Вы тут

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь


Аб прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў».

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Мароз Л.Ф., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе — Бодак А.М., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

прадстаўнікі:

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь — Калінковіч В.Л., першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь — Лашын А.М., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь — Іпатаў В.Д., дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 20 красавіка 2016 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей — Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» па пытанні прававога рэгулявання прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Козыраву Л.Р., выступленні прадстаўнікоў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей — КабАП), Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей — ПВКабАП) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

1. Канстытуцыяй устаноўлена, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі першая і трэцяя артыкула 1).

Згодна з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь — найвышэйшая мэта дзяржавы, якая гарантуе іх правы і свабоды, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22).

Дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці; гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая, чацвёртая і пятая артыкула 13 Канстытуцыі).

З прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў ва ўзаемасувязі з патрабаваннем часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі вынікае, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, законнасці і правапарадку.

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія ўказаныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі выклалі сваё меркаванне па справе.

Вярхоўны Суд мяркуе, што прыпыненне ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў па падставах, устаноўленых заканадаўствам, нельга прызнаць мерай адміністрацыйнай адказнасці ў тым значэнні, якое замацавана ў КабАП. З улікам вынікаў аналізу практыкі разгляду судамі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях Вярхоўны Суд не бачыць неабходнасці замацавання ў КабАП такога віду адміністрацыйнага спагнання, як прыпыненне дзейнасці суб'ектаў гаспадарання.

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, рашэнне органа дзяржаўнага кіравання аб прыпыненні дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у шэрагу выпадкаў цягне наступленне эканамічных і іншых негатыўных наступстваў і можа разглядацца як мера адміністрацыйнага ўздзеяння ў сілу сваёй імператыўнасці. Разам з тым прыпыненне дзейнасці не з'яўляецца відам адміністрацыйнай адказнасці, які прадугледжвае накладанне спагнання, у сувязі з чым наданне прыпыненню дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў статусу асобнага віду адміністрацыйнага спагнання прадстаўляецца немэтазгодным. У той жа час у мэтах удасканальвання прававога рэгулявання ўказаных праваадносін Генеральная пракуратура мяркуе магчымым разгледзець пытанне аб дапаўненні прадугледжаных главой 8 ПВКабАП мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў такой мерай, як прыпыненне іх дзейнасці.

Міністэрства юстыцыі адзначае, што заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у сферы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці замацаваны падыход, пры якім прыпыненне дзейнасці з'яўляецца аператыўнай мерай уздзеяння з боку кантралюючага (нагляднага) органа ў дачыненні да правяраемага суб'екта ў выпадках парушэння ім заканадаўства, якое стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы, прычыненне шкоды жыццю і здароўю насельніцтва, навакольнаму асяроддзю. У той жа час прыпыненне дзейнасці можа разглядацца як мера стрымання пры выяўленні прымет адміністрацыйнага правапарушэння. Пасля пачатку адміністрацыйнага працэсу прыпыненне дзейнасці можна разглядаць і як меру забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, нароўні з іншымі мерамі, прадугледжанымі ПВКабАП. У той жа час прыпыненне дзейнасці з пункта гледжання карных вынікаў для юрыдычных асоб можа быць аднесена да адміністрацыйных спагнанняў толькі пры замацаванні ў КабАП адпаведных саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў. Міністэрства юстыцыі мяркуе, што прыпыненне дзейнасці па сваёй прававой прыродзе можа прымяняцца ў якасці розных мер уздзеяння на юрыдычныя асобы за парушэнне заканадаўства і ў розным парадку, што, у сваю чаргу, патрабуе сістэмнага і комплекснага падыходу да прававога рэгулявання дадзенай сферы праваадносін. Адначасова пры замацаванні прыпынення дзейнасці ў якасці адміністрацыйнага спагнання трэба ўлічваць неабходнасць прытрымлівання балансу паміж прававым палажэннем юрыдычнай асобы ў выніку прымянення дадзенай меры адказнасці і рэальным практычным эфектам ад яе прымянення ў мэтах стрымання проціпраўных дзеянняў. Акрамя таго, у выпадку аднясення прыпынення дзейнасці да відаў адміністрацыйных спагнанняў спатрэбіцца сістэмны перагляд заканадаўства ў сферы прымянення названага прававога інстытута.

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) указвае, што па сваёй спецыфіцы прыпыненне дзейнасці носіць папераджальны (выкараняльны) характар, паколькі выступае сродкам стрымання правапарушэння або прымяняецца да дзейнасці, ствараючай пагрозу прычынення шкоды, якая можа наступіць ад выяўленага адміністрацыйнага правапарушэння, гэта значыць уяўляе сабой меру стрымання (прымусу), што забяспечвае вядзенне па справе. Прыпыненне дзейнасці суб'екта гаспадарання па сваёй прыродзе не з'яўляецца адміністрацыйным пакараннем у сілу таго, што яно не адпавядае мэце адміністрацыйнага пакарання ў тым разуменні, якое закладзена заканадаўцам у частцы 3 артыкула 6.1 КабАП. У сувязі з гэтым НЦЗПД мяркуе, што прававая нявызначанасць, якая патрабуе замацавання прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў як віду адміністрацыйнага спагнання, у КабАП адсутнічае.

Юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адзначае, што прыпыненне дзейнасці ў залежнасці ад мэты і падстаў прымянення можа выступаць у якасці розных па сваёй прававой прыродзе мер адміністрацыйнага прававога прымусу. Прыпыненне дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў можа разглядацца па сваёй сутнасці як пакаранне, гэта значыць адміністрацыйнае спагнанне. Прававая сутнасць дадзенай меры адміністрацыйнага прававога прымусу, а таксама існуючая нявызначанасць у яе прававой рэгламентацыі сведчыць аб магчымасці яе ўстанаўлення ў КабАП як меры адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, указваецца, што ў ходзе адміністрацыйнага працэсу да моманту вынясення рашэння па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні магчыма прыпыненне дзейнасці ў якасці меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, парадак прымянення якой павінен быць рэгламентаваны ў главе 8 ПВКабАП.

3. Згодна з Канстытуцыяй ў Рэспубліцы Беларусь усім гарантуюцца роўная абарона і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, а таксама роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (часткі другая, чацвёртая артыкула 13).

Па сэнсе прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў ва ўзаемасувязі з палажэннямі артыкулаў 2, 21 і 22 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь павінны стварацца максімальна спрыяльныя ўмовы для функцыянавання эканамічнай сістэмы ў цэлым, што падразумявае неабходнасць стымулявання свабоднай гаспадарчай дзейнасці суб'ектаў грамадзянскага абароту і прыняцця спецыяльных мер, накіраваных на абарону іх правоў і законных інтарэсаў, пры ажыццяўленні дзяржаўнага рэгулявання эканомікі.

Разам з тым у сілу прынцыпу справядлівасці, што праяўляецца, у прыватнасці, у неабходнасці забеспячэння балансу правоў і абавязкаў усіх удзельнікаў грамадзянскага абароту, свабода, прызнаваемая за асобамі, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую і іншую не забароненую законам эканамічную дзейнасць, і гарантуемая ім абарона павінны быць ураўнаважаны звернутым да гэтых асоб патрабаваннем адказных адносін да правоў і свабод тых, каго закранае іх гаспадарчая дзейнасць.

Кантрольная функцыя дзяржавы, якая ажыццяўляецца органамі дзяржаўнай улады ў межах замацаванай за імі кампетэнцыі, па сваёй канстытуцыйна-прававой прыродзе характарызуецца арганізуючым і рэгулюючым уздзеяннем на грамадскія адносіны. Правы органаў дзяржаўнага кіравання па прыпыненні дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў замацаваны ў адпаведных заканадаўчых актах.

Так, згодна з артыкулам 36 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 1993 года «О пожарной безопасности» органам дзяржаўнага пажарнага нагляду для выканання ўскладзеных на іх абавязкаў надаецца права прыпыняць (забараняць) дзейнасць арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых асоб, якія правяраюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, іх цэхаў (вытворчых участкаў), абсталявання, вытворчасць і (або) рэалізацыю тавараў (работ, паслуг), а таксама прыпыняць (забараняць) эксплуатацыю дзяржаўнымі органамі, натарыусамі і грамадзянамі будынкаў, збудаванняў, памяшканняў, машын, прыбораў, абсталявання і іншых прыстасаванняў, вытворчасць і (або) рэалізацыю тавараў (работ, паслуг) у выпадку выяўлення ствараючых пагрозу прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб пажарнай бяспецы.

Артыкулам 62 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 1998 года «О радиационной безопасности населения» прадугледжана, што Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння радыяцыйнай бяспекі ў межах сваёй кампетэнцыі прымае рашэнні аб поўным або частковым прыпыненні дзейнасці па абыходжанні з крыніцамі іанізуючага выпраменьвання і эксплуатацыі аб'ектаў абыходжання з радыеактыўнымі адходамі да ліквідацыі выяўленага парушэння патрабаванняў нарматыўных прававых актаў у галіне забеспячэння радыяцыйнай бяспекі.

У артыкуле 33 Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 года «О санитарно-эпидемиологическом благополучии населения» вызначана, што органы і ўстановы, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, іх службовыя асобы пры правядзенні ва ўстаноўленым парадку праверак маюць права прыпыняць выкананне работ і аказанне паслуг у выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю насельніцтва.

Парадак арганізацыі і ажыццяўлення кантролю (нагляду) у Рэспубліцы Беларусь у форме праверак, а таксама правы і абавязкі кантралюючых (наглядных) органаў, у тым ліку ў частцы прыпынення дзейнасці, вызначаны Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення праверак, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 «О совершенствовании контрольной (надзорной) деятельности в Республике Беларусь».

Такім чынам, названымі і іншымі заканадаўчымі актамі прадугледжваецца, што ў выпадках проціпраўнасці дзеянняў, якая заключаецца ў парушэнні заканадаўства, што цягне стварэнне пагрозы нацыянальнай бяспецы, прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва, навакольнаму асяроддзю, магчыма прыпыненне (забарона) дзейнасці гаспадарчых суб'ектаў, іх цэхаў (вытворчых участкаў), абсталявання, вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), эксплуатацыі транспартных сродкаў, аперацый па рахунках і да т.п.

4. У дзяржаўным кіраванні пры ажыццяўленні кантрольных (наглядных) мерапрыемстваў прымяняюцца меры адміністрацыйнага прымусу, якія дазваляюць пры дапамозе сістэмы прававых абмежаванняў, пазбаўленняў або абцяжарванняў прымусіць абавязаных асоб выконваць ускладзеныя на іх абавязкі і ўстаноўленыя законам забароны, а таксама забяспечыць бяспеку асобы, грамадства і дзяржавы ад патэнцыяльных і рэальных пагроз.

Пры гэтым прыпыненне дзейнасці ў залежнасці ад мэты і падстаў прымянення можа выступаць у якасці розных па сваёй прававой прыродзе мер адміністрацыйнага прававога прымусу. У прыватнасці, яно можа служыць мерай папераджальнага характару, якая прымяняецца для недапушчэння шкодных для дзяржавы і грамадства наступстваў. Як правіла, адміністрацыйна-папераджальныя меры прымяняюцца для прадухілення проціпраўнага дзеяння, яго наступстваў або недапушчэння невыканання асобай ускладзеных на яе абавязкаў. Падставай прымянення мер прымусу ў падобных выпадках выступае меркаванне аб магчымасці наступлення неспрыяльных наступстваў. Такія меры павінны выкарыстоўвацца пры наяўнасці дакладных звестак аб верагоднасці іх наступлення, аказваць мінімальнае ўздзеянне на суб'ект, але быць дастатковымі для іх недапушчэння або мінімізацыі.

Як мера стрымання прыпыненне дзейнасці можа прымяняцца пры выяўленні правапарушэння для яго неадкладнага спынення. Сутнасць стрымання як самастойнай формы прымусу заключаецца ў спыненні проціпраўнага дзеяння (правапарушэння).

У цяперашні час калі дзейнасць суб'екта прызнаецца проціпраўнай (у адпаведнасці з тэрміналогіяй шэрагу заканадаўчых актаў — «у выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства»), то выносіцца прадстаўленне аб прыпыненні дзейнасці на пэўны тэрмін, вынікам чаго з'яўляюцца абмежаванні ў правах на гэты перыяд, якія ўплываюць на асноўны змест дзейнасці арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка. У такім выпадку дадзеная мера можа разглядацца як адміністрацыйнае спагнанне, паколькі мэта яе прымянення заключаецца не толькі ў спыненні ўзнікшай пагрозы, але і ў папярэджанні ўчынення новых адміністрацыйных правапарушэнняў дадзеным суб'ектам і іншымі асобамі.

Дзяржаўнае рэгуляванне гаспадарчай дзейнасці ўяўляе сабой мэтанакіраваную дзейнасць адпаведных заканадаўчых, выканаўчых і кантралюючых органаў, якія пры дапамозе розных форм і метадаў, у тым ліку адміністрацыйнага прымусу, забяспечваюць дасягненне пастаўленых мэт, вырашэнне розных эканамічных і сацыяльных задач, выкарыстоўваючы і прыпыненне дзейнасці юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў.

Фактычнымі падставамі вынясення рашэнняў аб прыпыненні дзейнасці органамі дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй выступаюць дзеянні асоб, якія звязаны з парушэннем пэўных прававых норм і, адпаведна, носяць характар адміністрацыйных правапарушэнняў, а самі рашэнні па сваёй прававой прыродзе валодаюць усімі прыметамі і маюць характар меры юрыдычнай адказнасці, выступаюць разнавіднасцю адміністрацыйных спагнанняў, але па сваёй форме такімі не з'яўляюцца. Разглядаемыя меры, будучы мерамі адміністрацыйнага стрымання, павінны прымяняцца ў выпадку ўчынення проціпраўных дзеянняў, у прыватнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, у асобым працэсуальным парадку ў працэсе ажыццяўлення праваахоўнай дзейнасці дзяржаўных органаў.

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць у выпадку ўчынення дзеяння, якое мае прыметы адміністрацыйнага правапарушэння, накладаць на асобу, якая яго ўчыніла, праваабмежаванні, што носяць характар санкцый.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў шэрагу выпадкаў характар учыняемых дзеянняў сведчыць аб тым, што яны ствараюць рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, абароне правоў і свабод іншых асоб, у сувязі з чым дзейнасць, у ходзе ажыццяўлення якой дапушчаны такія парушэнні, павінна быць прыпынена. Адміністрацыйнае прыпыненне дзейнасці як мера адміністрацыйнага прымусу, прымяняемая да суб'ектаў, што ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць, звязана з абмежаваннямі арганізацыйнага і эканамічнага характару.

Такім чынам, у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь бачыцца прававая нявызначанасць у рэгуляванні праваадносін у сферы адміністрацыйнай адказнасці, звязаная з адсутнасцю норм, што ўстанаўліваюць меру адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якая мае на мэце, з аднаго боку, непасрэднае ўздзеянне на правапарушальніка, накіраванае на стрыманне і папярэджанне правапарушэння, а з другога — абарону значных дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, ліквідацыя прававой нявызначанасці магчыма пры дапамозе ўключэння ў главу 6 КабАП такога самастойнага віду адміністрацыйнага спагнання, як адміністрацыйнае прыпыненне дзейнасці.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам Еўразійскага эканамічнага саюза. Пры гэтым удзел краін у інтэграцыйных працэсах падразумявае ўніфікацыю іх фінансавага, эканамічнага і мытнага заканадаўства, уключаючы ўніфікацыю норм аб юрыдычнай адказнасці.

Канстытуцыйны Суд мяркуе неабходным звярнуць увагу на рэгуляванне сходных грамадскіх адносін заканадаўствам іншых дзяржаў. Так, згодна з Кодэксам Расійскай Федэрацыі аб адміністрацыйных правапарушэннях да відаў адміністрацыйных спагнанняў аднесена адміністрацыйнае прыпыненне дзейнасці (пункт 9 часткі 1 артыкула 3.2). У адпаведнасці з артыкулам 3.12 дадзенага Кодэкса адміністрацыйнае прыпыненне дзейнасці заключаецца ў часовым спыненні дзейнасці асоб, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы, юрыдычных асоб, іх філіялаў, прадстаўніцтваў, структурных падраздзяленняў, вытворчых участкаў, а таксама эксплуатацыі агрэгатаў, аб'ектаў, будынкаў або збудаванняў, ажыццяўлення асобных відаў дзейнасці (работ), аказання паслуг.

Улічваючы, што адміністрацыйнае прыпыненне дзейнасці з'яўляецца сродкам прававога ўздзеяння на юрыдычныя асобы і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць, устанаўленне дадзенай меры ў якасці адміністрацыйнага спагнання ў КабАП будзе накіравана таксама на ўніфікацыю адміністрацыйнага заканадаўства.

5. КабАП змяшчае шэраг норм, што вызначаюць такія саставы правапарушэнняў, пры выяўленні прымет якіх з мэтай стрымання адпаведных проціпраўных дзеянняў і пачатку адміністрацыйнага працэсу неабходна часовая забарона дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, аднак у ПВКабАП падобная мера забеспячэння адміністрацыйнага працэсу не прадугледжана.

Павышэнне ўзроўню абароны правоў суб'ектаў гаспадарання ў сферы праваадносін, звязаных з адміністрацыйным прыпыненнем дзейнасці, падразумявае ўключэнне ў ПВКабАП такой меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, як часовая забарона дзейнасці. Сутнасць дадзенай меры заключаецца ў частковым або поўным абмежаванні некаторых правоў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Аб'ектам дзяржаўна-ўладнага ўздзеяння выступаюць маёмасныя правы, неабходныя для ажыццяўлення любых відаў дзейнасці, не забароненых законам. У выніку прымянення часовай забароны дзейнасці закранаецца канстытуцыйнае права кожнага на свабоднае выкарыстанне здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыі).

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі, якія ўстанаўліваюць, з аднаго боку, абавязак дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59), а з другога — права на спагнанне ў судовым парадку як маёмаснай шкоды, так і матэрыяльнага кампенсавання маральнай шкоды (частка другая артыкула 60), у сістэмным адзінстве з канстытуцыйнымі прынцыпамі прававой дзяржавы, крытэрыямі дапушчальных абмежаванняў правоў і свабод і гарантыямі дзяржаўнай, у тым ліку судовай, абароны (артыкул 22, частка першая артыкула 23, артыкул 60), прымяненне прымусовых мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу будзе з'яўляцца законным, калі акт аб прымяненні дадзеных мер выдадзены на падставе спецыяльнага закона і па сутнасці адпавядае канстытуцыйным патрабаванням справядлівасці і суразмернасці.

З улікам выкладзенага юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, у адносінах да якіх вынесены акт аб прымяненні прымусовых мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, павінны мець магчымасць рэалізаваць сваё права на судовую абарону, у тым ліку праз справядлівае правасуддзе.

Замацаванне ў ПВКабАП указанай меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу ў выглядзе часовай забароны дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў мае на мэце ўстанаўленне працэсуальнай гарантыі абароненасці правоў суб'ектаў гаспадарання, уключаючы права на свабоднае выкарыстанне сваіх здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці.

6. Прадугледжанае Канстытуцыяй права кожнага на судовую абарону (частка першая артыкула 60) выступае гарантыяй рэалізацыі ўсіх іншых канстытуцыйных правоў і свабод і носіць універсальны характар.

Пры ўстанаўленні прававога рэгулявання прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку пры вызначэнні саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, відаў адміністрацыйных спагнанняў, а таксама мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, заканадавец у сілу артыкулаў 21, 23, 97 і 98 Канстытуцыі абавязаны зыходзіць з недапушчальнасці адмены або прымяншэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, як яны прызнаюцца і гарантуюцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, а таксама з магчымасці іх абмежавання толькі законам суразмерна канстытуцыйна значным мэтам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

У мэтах павышэння ўзроўню абароны правоў і свабод грамадзян у сферы праваадносін, звязаных з адміністрацыйнай адказнасцю, заканадаўчыя механізмы ў гэтай сферы, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, павінны адпавядаць вынікаючаму з артыкулаў 21, 22, 23 і 60 Канстытуцыі абавязку дзяржавы ў поўнай меры забяспечваць ажыццяўленне права на судовую абарону, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у КабАП палажэнняў аб адказнасці за парушэнні заканадаўства, якая выражаецца ў адміністрацыйным прыпыненні дзейнасці як відзе адміністрацыйнага спагнання, а ў ПВКабАП — такой меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, як часовая забарона дзейнасці, сведчыць аб наяўнасці прававой нявызначанасці заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін. Гэта можа прыводзіць да парушэння правоў суб'ектаў гаспадарання, паколькі права на судовую абарону ўключае ў сябе не толькі права на зварот у суд, але і гарантаваную дзяржавай магчымасць атрымання рэальнай судовай абароны, а таксама канкрэтныя гарантыі ацэнкі законнасці дзеянняў (бяздзейнасці) упаўнаважаных суб'ектаў з пункту гледжання выканання імі норм законаў, абгрунтаванасці прыпынення дзейнасці, гэта значыць яго адпаведнасці канстытуцыйным патрабаванням справядлівасці, суразмернасці, а таксама прававой бяспекі.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ліквідацыя прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у заканадаўчых актах шляхам устанаўлення ў КабАП адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства, якая выражаецца ў адміністрацыйным прыпыненні дзейнасці як відзе адміністрацыйнага спагнання, а ў ПВКабАП — такой меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, як часовая забарона дзейнасці, накіравана на рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам.

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

ВЫРАШЫЎ:

1. У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, роўнасці ўсіх перад законам прызнаць неабходным устараніць прававую нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і іншыя акты заканадаўства, звязаныя з прававым рэгуляваннем прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч

25 мая 2016 г.
г. Мінск

№ Р-1034/2016

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».