Вы тут

Штогод тэрыторыі для адпачынку каля вады даводзяцца да ладу


Штогод тэрыторыі для адпачынку каля вады даводзяцца да ладу — там усталёўваецца няхітрае, але неабходнае абсталяванне, напрыклад альтанкі, лаўкі, сметніцы. Аднак на наступны год усё паўтараецца: зноў за бюджэтныя сродкі ўсталёўваюцца альтанкі... Заканамернае пытанне: куды ж дзяваюцца леташнія? Жыццё паказвае, што знікненню цалкам могуць паспрыяць і рыбакі, якія падчас зімовай рыбалкі доўга не думалі пра тое, з дапамогай чаго сагрэцца... Словам, прыйшоў май — пачынай па новай. Каб з першай сапраўднай цеплынёй было дзе пакупацца ды прыродай палюбавацца.


— Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі прадугледжвае навядзенне парадку ў тым ліку ў зонах адпачынку і на водных аб'ектах, — тлумачыць кансультант упраўлення абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Віталь КАРАНЧУК. — Нам неабходна ўстанавіць-адрамантаваць малыя архітэктурныя формы, інфармацыйныя знакі, уладкаваць ці адрамантаваць аўтамабільныя паркоўкі, кантэйнеры для збору смецця, абсталяваць тэрыторыі пітнымі фантанчыкамі, абсталяваць-адрамантаваць спартыўныя пляцоўкі, грамадскія прыбіральні. Больш за тысячу вызначаных па ўсёй краіне тэрыторый для адпачынку павінны быць уладкаваныя менавіта такім чынам. Раней правяраючыя дзяржаўныя органы досыць суб'ектыўна ацэньвалі работу мясцовых органаў улады па такім добраўпарадкаванні, таму сёлета былі ўведзены ўжо дакладныя крытэрыі, па якіх трэба рабіць візуальную ацэнку.

Што да чысціні такіх месцаў, то ў красавіку-маі да акцыі «Чысты вадаём» Рэспубліканскае таварыства паляўнічых і рыбаловаў падключыла і тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды і іншых міністэрстваў, а таксама грамадскія аб'яднанні, якія разам ачысцілі прыбярэжныя палосы ад смецця. Будзеце забруджваць ваду — будзеце адказваць паводле заканадаўства. Забыліся на шампуры і высеклі кустоўе? Таксама парушылі заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя (пашкоджанне дрэў і кустоў), а таму цалкам можаце заплаціць штраф, як і ў выпадку несанкцыянаванага размяшчэння адходаў.

Летась да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута больш за 8 тысяч чалавек — галоўным чынам, за забруджванне смеццем лесу і паверхневых водаў. Дарэчы, праверка тэрыторый сельгаспрадпрыемстваў, ляснога фонду, прыдарожных палос, могілак, унутрыгаспадарчых кар'ераў і месцаў адпачынку на водных аб'ектах паказала, што больш за ўсё падобных парушэнняў выяўляецца на... тэрыторыях сельгаспрадпрыемстваў і месцах адпачынку на вадзе. Спробы рабіць меры адказнасці больш жорсткімі пакуль ніяк не дапамагаюць вырашыць праблему.

— Дзве трэці сучаснай рэкрэацыйнай турыстычнай інфраструктуры Беларусі размяшчаюцца менавіта ў прыбярэжных палосах рэк і вадаёмаў, — адзначае кансультант аддзела выкарыстання і аховы водаў упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Вікторыя ВОРАНАВА. — Таму арганізацыя і абсталяванне месцаў масавага адпачынку на водных аб'ектах дазваляе, з аднаго боку, абмежаваць некантралюемае рэкрэацыйнае водакарыстанне, а з другога — забяспечыць неабходныя ўмовы. За мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі замацаваны абавязак па вызначэнні месцаў карыстання паверхневымі воднымі аб'ектамі для рэкрэацыі, спорту і турызму, а таксама па прыняцці мер па іх добраўпарадкаванні. Вызначацца такія месцы могуць паводле санітарна-гігіенічнай экспертызы. Сёння выканкамамі зацверджана 565 месцаў пляжаў для масавага адпачынку каля водных аб'ектаў. У Мінску налічваецца 20 пляжаў. Колькасць аўтастаянак для наведвальнікаў вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 12 працэнтаў. У межах сталіцы арганізуюцца і дадатковыя стаянкі на гарачы час года. Устаноўлена дастатковая колькасць кантэйнераў для збору смецця, у тым ліку раздзельнага. Вываз будзе ажыццяўляцца штодня, а ў надта вялікую спёку нават двойчы на дзень.

У Мінскай вобласці размяшчаюцца 127 месцаў адпачынку. Пляжы падсыпаны свежым пяском, устаноўлена дадатковае пляжнае абсталяванне, ранейшае — пафарбавана, дадалося і шлагбаўмаў для папярэджвання несанкцыянаваных парковак. Санэпідслужба забяспечвае кантроль якасці вады. У выпадку выяўлення адмоўных проб інфармацыя даводзіцца ў тым ліку да насельніцтва. Свежую інфармацыю аб стане вады і наогул стане месца рэкрэацыі для масавага адпачынку можна атрымліваць у мясцовых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі. Пакуль можна сказаць, што надвор'е не спрыяла росту і цвіценню вадаёмаў.

За незаконнае пашкоджанне расліннасці ляснога фонду — дрэў, кустоў, якія яшчэ працягваюць расці, можна атрымаць штраф у памеры да 30 базавых велічынь.

protas@zviazda.by

Фота Ліны МАЛІНІНАЙ

Загаловак у газеце: Не забрудзім — не адпачнём?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?