Вы тут

У мантыях і пырсках кетчупу


У беларускіх школах прагучалі апошнія званкі. А 10 і 11 чэрвеня для адзінаццацікласнікаў адшумяць выпускныя вечары. Сустрэча выпускнікамі світання — адна з даўніх традыцый школьнікаў на постсавецкай прасторы, якой усе імкнуцца прытрымлівацца, нават калі хтосьці час ад часу на яе замахваецца... А якія традыцыі існуюць у іншых краінах?


Фу­раж­кі — аба­вяз­ко­вы ат­ры­бут вы­пуск­ні­коў гім­на­зій у Шве­цыі.

Хто б мог падумаць, але самыя заўзятыя тусоўшчыкі — гэта скандынавы! Фуражкі — абавязковы атрыбут усіх выпускнікоў шведскіх гімназій. Гэты галаўны ўбор не перадаюць у спадчыну ад старэйшых да малодшых, хоць яго кошт нельга назваць сімвалічным (як бурчаць бацькі). Звычайна на фуражках напісаны назва навучальнай установы і год яе заканчэння. Дзяўчаты ў Швецыі надзяваюць на свой выпускны белыя ці проста светлыя сукенкі. Плюс —
і хлопцы, і дзяўчаты накідваюць зверху цёмныя пінжакі.

У невялікіх гарадках пад урачыстую частку выпускнога задзейнічаюць гарадскія плошчы. Яны запаўняюцца людзьмі, якія трымаюць над галавой транспаранты. Недасведчанаму чалавеку можа здацца, што ў горадзе праходзіць мітынг. Насамрэч бацькі трымаюць у руках вельмі кранальныя фотаздымкі маленькіх дзяцей, якія ўжо выраслі і скончылі школу. У многіх — букеты з жоўтых і блакітных хрызантэм (гэта колеры нацыянальнага сцяга Швецыі). Слёзы радасці, жарты, смех, малодшыя браты і сёстры ў «групе падтрымкі», выпускнікі на сцэне...

Святочная «дэманстрацыя» з нагоды заканчэння гімназіі з дзіцячымі фотаздымкамі студэнтаў.

А пасля ўрачыстай часткі свята выпускнікі ездзяць па горадзе ў адкрытых машынах, упрыгожаных галінкамі бярозы. Пажадана, каб гэта была менавіта вялікая машына. Знайсці такія аўто — няпростая задача для маладых людзей. Тым не менш яны з ёй паспяхова спраўляюцца, бо традыцыі ёсць традыцыі. На борт абавязкова чапляюцца транспаранты з вясёлымі надпісамі. З машын грыміць музыка, гучаць крычалкі. Але ніхто ў горадзе і слова не скажа супраць маладых людзей, якія «крышачку шумяць», бо ўсе лічаць, што выпускнікі маюць на тое права — гэта іх дзень. Бацькі збіраюцца ўвечары ў сваіх кампаніях, каб адзначыць апошняе школьнае свята, а «дзеці» гуляюць па ўласнай праграме. Дарэчы, гімназію ў Швецыі заканчваюць у 18—19 гадоў. Па нашых мерках, даволі позна...

Нарвежскія выпускнікі ў сваёй эксцэнтрычнасці не адстаюць ад шведскіх. Іх апошні званок доўжыцца аж 17 дзён: з 1 мая да Дня Канстытуцыі. У гэты час яны носяць яркую вопратку і раз'язджаюць у адкрытых арандаваных аўтобусах і фургонах са сваімі сябрамі, а таксама ладзяць пешаходныя працэсіі. Драйву вясёлым «пакатанням» дабаўляюць змаганні ў такіх вясёлых намінацыях, як «Найлепшае гукавое суправаджэнне» і «Аўтобус года».

У нар­веж­скіх вы­пуск­ні­коў апош­ні зва­нок доў­жыц­ца 17 дзён.

У сонечнай і жыццярадаснай Аргенціне выпускнікоў сустракаюць пырскамі... не, не шампанскага, а кетчупу, разнастайных сіропаў, ёгуртаў і іншых вадкіх прадуктаў. Яшчэ адна традыцыя — надразаць нажніцамі вопратку выпускніка. Зразумела, чаму ўсе выпускнікі надзяваюць звычайныя джынсы і футболкі!

Італьянскія традыцыі падобныя да аргенцінскіх. Выпускнікам у гэтай краіне таксама трэба будзе перажыць «гастранамічны» шквал. На шчасце, тут не прынята рэзаць адзенне, затое належыць звязваць шнуркі на чаравіках і скакаць у такім выглядзе. Бацькі выпускнікоў таксама прымаюць удзел у святочнай феерыі, упрыгожваючы галавы сыноў і дачок лаўровымі вянкамі, як у Старажытным Рыме.

Кітайскія выпускніцы хочуць адчуць сябе нявестамі і таму бяруць напракат сапраўдныя вясельныя сукенкі. Бацькі звычайна не прымаюць удзел у цырымоніі развітання са школай, і выпускнікі адзначаюць апошні званок у асяроддзі аднакласнікаў.

У Філіпінах выпускны праходзіць у сакавіку ці красавіку. Калі выпускнікі спускаюцца са сцэны, на іх вешаюць кветкавыя гірлянды. Святочныя цырымоніі прынята арганізоўваць і для выпускнікоў пачатковай школы. Стандартны ўбор для выпускнога ўключае класічныя мантыі і капелюшы. А пад мантыю выпускнікі апранаюць сваю звычайную школьную форму.

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».