Вы тут

Cапраўдная памагатая


Перад майскімі святамі мы ўсёй сям'ёй ездзілі ў вёску да бабы Дуні дапамагаць садзіць бульбу. Безумоўна гэты занятак не мог прайсці без удзелу Васілісы. З кошыкам амаль у палову свайго росту яна важна прагульвалася па полі і апусціла некалькі клубняў у нарэзаныя пад каня градкі. І, нягледзячы на тое, што астатні час яна прабавіла на лузе з дзьмухаўцамі, усе, да вялікай радасці малой, называлі яе памагатай. Вечарам, калі ўжо былі дома, дачка важна рэзюмавала: «Дапамагла садзіць бульбу бабе Дуні, а бабе Нюшы — не. Трэба ж дапамагчы»... Такія думкі двухгадовай дзяўчынкі мяне вельмі парадавалі.


Змалку мы былі прывучаны да працы. Той, хто вырас у вёсцы, ведае, што, каб нешта мець на стале, трэба зрадніцца з мазалямі на руках. Вось і ў нас, апроч кароў, свіней і курэй, былі яшчэ і немалыя надзелы зямлі. Усё гэта патрабавала шмат часу і працы. Паколькі бацькі з усім проста фізічна справіцца не маглі, частка клопатаў была на нашых плячах. Кожны з дзяцей ведаў свае абавязкі і сумленна іх выконваў. І часу, дарэчы, хапала і на тое, каб паспяхова вучыцца ў школе, і на гульні з сябрамі. Але размова не пра гэта. Мяне не перастае здзіўляць, як умела тата і мама прывучалі нас да працы. Не было ніякага прымусу. Усё ішло само сабой.

Памятаю, як са старэйшай сястрой збіралі крываўнік для малых індыкоў. Справа такая марудная, а індыкі такія пражэрлівыя... Каб крыху падсаладзіць «корманарыхтоўку», маці дазваляла нам паралельна ладзіць невялічкія пікнікі. І вось мы, як і дарослыя, бралі ссабойку і накіроўваліся на поле побач з домам. Такі падыход даваў нам унутранае пачуццё важнасці нашай працы. Потым, калі крыху падраслі, нас пачалі з сабой браць на хутар да дзеда, дзе засаджваліся шматлікія грады. Пакуль старэйшыя займаліся справай, каб заняць нас, маці кожнаму выдзяляла невялічкі кавалак зямлі, на якім можна было садзіць, што душа пажадае. Умова была адна: даглядаць надзел будзем самастойна. Ішоў час, і з узростам шырылася кола абавязкаў, да якіх мы былі ўжо падрыхтаваныя, бо не раз назіралі, як гэта робяць бацькі. Пры гэтым важна адзначыць, што дарослыя ніколі не абмяжоўвалі нас у эксперыментах. Нават калі працоўныя спробы завяршаліся не вельмі ўдала, не было жорсткіх пакаранняў. Так, маглі пажурыць, за рэдкім выпадкам «даць крапівы». У большасці ж сваёй проста даводзілася разбірацца з наступствамі той ці іншай шкоды.

Калі Васіліса навучылася цвёрдым крокам вымяраць кватэру, мы пачалі па магчымасці дазваляць ёй прымаць удзел у нашых хатніх справах. Напрыклад, мые матуля падлогу — малая абавязкова хоць хвілінку дапаможа. Вылье што-небудзь на стол — даём ёй сурвэтку, каб сама магла выцерці. Абіраем бульбу, яна падае яе з вядра. Дарэчы, гатаваць дачка любіць больш за ўсё. Ужо добрай традыцыяй у нас стала на выхадныя ляпіць разам варэнікі. Раніцай Васіліса ледзь толькі паспявае расплюшчыць вочы, хутчэй будзіць нас: «Я прачнулася. Будзем рабіць варэнікі». І ў гэтай справе яна не проста назіральніца: прымае ўдзел у вымешванні цеста, каштуе яго на смак, як можа, узбівае вяршкі для запраўкі. Яна абавязкова папросіць, каб далі магчымасць зазірнуць у каструлю, дзе кіпіць вада. Сваю страву яна потым есць куды з большым апетытам.

Зразумела, што ў кожнай справе вытрымкі Васілісы не хапае на доўгі час, але мы ўсё адно заахвочваем яе намаганні дапамагаць і не дазваляем ленавацца. На днях яна раскідала па пакоі свае цацкі і стала прасіцца, каб ёй пачыталі. Дамовіліся, што спачатку яна пазбірае сваіх лялек. Ахвотна прыступіла да справы. Праз хвіліну са словамі: «Тата, давай разам» прыбегла за мной. Пачалі наводзіць парадак. Гляджу, дачка адышла ўбок і назірае. Пытаюся: «У чым справа?» — «Тата, ты пазбірай, а я тут пастаю. Я ж хітрая, так?» — выдала Васіліса. Давялося тлумачыць, што хітрыкам у працы месца няма, а справу заўсёды неабходна даводзіць да канца. «Табе ж не спадабаецца, калі я не дачытаю казку?» — гэты аргумент стаў канчатковым, і дачка зноў прынялася за працу.

Крыху вышэй я адзначыў, што не перастаю здзіўляцца таму, як бацькі прывілі нам працавітасць. Гэта пачуццё ў мяне з'явілася толькі з нараджэннем дачкі. Менавіта Васіліса дапамагла мне зразумець, колькі вытрымкі на гэта неабходна. У паўсядзённым жыцці мы так абмежаваны ў часе! Звычайна хочацца хуценька павырашаць усе хатнія клопаты, каб адпачыць пасля працы, а не расцягваць гэтыя справы на гадзіны ад таго, што пад рукамі будзе «блытацца» малое. І менавіта гэтая спакуса так часта перашкаджае нам у выхаванні дзяцей. Паддаўшыся ёй, мы рызыкуем не толькі вырасціць гультая, але і страчваем сваё права стаць настаўнікам і аўтарытэтам для таго, кім даражым больш за ўсё.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.