Вы тут

Ствары свой «пластык» самастойна


З першых дзён лета ў межах праекта Kartochkі.by пачынае дзейнічаць конкурс «Сам сабе дызайнер».

Нацыянальная плацежная сістэма «БелКарт» сумесна з самым буйным банкам краіны запусцілі новы праект Kartochkі.by, які дазваляе карыстальнікам персанальных камп'ютараў самастойна ствараць дызайн сваіх плацежных картак зыходзячы з уласных эстэтычных пераваг у рэжыме рэальнага часу.


Паводле слоў намесніка дырэктара БЕЛКАРТ Уладзіміра Гусарава, новы сэрвіс уяўляе сабой невялікае дыялогавае акенца, у якім з дапамогай розных інструментаў накшталт пэндзля, алоўка, гумкі і г. д., магчыма маляваць. Створаны такім чынам карыстальнікам сэрвісу індывідуальны дызайн карткі можна захаваць на электронным носьбіце і аднесці ў Беларусбанк або непасрэдна ў межах праекта аформіць анлайн-заяўку на выпуск плацежнай карткі «ўласнага выканання». Больш за тое, цяпер любы больш-менш прасунуты карыстальнік сецівам можа распрацаваць для ўласнай карткі сапраўды ўнікальны дызайн, паколькі сэрвіс не абмяжоўваецца прапанаванымі інструментамі для малявання. Гаворка ідзе пра тое, што дызайн карткі можа быць створаны на аснове фатаграфічнага здымка, загружанага з уласнага ПК на сайт.

Намеснік дырэктара разліковага цэнтра плацежных картак Беларусбанка Сяргей Якутовіч упэўнены, што запушчаны праект дасць магчымасць жыхарам Беларусі праявіць сябе на творчай ніве, ствараючы непаўторны дызайн уласных банкаўскіх картак. А ўвогуле ён разглядаецца ў кантэксце агульнай стратэгіі банка па павышэнні фінансавай асветы моладзі.

Менавіта на згаданым сэрвісе магчыма будзе заказаць дзіцячую картку са спецыяльным значком (далонькай), які паказвае на тое, што трымальніку карткі яшчэ няма 18 гадоў. Кошт такога плацежнага інструмента будзе ў межах прапанаванага праекта ў разы ніжэйшы за звычайны. Нагадаю, што цяпер афармленне пластыкавай карткі з уласным фотадызайнам каштуе для кліентаў Беларусбанка каля 80 тысяч рублёў. Гэты праект распаўсюджваецца не толькі на дзяцей, ім паспяхова могуць карыстацца і дарослыя. «У цэлым kartochkі.by — гэта яшчэ адзін інструмент фарміравання новай безнаяўнай фінансавай культуры нашай краіны», — адзначыў Уладзімір Гусараў.

Афіцыйна сайт пачынае дзейнічаць з 1 чэрвеня. Менавіта з гэтай даты «БелКарт» і Беларусбанк аб'яўляюць конкурс «Сам сабе дызайнер», арганізаваны ў межах прасоўвання праекта. Удзельнічаць у ім, а таксама заказваць карткі ў індывідуальным фармаце змогуць жыхары практычна любога пункта Беларусі, дзе існуе аддзяленне Беларусбанка.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».