Вы тут

«Буду памятаць шчаслівыя гады»


Неўзабаве я пераступлю парог школы ў апошні раз. Здавалася б, трэба радавацца, бо больш не будзе хатніх заданняў, урокаў, гары кніг, якія кожную раніцу даводзілася несці на заняткі. Але мне чамусьці сумна расставацца з усім гэтым...

Памятаю, зусім нядаўна я першы раз села за школьную парту: маленькая дзяўчынка з доўгімі коскамі, упрыгожанымі вялікімі белымі бантамі. Час ляцеў непрыкметна, і вось для нас празвінеў апошні званок. Я з гонарам прымерала стужку выпускніка
і не змагла стрымаць слёз, слухаючы развітальную прамову дырэктара.


Фота: foto.vseprosto.net

Напэўна, складаней за ўсё будзе расстацца з аднакласнікамі, якія прысутнічаюць у маім жыцці ўжо 11 гадоў. За гэты час мы перажылі многае: былі і слёзы, і смех, і сум, і радасць. Мы раслі адно ў аднаго на вачах. Мяняліся не толькі знешне, але і ўнутрана. Мяне заўсёды здзіўляла, якія ж розныя па сваёй натуры дзяўчаты і хлопцы сабраліся ў адным класе.

А яшчэ я ганаруся тым, што з усёй паралелі наш 11 «А» лічыцца самым моцным.

З аднакласнікамі ў мяне звязана шмат цікавых успамінаў. Напрыклад, я ніколі не забуду, як хлопчыкі віншавалі нас з 8 Сакавіка. Раніцай сабралі ўсіх у класе. Мы былі вельмі заінтрыгаваныя, убачыўшы толькі іх партфелі, саміх жа хлопцаў нідзе не было. Сядзелі і гадалі, які ж сюрпрыз яны прыдумалі для нас. Але пра тое, што адбылося потым, ніхто і думкі не дапускаў. Класная кіраўніца запрасіла нас да акна і... Мы ўбачылі нашых аднакласнікаў у прыгожых касцюмах, з музычнымі інструментамі ў руках. У гэтую ж хвіліну зайграла музыка, і яны пачалі спяваць для нас серэнаду. Дзяўчаты былі ў захапленні!. Але гэта быў яшчэ не ўвесь сюрпрыз. Неўзабаве ўсіх дзяўчатак сабралі зноў, уручылі аркуш паперы з напісанай загадкай і адправілі ў невялікае падарожжа. Нас чакаў самы сапраўдны квэст: трэба было разгадаць месца і знайсці там наступную падказку. Такім чынам мы абышлі ўвесь горад. Дзе толькі не пабывалі: і каля славутага манастыра картэзіянцаў, і на аўтастанцыі, і нават у паліклініку па падказку прыйшлося забегчы. Пад канец мы былі зусім знясіленыя, ногі ледзь трымалі, і балела ўсё цела. Можа, хлопчыкі захацелі нам так «адпомсціць» за тое, што на 23 лютага, перш чым уручыць ім падарункі, мы прымусілі іх адціскацца? Але такое пешае падарожжа каштавала таго. Канчатковым пунктам аказалася адкрытае поле. Там нас чакалі аднакласнікі. Яны яшчэ раз павіншавалі са святам, уручылі рыдлёўку і сказалі, што дзесьці тут закапаны наш падарунак. Напэўна, прайшла цэлая вечнасць, пакуль мы здагадаліся, дзе ён ляжыць. З дапамогай хлопчыкаў адкапалі скрынку — у ёй былі падарункавыя сертыфікаты ў фірменную краму. А напрыканцы нас пракацілі на конях...

Вядома ж, якая школа без настаўнікаў? У нас яны самыя ўважлівыя і справядлівыя. Любімымі ўрокамі ў мяне заўсёды былі руская мова і літаратура, якія выкладала Святлана Віктараўна Глінская. Яшчэ ў малодшых класах я палюбіла чытаць кнігі і заўсёды з захапленнем слухала пра лёсы пісьменнікаў і іх творы. Нашай школе асабліва пашанцавала з настаўніцай біялогіі Валянцінай Мікалаеўнай Дземідовіч і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Таццянай Віктараўнай Каштальян. Яны заўсёды былі добрымі, вясёлымі, гатовымі пайсці насустрач, цярпелі нашы не заўсёды прыкладныя паводзіны і падтрымлівалі ў любой сітуацыі. Не магу не адзначыць самага, як мне здаецца, жыццярадаснага настаўніка ў нашай школе — Віктара Мікалаевіча Козленя. Ён выкладаў у нас інфарматыку. На яго ўрокі я заўсёды хадзіла з радасцю, таму што ведала, што ён абавязкова рассмешыць нас якім-небудзь анекдотам альбо цікавай гісторыяй з жыцця.

Зусім хутка я развітаюся са сваімі аднакласнікамі і настаўнікамі, з гэтай вялікай сям'ёй, у якой прайшло маё сталенне. Пасля гэтага мне адкрыецца новы свет: свет магчымасцяў, свет праблем і абавязкаў.

Наперадзе нас чакаюць новыя людзі, новыя падзеі і эмоцыі. Гэта ўсё роўна, што пачаць жыццё з чыстага ліста, бо ўсяго ранейшага ўжо не будзе. Я спадзяюся, што кожны з нас дасягне ў жыцці таго, чаго жадае, атрымае прафесію мары і здабудзе сваё асабістае шчасце. А яшчэ я веру ў тое, што мае аднакласнікіі ні за што на свеце не забудуць адно аднаго, мы будзе неаднойчы разам успамінаць нашы шчаслівыя школьныя часы!..

Ілона ПАПОВА, вучаніца 11 класа СШ №2 г. Бяроза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».