Вы тут

Прайшоў «круглы стол» «Беларуская літаратура ў Расіі: сёння і заўтра»


У Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прайшоў «круглы стол» «Беларуская літаратура ў Расіі: сёння і заўтра».

Як беларускае слова падарожнічае па свеце? Каго перакладаюць у блізкіх і далёкіх ад Беларусі краінах? Каго з беларускіх пісьменнікаў проста ведаюць на планеце? Несумненна, для айчыннай літаратуры гэтыя пытанні з'яўляюцца надзвычай хвалюючымі, важнымі. І, канешне ж, ва ўсе дзесяцігоддзі, а мо нават і ва ўсе стагоддзі пытанні такога кшталту разглядаліся найперш у фармаце беларуска-расійскіх зносін. Уражлівым у гэтым плане з'яўляецца дваццатае стагоддзе, калі і Расія многім мільёнам чытачоў адкрывала беларускую літаратуру, беларускі мастацкі свет, а яшчэ — праз рускую мову, праз магчымасці маскоўскіх выдавецтваў і найперш маскоўскіх масмедыя ўводзіла лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў у іншыя краіны. Тым больш, што быў і вопыт выдання раманаў, аповесцяў, апавяданняў, паэтычных твораў нацыянальных літаратур у Маскве і на англійскай, ды іншых мовах свету. Адзін толькі вопыт часопіса «Савецкая літаратура» чаго варты! Дзякуючы гэтаму выданню творы і многіх у тым ліку беларускіх пісьменнікаў былі перакладзены на англійскую, іспанскую, нямецкую, французскую мовы. А з 1949 года часопіс выходзіў і па-польску. Можна прыгадаць яшчэ і маскоўскае выдавецтва «Прогресс»...


А як жа сітуацыя складваецца сёння? Што захавалася ў зносінах беларускай і рускай літаратур? Ці ёсць цікавасць выдаўцоў Масквы, Санкт-Пецярбурга, іншых куточкаў Расіі да беларускай літаратуры? Ці заўважаюць беларускае мастацкае слова літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні Расіі?.. Пра гэта і гаварылі ўдзельнікі «круглага стала».

Фармат размовы

Тэмаў у абсягах, якія кранае сама назва «круглага стала», — безліч. І гэта адчуваецца яшчэ і таму, што не так часта ўсё ж збіраюцца зацікаўленыя асобы для размоў і дыскусій. Таму ідэю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якое і стала галоўным ініцыятарам правядзення «круглага стала», можна толькі вітаць. Да партнёрства ў арганізацыі творчага праекта далучыліся Саюз пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкі дом «Звязда». Падаецца прадстаўнічым і ўдзел расійскага боку. З вітальнымі словамі ў самым пачатку работы «круглага стала» выступілі Спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, выканаўчы дырэктар Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД Анатоль Іксанаў, генеральны дырэктар «Российской газеты» Павел Нягоіца.

І тут нельга не згадаць сказанае Паўлам Нягоіцам. «Российская газета» і беларуска-расійскі дадатак да яе «Союз. Беларусь — Россия» (у «круглым стале» ўдзельнічала і яго рэдактар Вольга Герасіменка) дастаткова ўважлівыя да гуманітарнай тэматыкі. Адпаведна — да сучаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі і Расіі. Генеральны дырэктар перакананы, што веданне пра культуру, яе традыцыі, здабыткі, сучасны стан якраз і збліжае народы. Пра гэта былі словы і ў вітанні ўдзельнікам «круглага стала» ад імя старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца.

А што да МФГС, то менавіта дзякуючы яго шматграннай рабоце ў Беларусі і Расіі наладжаны добры мост зносін. Серыя кніг Выдавецкага дома «Звязда» «Созвучие сердец» якраз і дапамагла асобнай бібліятэкай паказаць сучасную літаратуру Беларусі. Ведаю, што многія перакладчыкі ў рэгіёнах Расіі якраз для знаёмства з беларускай паэзій і прозай апошніх гадоў і карыстаюцца гэтай кніжнай серыяй з 11 зборнікаў, а таксама — альманахам «Созвучие» (пабачылі свет тры выпускі). Значыць, высновай з гэтай часткі размовы вынікае важная задача: трэба ўмець расказаць пра тое, што робіцца, данесці да чытача і калег-пісьменнікаў, перакладчыкаў самі творы ці інфармацыю пра іх.

Не аднойчы гаварыла якраз пра гэта і міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Святлом, якое павінна паўплываць на развіццё актыўнасці ў беларуска-расійскіх літаратурных, кніжных стасунках, павінна стаць падрыхтоўка да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання (жнівень 2017 года). Уражальным вопытам у гэтым плане Лілія Станіславаўна назвала анталогію «Францыск Скарына на мовах народаў свету», дзе вядомыя беларусам словы з адной скарынаўскай прадмовы гучаць на 64 мовах. І ў дзясятках паэтычных выкладанняў — на мовах народаў Расіі. Другое выданне гэтай анталогіі ўжо пабачыць свет з падтрымкай расійскага боку.

Зробленае сёння як трывалы грунт...

У апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў два расійскія творчыя праекты добрасумленна дапамагалі чытачам Расіі не згубіць уяўленні пра беларускую літаратуру. Найперш — «Литературная газета» з тэматычным дадаткам «Лад». І — штогадовы «беларускі нумар» часопіса «Наш современник». Гэтыя выпускі здзяйсняліся пры фінансавай падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. За гады дзясяткі беларускіх пісьменнікаў былі прадстаўлены сваімі новымі творамі праз пераклады на рускую мову, зробленыя, між іншым, як у Беларусі, так і ў Расіі. Для паэтаў, празаікаў, якія жывуць і працуюць у Мінску, іншых рэгіёнах Беларусі, такія публікацыі станавіліся выхадам у шырокі свет. Нядаўна давялося пагутарыць з народным паэтам Татарстана Рэнатам Харыса: якраз пісьменніцкую газету і «Наш современник» ён назваў крыніцамі, вокнамі, што насычалі яго святлом беларускага мастацкага слова ў апошні час. Ці прадоўжыцца такая практыка заўтра? Пра гэта з трывогай гаварыў рэдактар аддзела прозы часопіса «Наш современник», вядомы рускі пісьменнік Яўген Шышкін.

Напрацаваны вопыт беларуска-расійскіх зносін і ў дырэктара выдавецтва «Художественная литература» Георгія Прахіна. Ён — часты госць у Беларусі, добра ведае сучасную беларускую літаратуру.

Георгій Уладзіміравіч вылучыў шэраг ідэй, якія маглі б рэалізавацца ў яго выдавецтве. Пра вартасць супольнай рэалізацыі праектаў па знаёмстве ў Расіі з беларускай літаратурай гаварыў на «круглым стале» і галоўны рэдактар часопіса «Роман-газета» Юрый Казлоў. У партфелі яго выдання — адмысловы беларускі нумар, які складаецца з аповесцяў, што былі надрукаваны ў беларускіх часопісах у апошнія гады. Але і расійскім выдаўцам, і беларускім аўтарам, а яшчэ і чытачам аднолькава важна, каб гэты выпуск патрапіў і ў Беларусь.

Удзельнічаў у рабоце «круглага стала» і вядомы рускі паэт, перакладчык Сяргей Главюк. Менавіта дзякуючы яго руплівасці з'явілася адмысловая анталогія беларускай паэзіі на рускай мове. Праўда, пра яе мала ведаюць у самой Беларусі. З падтрымкай гэтага расійскага праекта маглі б, несумненна, выступіць нашы айчынныя бібліятэкі. Як гэта толькі зрабіць?.. Але ж пытанне патрабуе вырашэння. Мо тады і самі выдаўцы будуць працаваць больш ініцыятыўна — з жаданнем прадставіць новы плён сучаснай беларускай паэзіі. Сяргея Главюка добра ведаюць у славянскім свеце. І яго ўвага да беларускай нацыянальнай паэзіі — гэта яшчэ і пашырэнне сусветнай вядомасці беларускай літаратуры.

Заўтрашнія спадзяванні

Так склалася, што сярод удзельнікаў «круглага стала» ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расійскай Федэрацыі было шмат даўніх рупліўцаў на ніве беларуска-расійскага літаратурнага яднання. Гэта — і рускі і беларускі празаік, паэт, публіцыст, палітолаг, намеснік старшыні ФНКА «Беларусы Расіі» Валерый Казакоў, і публіцыст, старшыня ФНКА «Беларусы Расіі», доктар псіхалагічных навук Сяргей Кандыбовіч, і паэт, празаік, перакладчык, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, і перакладчык, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота, рускі паэт Анатоль Усаў (між іншым, родам з Беларусі — з Гомельшчыны)... І ў час размовы, пра якую ідзе гаворка, і раней — на падобных сустрэчах і дыскусіях не толькі ў Маскве, але і ў Мінску — яны заўсёды вылучалі і вылучаюць розныя практычныя ідэі. Вопыт гэтых ініцыятараў беларуска-расійскага літаратурнага супрацоўніцтва значыць вельмі і вельмі шмат. Таму да іх падказак варта і прыслухацца. Даўно, напрыклад, наспела патрэба арганізацыі шырокага беларуска-расійскага творчага семінара літаратурнай моладзі. І з абавязковай секцыяй мастацкага перакладу ў ім. Літаратура — гэта заўсёды асобы. І калі, напрыклад, пасябруюць тыя ці іншыя творцы, пагутараць адзін з адным часам — і сам-насам, то, відаць, карысці з гэтага будзе не меней, а шматкроць болей, чым з іншай нарады.

Літаратурную моладзь нашых краін яднае і конкурс «Мост дружбы», які ладзіць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Хацелася б, каб у конкурсу было доўгае жыццё. Тым больш, што па яго выніках выходзіў альманах на дзвюх мовах. Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч заўважыла, што сёлета ў Беларусі распачаты конкурс на лепшы твор сярод моладзі Расіі і Беларусі і іншых краін СНД. Заснавалі яго міністэрства і Выдавецкі дом «Звязда».

...«Круглы стол» «Беларуская літаратура ў Расіі: сёння і заўтра», несумненна, мог бы стаць асновай да грунтоўнай навукова-практычнай канферэнцыі на тэму «Беларуска-расійскія літаратурныя адносіны на сучасным этапе». Але ў арганізацыі такой дыскусійнай і вельмі вартай, своечасовай тэматычнай пляцоўкі, канешне ж, не абысціся без удзелу навукоўцаў. У першую чаргу — Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага Расійскай акадэміі навук. Каб не згубіць напрацаванае раней, каб разам ісці наперад, трэба вылучаць і рэалізоўваць новыя ініцыятывы, умацоўваць грунт творчых зносін і сёння.

Павел АЛЬСОВЫ,

Масква — Мінск

Загаловак у газеце: Роднае слова: дарога ў шырокі свет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?