Вы тут

Як хлопец з ДЦП атрымаў залаты медаль


Леў Канстанцінавіч і яго жонка Глафіра Канстанцінаўна са Слоніма, ніяк не чакалі вялікага няшчасця, якое спасцігла іх маладую сям'ю: першынец на гэты свет з'явіўся калекам. Маладыя людзі вялі здаровы лад жыцця. Ды ў вялікай радні Кіргетаў не было ніякіх надзвычайных здарэнняў. А дактары паставілі іх немаўляці Міхасю страшны дыягназ — дзіцячы цэрабральны параліч.


Мі­хась побач з ма­ці.

«За што такое пакаранне?» – не магла супакоіцца Глафіра Канстанцінаўна. Але ж Леў Канстанцінавіч, па натуры аптыміст, супакойваў жонку: «Цяпер галоўнае для нас — не апускаць рук. Дарогі назад нам няма. Застаецца адно: змагацца разам за сына». Толькі пытанне: як? Глафіра — інжынер-тэхнолаг — вымушана была пакінуць працу на кардонна-папяровым заводзе і займацца дамашнімі справамі. Дзіця ж неабходна рэгулярна прагульваць у калясцы.

Балазе, што за хатай Кіргетаў пачынаецца лес. І падчас прагулак маці пачала заўважаць, як яе Міхасёк цягнецца да кожнага грыбка ды кветачкі, прыслухоўваецца да спеву птушак. Значыць, сын разумее прыгажосць у прыродзе. У душы маці нарадзілася надзея на штосьці лепшае.

Школу хлопчык наведваць не мог. Але ж педагогі мясцовай адзінаццацігодкі прапанавалі надомнае навучанне.

Першай настаўніцай хлапчука была Соф'я Пятроўна Янушка. Яна навучыла малога пісаць і чытаць. Вядома ж, гэта давалася дзіцяці нялёгка. Ён з цяжкасцю вымаўляў кожнае слова. Настаўніца часта казала Глафіры Канстанцінаўне, што яна заўважае, з якой настойлівасцю і ўпартасцю, быццам кволая раслінка да сонейка, Міхасёк цягнецца да ведаў. Вялікаму яго жаданню вучыцца можна было толькі пазайздросціць. Таму Пятроўна з задавальненнем наведвалася да Кіргетаў. Ёй прыемна было бачыць вынікі сваіх намаганняў.

Выкладчыцу рускай мовы і літаратуры Веру Антонаўну Чэрнік таксама зацікавілі здольнасці Міхася, які вершаваныя радкі лавіў і запамінаў на ляту. Забягаючы крыху ўперад, адзначым, што цяпер у Кіргетаў ёсць багатая бібліятэка, дзе няма ніводнай кніжкі, не прачытанай Міхасём. Ён ведае прозвішчы і біяграфіі ўсіх вядомых спартсменаў нашай краіны і свету. Маці кажа, каб не хвароба, яе сын меў бы вялікія спартыўныя дасягненні альбо стаў вядомым трэнерам. Настаўніца матэматыкі Побат Ніна Паўлаўна таксама радавалася поспехам гэтага сціплага юнака, які паспяхова асвойваў дакладныя навукі. Такой жа думкі прытрымліваліся і тры выкладчыкі дакладных прадметаў з педагагічнай сям'і Сідаровічаў. Выпускнік сярэдняй школы быў не па ўзросце эрудзіраваным. Ён хутка (без дапаможнікаў) разгадваў рэбусы і крыжаванкі, разважаў (як дарослы чалавек) пра падзеі ў нашай краіне і ў свеце.

— Пасля педсавета па выніках экзаменаў за курс сярэдняй школы педагогі аднагалосна прынялі пастанову: узнагародзіць Кіргета Міхаіла Львовіча залатым медалём, — кажа былы дырэктар Альберцінскай сярэдняй школы Надзея Андрэеўна Сяркевіч.

Але ж па існуючым тады заканадаўстве такая ўзнагарода вучням-надомнікам выдавалася толькі ў выключных выпадках — з дазволу Міністэрства адукацыі. І дырэктар паехала ў Мінск.

— Дарэмныя клопаты вашы, Андрэеўна, — казалі ў Слонімскім аддзеле адукацыі.

— Мабыць, не трэба займацца гэтай марнай справай, — раілі мясцовыя скептыкі.

Але ж Надзея Андрэеўна не губляла надзеі. Яна прыхапіла ў Мінск водгукі ўсіх настаўнікаў пра вучня. І, што вы думаеце, вярнулася з дазволам на атрыманне залатога медаля для юнака.

— Каб вы ведалі, якой радасцю свяціліся вочы Міхася, калі яму ўручаўся медаль, — узгадвае Надзея Андрэеўна. — Ён засведчыў, што гэта ўзнагарода ўсёй іх сям'і і настаўнікаў. Бо, калі б не яны, ён так і застаўся б звычайным інвалідам.

Тады Міхась зазначыў, што яго жыццё набыло сэнс. І ён мае намер не спыняцца на дасягнутым, а працягваць вучобу. Тым болей што Надзея Андрэеўна з Мінска прывезла спіс навучальных устаноў. Хлопец выбраў для сябе завочнае аддзяленне Навагрудскага гандлёва-эканамічнага тэхнікума. Бо тэхнікум знаходзіцца бліжэй да дома. Здаваць сесіі ён ездзіў разам з маці. Дырэкцыя навучальнай установы загадзя клапацілася, каб іх пасялілі ў інтэрнаце для навучэнцаў. У выніку хлопец паспяхова скончыў тэхнікум, атрымаў дыплом.

Нядаўна Міхасю Кіргету споўнілася сорак. Яго шчыра віншавалі шматлікія сябры па сацыяльных сетках. А адна дзяўчына, з роднага Слоніма, часта прыходзіць да яго ў госці. Яна мае вялікае жаданне часцей сустракацца з цікавым і эрудзіраваным чалавекам. Дарэчы, Міхась нядаўна прачытаў гістарычны раман «Крыжакі» на польскай мове. Ён марыць свабодна размаўляць з гасцямі, якія прыязджаюць з суседняй дзяржавы. Таму яго бібліятэка папоўнілася творамі Генрыка Сянкевіча. Наперадзе яшчэ англійская, нямецкая і іншыя мовы, якімі хлопец жадае авалодаць самастойна. Адным словам, будуць яшчэ новыя перамогі. Бо кожны дзень Кіргета-малодшага спланаваны так шчыльна, што няма ніводнай свабоднай хвілінкі. Кажуць, што ён пайшоў у свайго няўрымслівага дзеда, былога дырэктара школы.

...У кватэры Кіргетаў шмат хатніх кветак. Глафіра Канстанцінаўна кажа, што яны сімвалізуюць квітнеючае жыццё сына. А Міхась мае намер стварыць свой сайт, на якім будзе дзяліцца сваім вопытам з людзьмі, якія трапілі ў такое ж складанае становішча.

Канстанцін Станкевіч

Загаловак у газеце: Змагаліся за сына і перамаглі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».