Вы тут

У сталіцы пачаў работу трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Нягледзячы на тое, што пакуль гэта мерапрыемства не мае шматгадовай гісторыі, Форум ужо зараз прыцягвае ўвагу бізнесменаў і палітыкаў абедзвюх краін. Паўдзельнічаць у ім прыехалі прадстаўнікі каля 40 расійскіх рэгіёнаў.


Адначасова з Форумам рэгіёнаў адкрыўся Беларускі аграпрамысловы тыдзень. Удзельнікі форуму наведалі выставу «Белагра-2016».

Удзельнікаў — удвая больш

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ падчас сустрэчы са сваёй калегай — Валянцінай МАЦВІЕНКАЙ, спікерам Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, звярнуў увагу: на першы Форум рэгіёнаў, які таксама праходзіў у нашай краіне, прыехалі прадстаўнікі 19 расійскіх рэгіёнаў. Сёлета — удвая больш — прагрэс відавочны.

— Акрамя тых 39 пагадненняў, якія плануецца прыняць, вельмі вялікі камерцыйны складнік, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Мы лічым, што экспартна-імпартных кантрактаў будзе падпісана не менш чым на $300 млн.

На яго думку, гэта сведчыць аб дастаткова высокім базісе ў гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама аб тым, што рэзервы ёсць і іх можна нарошчваць. Спікер верхняй палаты запэўніў, што беларускім і расійскім бакамі будуць прыняты максімальныя намаганні для таго, каб апраўдаць чаканні ад Форуму.

— Для нас высокі гонар і адказнасць, што ўдзел у ім прымаюць прэзідэнты Беларусі і Расіі, — асобна заўважыў ён.

Валянціна Мацвіенка падзякавала беларускім калегам за арганізацыю Форуму і за тое, што на ім створаны добрыя ўмовы для працы.

— Кантакты па парламенцкай лініі арганічна дапаўняюць дыялогі на высокім, найвышэйшым узроўнях, — паведаміла яна. — Расійскі бок задаволены тэмпамі развіцця двухбаковага стратэгічнага партнёрства, фарміравання Саюзнай дзяржавы.

Старшыня Савета Федэрацыі падкрэсліла, што лідары дзвюх краін рэгулярна сустракаюцца асабіста, праводзяць тэлефонныя нарады. Актыўна ўзаемадзейнічаюць урады і прэм'ер-міністры, супрацоўнічаюць знешнепалітычныя ведамствы.

Што тычыцца парламенцкіх структур, то яны, па словах спікера верхняй палаты расійскага парламента, сумесна працуюць «як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках Саюзнай дзяржавы, дзе ёсць магчымасць абменьвацца вопытам заканатворчай работы, весці работу па далейшай гарманізацыі заканадаўстваў і ствараць заканадаўча-прававыя ўмовы для рэалізацыі дамоўленасцяў, якія дасягаюцца на найвышэйшым і высокім узроўнях».

— Міжрэгіянальныя сувязі сталі канстантай двухбаковых сувязяў, — падкрэсліла Валянціна Мацвіенка. — Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае рэальныя вынікі ў розных сферах, значыць, гэты фармат вельмі запатрабаваны.

Мы за шматбаковае супрацоўніцтва

Міхаіл Мясніковіч, адказваючы на пытанне прадстаўніка аднаго з расійскіх СМІ пра тое, ці не пашкодзяць беларуска-расійскаму стратэгічнаму супрацоўніцтву актыўныя кантакты нашай краіны з Еўрасаюзам, падкрэсліў, што неабходна атрымліваць выгаду са шматбаковага супрацоўніцтва.

— Мы выбудоўваем нармальныя паважлівыя адносіны і з іншымі краінамі, і гэта зусім не азначае, што яны павінны быць на шкоду Расіі, — заявіў старшыня Савета Рэспублікі. — Мы таксама з павагай ставімся да рашэнняў, якія прымаюцца Расіяй па супрацоўніцтве з трэцімі краінамі.

У сваю чаргу Валянціна Мацвіенка адзначыла, што ні Расія, ні Беларусь не імкнуцца да самаізаляцыі і гатовыя да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі і дзяржавамі на раўнапраўных умовах, з улікам інтарэсаў адзін аднаго.

Падчас размовы з журналістамі Валянціна Мацвіенка, адказваючы на пытанне пра прыярытэты супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў няпросты ў эканамічным плане час, зрабіла акцэнт на тым, што скаардынаваныя дзеянні нашых краін па развіцці эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі змякчылі наступствы негатыўных сусветных эканамічных тэндэнцый.

— Нягледзячы на існуючыя цяжкасці, аб'ёмы ўзаемнага гандлю паміж нашымі краінамі не знізіліся, а па шэрагу паказчыкаў нават выраслі, — прывяла прыклад яна. — Мы не кажам пра цэнавыя паказчыкі. Важна, што фактычныя аб'ёмы ўзаемнага тавараабароту захаваліся.

Што да саміх прыярытэтаў, то, па словах Валянціны Мацвіенкі, іх цэлы шэраг, які вызначаны лідарамі абедзвюх краін.

— Натуральна, гэта далейшае развіццё эканамічнага, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. На сёння ў Беларусі працуе амаль дзве з паловай тысячы прадпрыемстваў з удзелам расійскага капіталу, з іх 1,5 тысячы — гэта сумесныя прадпрыемствы, каля тысячы — прадпрыемствы са 100%-ным расійскім капіталам. Але поле магчымасцяў тут далёка не вычарпана.

На шляху да безбар'ернага рынку

Анатоль РУСЕЦКІ, намеснік старшыні верхняй палаты беларускага парламента, падчас трэцяга пасяджэння міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу па міжрэгіянальным супрацоўніцтве заявіў, што форум ужо даказаў сваю жыццяздольнасць.

— Супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі стала напаўняць канкрэтным зместам увесь працэс развіцця Саюзнай дзяржавы, — адзначыў ён. — Разгляд практычных пытанняў супрацоўніцтва з прыцягненнем рэгіёнаў, суб'ектаў гаспадарання дазваляе здзяйсняць свайго роду маніторынг і выяўляць праблемы, што ўзнікаюць падчас рэалізацыі рашэнняў, якія прымаюцца ў інтэграцыйных аб'яднаннях.

У той жа час віцэ-спікер Савета Рэспублікі прызнаў, што ёсць у рамках беларуска-расійскага супрацоўніцтва і праблемныя пытанні.

— На жаль, мы пакуль не можам быць цалкам задаволенымі вынікамі нашай дзейнасці. Безумоўна, сур'ёзны ўплыў на гэта аказваюць і знешнія фактары, але і нам, відаць, неабходна больш выразна і канкрэтна вырашаць узнікаючыя праблемы. Дагэтуль захоўваюцца і бар'еры, і перашкоды ва ўзаемным гандлі. Спадзяюся, што мы сумеснымі намаганнямі створым агульны рынак без выняткаў і абмежаванняў. Галоўнае, што дынаміка станоўчая з абодвух бакоў нашай «двойкі».

Анатоль Русецкі звярнуў асобную ўвагу на неабходнасць інфармацыйнай падтрымкі тых інтэграцыйных працэсаў, што адбываюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы. Па яго словах, яна павінна здзяйсняцца не толькі саюзнымі сродкамі масавай інфармацыі, але і іншымі.

Юрый ВАРАБ'ЁЎ, намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, адзначыў, што ўжо час разгледзець прапановы, звязаныя з парадкам дня наступнага Форуму рэгіёнаў і парадкам дня чацвёртага пасяджэння міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі.

— Дзейнасць нашай міжпарламенцкай камісіі ў рамках Форуму надае яму больш канкрэтыкі, — лічыць ён. — Для нас вельмі важна, каб рэгіянальнае супрацоўніцтва нашых дзяржаў складвалася ў практычнай сферы, каб мы атрымлівалі вынікі ад гэтага супрацоўніцтва.

* * *

Першы дзень Форуму быў насычаны самымі рознымі мерапрыемствамі. Гэта і пасяджэнні секцый па самых розных пытаннях — пачынаючы ад беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы працоўных адносін і сацыяльнай абароны і заканчваючы ўзаемадзеяннем у турыстычнай сферы. Падчас Форуму праходзяць і спецыялізаваныя мерапрыемствы, у тым ліку 26-я спецыялізаваная выстава «БЕЛАГРА-2016», Фестываль рэгіянальных тэлеканалаў Беларусі і Расіі «Вобраз часу», другі этап Спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, марафон дзіцячай творчасці «Дзве краіны — адзін лёс», маладзёжны форум ІT-youth, шэраг міжнародных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў. Дэлегаты Форуму прымаюць удзел і ў мерапрыемствах Дзён Масквы ў Мінску, што праходзяць зараз у нашай сталіцы.

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Кантрактаў — не менш чым на $300 млн

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».