Вы тут

Гісторыя наркамана, які змог «завязаць»


Дзіму* 20 гадоў. Жыве ў Мінску, працуе электраслесарам пасля каледжа. Плануе паступіць у «вышку», зрабіць кар'еру і завесці сям'ю. Напэўна, як і большасць хлопцаў у яго ўзросце. Праўда, дасягнуць сваіх мэт Дзіму складаней, чым яго аднагодкам. Ён наркаман, а ў гэтай справе, кажуць, былых не бывае. Змагацца з залежнасцю даводзіцца штодня, і апошнія паўтара года Дзіму гэта ўдаецца. Як дзеці з нармальных сем'яў становяцца наркаманамі і чаму вельмі складана вярнуцца да звычайнага жыцця? Хлопец падзяліўся сваёй гісторыяй.


Па словах Дзімы, ён быў узорным падлеткам. Не курыў, на піва не налягаў. Наркотыкі паспрабаваў праз цікаўнасць. Гады тры таму хлопец зайшоў у госці да сяброў і ўбачыў, што тыя «пад кайфам». Захацеў таксама даведацца, што гэта за адчуванні, і папрасіў падзяліцца дозай. Гэта быў спайс.

Праз пару тыдняў Дзіму зноў пацягнула ўжыць. А яшчэ праз колькі часу гэта ўжо стала штодзённай звычкай.

— Аднойчы я прыйшоў дадому накураны, і бацькі заўважылі, — прыгадвае малады чалавек. — Паклалі мяне спаць, а раніцай сур'ёзна паразмаўлялі. Мама патэлефанавала бацькам хлопца, з якім мы ўжывалі, папярэдзіла, каб той не набліжаўся да мяне. Я паабяцаў, што больш не буду прымаць наркотыкі. З'ехаў у санаторый на месяц, перастаў. А потым ізноў...

Дазіроўкі пастаянна павялічваліся. Каб бацькі нічога не западозрылі, Дзіму даводзілася выдумляць розныя тлумачэнні сваім дзіўным паводзінам. Ён хлусіў, што проста тэмпература паднялася, захварэў. А маці шукала па кватэры заначкі і выкідала. Патрэба курыць была пастаяннай. Як толькі адпускала, хацелася зноў. Хлопец ужываў, дзе толькі можна — дома, на працы. І пры гэтым не разумеў, што наркаман, быў упэўнены, што зможа кінуць. Чаму тады не кідаў? Падлетак вінаваціў у гэтым дзяўчыну, якая яму падабалася. Не змог яе дабіцца, вось і заглушаў крыўду наркотыкамі.

Хлопец прызнаецца, што дастаць спайс было лёгка. Доза, якой магло хапіць на тыдзень, каштавала 50 тысяч рублёў. Можна было дамовіцца, каб і без грошай далі.

Калі ж здараліся перадазіроўкі, Дзіму станавілася вельмі страшна.

— Тое, што я курыў, проста галаву зносіла. Галюцынацыі былі моцныя. Я чуў галасы. Час доўга цягнуўся: здавалася, што год прайшоў, а насамрэч — пяць хвілін. Не разумееш, дзе ты, і нічога зрабіць не можаш. Параноя пачыналася. Апошні раз, калі накурыўся, захацелася хутчэй памерці.

У той дзень у падлетка здарыўся сардэчны прыступ у ліфце. Пашанцавала, што суседка зайшла. На хвіліну пазней — і выратаваць хлопца было б немагчыма. Але паспелі адратаваць. Ачуўся Дзіма ў рэанімацыі, звязаны па руках і нагах.

У рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу ў Навінках падлетак пагадзіўся легчы, каб супакоіць бацькоў. «Урачы казалі, што больш нельга ўжываць, бо яшчэ адну перадазіроўку сэрца не вытрымае. Але мяне гэта не пужала. Думаў, падманваюць».

Праблем на той момант у хлопца назбіралася шмат. Нізкая самаацэнка, прагулы ў каледжы. Некалі любімы баскетбол Дзіма закінуў. І ўвогуле страціў да ўсяго цікавасць. Нават камп'ютарныя гульні не вабілі.

— Ніякіх фарбаў у жыцці не было, — дзеліцца перажываннямі хлопец. — Псіхолагі ў бальніцы патлумачылі, што гэта проста цяга. Яны казалі, што можна ўсё паправіць, жыць звычайна і радавацца.

Для гэтага трэба было працаваць над сабой. Наведваць псіхалагічныя групы (Дзіма і цяпер раз на тыдзень ходзіць на такія сустрэчы), чытаць спецыяльную літаратуру, адсочваць свае думкі. Наладзіць адносіны з бацькамі было няпроста. «Спачатку яны мне ўвогуле не давяралі. Непакоіліся, кантралявалі, званілі пастаянна. Па 70 прапушчаных выклікаў на тэлефоне магло быць. Усё, што зарабляў, я аддаваў маці. Бо, калі грошы былі ў кішэні, хаця б 50 тысяч, адразу з'яўляліся думкі купіць дозу».

З залежнасцю складана змагацца, бо жаданне ўжыць нікуды не знікае. Дзіма прызнаецца, што яму і цяпер кожны дзень хочацца. Сны бачыць, у якіх ён курыць (і нават адчуванні тыя ж узнікаюць), любіць пагаварыць пра наркотыкі, бо гэта дастаўляе задавальненне.

— Калі я буду думаць, што ўвогуле больш ніколі не змагу ўжываць, сарвуся. Таму ёсць правіла: даваць сабе ўстаноўку на дзень, — тлумачыць малады чалавек. — Я кожную раніцу кажу сабе, што сёння, што б ні здарылася, я правяду дзень цвярозым. Раней, калі вельмі хацелася, даваў адтэрміноўку: маўляў, заўтра пакуру. Потым зноў стараўся адцягнуць. Першыя паўгода было вельмі цяжка, моцна хацелася спаць. Але я верыў, што гэта пройдзе.

Паступова жыццё наладжваецца. Дзіма запісаўся ў аўташколу, скончыў каледж, зноў пачаў гуляць у баскетбол. Дзяўчына з'явілася, з якой хлопец праводзіць амаль увесь вольны час. «Што сталася з былымі прыяцелямі? Не ведаю, мы не сустракаемся. Я абарваў усе кантакты з тымі знаёмымі, якімі б сябрамі яны ні былі. Выдаліў нумары з тэлефона, змяніў свой. Не хачу вяртацца да таго жыцця».

Кампетэнтна

Уладзімір ІВАНОЎ, загадчык 21-га рэабілітацыйнага наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя:

— Падлетку з залежнасцю абавязкова трэба звяртацца па дапамогу да ўрачоў, якія валодаюць неабходнымі ведамі і вопытам у галіне працы з наркаманамі. Тое, што гэты хлопец цяпер спраўляецца з цягай, — вынік працы спецыялістаў. Малады чалавек дзейнічае правільна, паколькі яго гэтаму навучылі. Бясплатную дапамогу моладзь з залежнасцю можа атрымаць у нашым аддзяленні і ў грамадскай арганізацыі «Абуджэнне». Для кожнага, хто звяртаецца, складаецца індывідуальны план, куды звычайна ўваходзіць наведванне тэрапеўтычнай групы, сустрэчы з куратарам, чытанне спецыяльнай літаратуры і іншыя мерапрыемствы. Навічок можа рэгулярна сустракацца з псіхолагам і ўрачом, а яго куратар сочыць за выкананнем плана і аказвае неабходную падтрымку. Залежных вучаць не проста не ўжываць наркотыкаў, а змяняць свой стыль жыцця.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

* Імя героя зменена, фота носіць ілюстрацыйны характар.

Загаловак у газеце: «Смерць мяне не пужала»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».