Вы тут

Інтэрнэт-пасткі для дзяцей


Або чаго сапраўды павінны баяцца бацькі.

Паводле статыстыкі, палова дзяцей па ўсім свеце праводзіць час у сеціве без бацькоўскага нагляду. Гэта дае падставы задумацца, хто насамрэч займаецца выхаваннем будучага пакалення — дарослыя ці інтэрнэт?


— Сёлета ў Беларусі сумесна з ЮНІСЕФ завяршаецца вялікае даследаванне па гвалце над дзецьмі, які адбываецца дома, ва ўстановах і на вуліцы. Пра інтэрнэт-гвалт таксама нельга забываць, бо сёння дзеці праводзяць анлайн большую частку вольнага часу, — расказаў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар.

Ён лічыць, што працаваць над дзіцячай бяспекай у інтэрнэце неабходна ў трох кірунках: з бацькамі, непасрэдна з дзецьмі, а таксама асобна з падлеткамі. «Падлеткі — асобная катэгорыя, якая патрабуе асаблівай увагі. Нельга забараніць ім карыстацца інтэрнэтам, але можна патлумачыць правілы анлайн-бяспекі».

— Інтэрнэт — гэта люстэрка рэальнага жыцця. Там ёсць шмат станоўчага: прадстаўлены культура, мастацтва, навука і іншае. Аднак хапае там і адмоўнага, таго, ад чаго мы аберагаем нашых дзяцей у рэальнасці. Таму нельга грэбаваць інтэрнэт-бяспекай, — лічыць Юрый Намеснікаў, эксперт па дзіцячай бяспецы ў інтэрнэце, кіраўнік расійскага даследчага цэнтра «Лабараторыі Касперскага». — Большасць дзяцей намагаецца схаваць ад бацькоў сваю вэб-актыўнасць, якая можа ім не спадабацца. Адны карыстаюцца ананімайзерамі, другія заходзяць у інтэрнэт, калі бацькоў побач няма, трэція ставяць паролі на гаджэтах.

Статыстыка воблачнага сэрвісу Kаsреrskу Sесurіtу Nеtwоrk пры ўключаным «Бацькоўскім кантролі» на персанальным камп'ютары паказала, што беларускія дзеці найчасцей заходзяць у сацыяльныя сеткі, чаты і пошту (72%).

На другім месцы па наведвальнасці апынуліся сайты з анлайн-гульнямі (10%). У параўнанні з расійскімі дзецьмі беларускія ў два разы радзей бываюць на рэсурсах, дзе змешчана інфармацыя пра алкаголь, табак і наркатычныя рэчывы (14,5% і 8% адпаведна).

Юрый Намеснікаў лічыць, што пагрозы, якія бачацца бацькам, і пагрозы, што рэальна існуюць у інтэрнэце, не супадаюць. Бацькі думаюць: горшае, што можа здарыцца, — дзіця «пасадзіць» здароўе з-за доўгага знаходжання каля камп'ютара, планшэта ці смартфона. Насамрэч у першую чаргу баяцца трэба небяспечных незнаёмцаў у сацыяльных сетках. Яны могуць чапляцца да вашага дзіцяці і абражаць яго, схіляць да нелегальных учынкаў, дзяліцца недапушчальным кантэнтам або, наадварот, выведваць прыватную інфармацыю — нумары банкаўскіх картак бацькоў, пашпартныя звесткі і г.д.

Нярэдка новыя «сябры» ўваходзяць у давер да дзіцяці, а пасля пачынаюць прасіць фотаздымкі інтымнага характару, якімі ў далейшым могуць шантажыраваць усю сям'ю.

Неабходна ведаць: тое, што аднойчы трапляе ў сеціва, застаецца там назаўсёды.

Яшчэ адна пагроза — кібербулінг — запужванне, здзек, кпіны ў інтэрнэце з боку равеснікаў. Згодна з апытаннем, якое правяла Лабараторыя Касперскага сумесна з парталам «Сетевичок.рф», 58% дзяцей сутыкаліся з такой праблемай.

— Нават калі само дзіця або яго знаёмыя падвяргаюцца кібербулінгу, яны не гатовы размаўляць пра гэта з дарослымі. Часам бацькі могуць і самі заўважыць, што ў дзіцяці праблемы, але можа быць ужо позна. Вельмі важна растлумачыць: сэнс кібербулінгу ў тым, каб ахвяра як мага больш адказвала на нападкі, — кажа эксперт.

Паколькі на чацвёртым месцы па наведваннях у інтэрнэце сярод беларускіх дзяцей знаходзяцца сайты крам і сістэм аплаты, то існуе небяспека неабдуманых пакупак. Дарэчы, гэтая праблема закранае і тых, хто цікавіцца анлайн-гульнямі: мяжа паміж віртуальнымі і рэальнымі грашыма хутка сціраецца. Вядомыя выпадкі, калі дзеці, гуляючы, трацілі дзясяткі тысяч долараў на «дадатковыя функцыі».

А бывае, што пагроза ўзнікае там, дзе яе зусім не чакаюць, — у пошукавых сістэмах. Найчасцей маленькія карыстальнікі натыкаюцца на «кантэнт 18+» выпадкова, а не мэтанакіравана.

Недакладныя запыты прыводзяць дзяцей на такія сайты, змест якіх можа моцна паўплываць на іх псіхіку.

Падсцерагае ў інтэрнэце і заражэнне шкодным праграмным забеспячэннем. Дзеці не вельмі разборлівыя ў выбары крыніц, якім можна давяраць, таму яны з лёгкасцю націскаюць на спасылкі, не азнаёміўшыся з інфармацыяй пра іх. Між іншым, сёння Беларусь знаходзіцца на шостым месцы ў свеце па колькасці атакаваных карыстальнікаў у інтэрнэце.

Некаторыя бацькі, імкнучыся засцерагчы сваё дзіця ад небяспекі, зусім забараняюць выхад у вэб-прастору або кантралююць кожны крок, у тым ліку чытаюць усе атрыманыя паведамленні. Безумоўна, так рабіць нельга. Забараніць — значыць адкінуць дзіця ў мінулае, не дазволіць яму быць сучасным. А татальны кантроль — гэта ўвогуле парушэнне элементарнай этыкі і пазбаўленне права на асабістае жыццё. Каб зрабіць знаходжанне дзяцей ў інтэрнэце максімальна бяспечным, Юрый Намеснікаў раіць карыстацца наступнымі правіламі.

Бацькі:

* звяртайце ўвагу на тое, чым дзіця займаецца ў сеціве;

* заўсёды будзьце ў курсе навінак у ІT-сферы;

* карыстайцеся тэхналогіямі бацькоўскага кантролю;

* стварайце асобныя ўліковыя запісы на ПК для кожнага члена сям'і, нават для самых маленькіх дзяцей;

* абараняйце ўсе прылады: ПК, смартфон і планшэт;

* вучыце дзіця правілам бяспекі ў сеціве;

* карыстайцеся тымі ж сацыяльнымі сеткамі, што і ваша дзіця.

Дзеці:

* расказвайце бацькам, пра свае праблемы, звязаныя з інтэрнэтам;

* не пакідайце ў публічным доступе і не дасылайце незнаёмцам у сеціве сваю кантактную інфармацыю або фінансавыя звесткі;

* не згаджайцеся на ўгаворы незнаёмых людзей у сеціве на асабістую сустрэчу;

* не пераходзьце па спасылках у паведамленнях ад невядомых адрасатаў і не адкрывайце спам-паведамленні;

* не паддавайцеся на празмерна заманлівыя прапановы ў інтэрнэце;

* памятайце, што пры пакупках у інтэрнэце трацяцца рэальныя грошы;

* расказвайце сваім бацькам пра новыя тэхналогіі і новыя пагрозы, пра якія даведаецеся самі;

* не публікуйце інфармацыю, якая ў будучыні можа скампраметаваць вас ці вашых знаёмых.

Ганна КУРАК, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?