для малодшых вучняў чытанні ўголас, ладзіць цікавыя сустрэчы з журналістамі і пісьменнікамі, прадастаўляе памяшканне для правядзення тэматычных урокаў. Дзякуючы гэтаму школьнікі пазней прыходзяць у бібліятэку ўжо самастойна. Дарэчы, тут можна ўзяць пачытаць кнігу не толькі на папяровым носьбіце, але і бясплатна спампаваць яе на свой смартфон.

У малодшых класах  памяшканне падзелена на дзве зоны: абавязкова ёсць зона з дываном на падлозе, куды вучні могуць "прызямліцца" разам са сваім настаўнікам.

Новыя выклікі часу

Адна з самых яскравых падзей для вучняў і іх бацькоў — школьны пікнік, які праводзіцца бліжэй да канца навучальнага года. Гэтае свята дапамагае школе сабраць сродкі на закупку абсталявання: інтэрактыўных дошак, мультымедыйнага класа або трэнажораў... Для ўсіх гасцей школьнага свята ладзяцца розныя атракцыёны: «паветраныя замкі», скачкі і гэтак далей. Спонсары прадстаўляюць для латарэі свае прызы. Кошт удзелу ў атракцыёнах ці латарэі сімвалічны: ад двух да пяці злотых. Але калі ўсё добра прадумаць і арганізаваць, то за адзін пікнік можна сабраць
20 тысяч злотых У снежні школай таксама ладзіцца святочны калядны кірмаш, але яго размах больш сціплы — сума збораў да 10 тысяч злотых. Кіраўніцтва школы жартуе: «Калі ласка, не паведамляйце ў падатковую інспекцыю...»

Нават гульнявая пляцоўка прыстасавааы пад патрэбы для дзяцей з абмежаванымі рухальнымі магчымасцямі.

— Бацькі нашых вучняў вельмі патрабавальныя, але, можа, гэта і добра: ціск з іх боку прымушае нас інтэнсіўна працаваць, — канстатуе дырэктар школы Паўліна КАРЧМАРЧЫК. — Калі вучня цікавіць нейкі пэўны прадмет ці галіна ведаў, настаўнікі распрацоўваюць фармат індывідуальнай працы з такім вучнем. Гэта новы выклік, які стаіць перад школай, і мы імкнёмся на новую патрэбу часу адпаведна рэагаваць. І ўвогуле прыслухоўваемся да ўсіх прапаноў бацькоўскай грамадскасці. Дзевяць гадоў таму, калі я ўзначаліла школу, тут было 16 класаў, а цяпер — 25. Бацькі жадаюць, каб іх дзіця навучалася менавіта ў нас. Наша школа невялікая, але мы пакуль спраўляемся. Больш таго, вельмі радуемся таму, што ёсць такая цікавасць да школы, бо гэта і ацэнка нашай працы.

Мабільны камп’ютарны клас трымаюць напагатове.

Вучоба вочы ў вочы

Дарэчы, навучальны год у польскіх школах пачынаецца, як і ў нас, 1 верасня, а вось завяршаецца ў апошнюю пятніцу чэрвеня. Субота і нядзеля — выхадныя дні для ўсіх: і для школьнікаў, і для педагогаў.

Сістэма школьнай адукацыі ў Польшчы трохступеньчатая: з 1-га па 6-ты клас — пачатковая школа, з 7-га па 9-ты — гімназія (базавая адукацыя), з 10-га па 12-ты — ліцэй (агульная сярэдняя адукацыя).

Мабільныя тэлефоны, калі яны не задзейнічаны ў вучэбным працэсе, на час урока здаюцца настаўнікам.

Што для беларусаў абсалютна нязвыкла — тое, што на перапынках дзеці ва ўсіх школах сядзяць у калідорах на падлозе: хтосьці ўтыкаецца ў свой смартфон ці планшэт (падчас урокаў гаджэты просяць здаваць), хтосьці жуе бутэрброд ці проста размаўляе з сябрам. Першае ўражанне — сапраўдны хаос. Але і на ўроках часта вучэбны працэс праходзіць таксама на падлозе... У пачатковай школе класныя пакоі падзелены на дзве зоны: ёсць зона з партамі, а ёсць зона з дываном на падлозе, куды вучні могуць «прызямліцца» разам са сваім настаўнікам. Такім чынам вучоба адбываецца вочы ў вочы. Настаўнік «апускаецца» на ўзровень дзіцяці. А заданні навучэнцы могуць выконваць нават лежачы.

Фота аўтара

nіkalaeva@zvіazda.by

Мінск—Варшава—Мінск

Загаловак у газеце: Ад алеі зорак да пікнікоў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...