Вы тут

Круці педалі!


Мінскае веласіпеднае таварыства і рэстаратар Аляксей Садавой пратэсціравалі самы папулярны і жывапісны веламаршрут — «Валожынскія гасцінцы».


Удзельнікі каманды, у складзе якой былі і журналісты, пераадолелі 15 км са 150, каб даведацца, а ці гатовая траса да прыёму іншых ахвотных. Прадстаўнікі таварыства прэзентавалі новы шлях для падарожжаў, а ўладальнік і шэф-повар сталічнага рэстарана наладзілі вегетарыянскія спаборніцтвы, у якіх даказалі, што шашлык без мяса можа аднаўляць сілы пасля нагрузкі не горш за звычайны.

— Перад тым, як сесці на веласіпед, абавязкова трэба размяць звязкі: папрысядаць, парухаць нагамі, — інструктуе каманду прадстаўнік Мінскага веласіпеднага таварыства Настасся Насцеж. — Сачыце за каленямі. Падчас руху яны павінны быць паралельнымі адзін аднаму і глядзець наперад. Імкніцеся, каб цела было расслабленым — так даўжэй захаваеце моц...

Існуе не так многа веласіпедных маршрутаў для жыхароў Мінска. Дакладней, усяго чатыры: Лагойскі тракт — Раўбічы (15 км), вакол Цнянскага вадасховішча (8,5 км), ад МКАДа на Пціч (8 км) і «Валожынскія гасцінцы» (150 км — ад станцыі Багданаў да станцыі Радашковічы). Пры гэтым толькі валожынскі напрамак можа пахваліцца інфрастуктурай, разметкай, падрабязнай картай, музеямі, аграсядзібамі, прыроднымі і гістарычнымі адметнасцямі. Ну і Налібоцкая пушча, лічы, у крокавай даступнасці. Так што будзьце гатовыя да сустрэчы з бусламі, лебедзямі, лісамі і нават лосем...

Калі рухацца ад станцыі Багданаў, то вы сустрэнеце на сваім шляху старыя могілкі часоў Першай сусветнай, невялікі завод па вытворчасці вугалю для барбекю, загадкавую сядзібу Храптовічаў, стары касцёл.

Настасся тым часам працягвае вучыць круціць педалі: «Іх важна сапраўды круціць, а не ціснуць на іх. Больш ціснеш — хутчэй стамляешся. Правільнасць педалявання вымяраецца з дапамогай частаты кручэння педаляў. Гэтае паняцце яшчэ называецца «кадэнс». Частата павінна быць не менш за 80 абаротаў у хвіліну. Нізкі паказчык кадэнсу прывядзе да хуткай стамляльнасці і можа абумовіць артрыт каленяў».

У адзінай на Беларусі веласядзібе «За масточкам» з'явілася стаянка. Тут можна падпампаваць кола, змазаць ланцугі або проста перавесці дух. «Калі пажадаеце наладзіць пікнік, зможаце браць усю гародніну і ягады з агарода, — тлумачыць гаспадар сядзібы Аляксандр Наканечны. — Тут у нас высаджаны маліна, клубніцы, бульба, зяленіва. Ёсць месца для адпачынку, вогнішча, домік для начлегу». Аляксандр кажа, што максімальна і адначасова яго сям'я прымала ў сябе да 80-ці чалавек.

Аляксей Садавой тым часам запрашае да стала. Сам ён — flех-вегетарыянец, ужывае мяса адзін-два разы на тыдні. А таму і прапанаваў камандзе аднавіць сілы з дапамогай вострага рысу бір'яні, агурковага гаспача, вегетарыянскага шашлыка (бярыце на заметку, веласіпедысты!), грыля-фандзю з сыру бры, вясёлкавага шашлычка ў марынадзе...

«Абысціся без насычаных страў на пікніку нельга, — кажа шэф-повар вегетарыянскай кавярні. — Але насычаная ежа — гэта не толькі мяса. Сёння я гатую стравы розных кухняў, вострыя і смачныя. У якасці напою магу парэкамендаваць да іх мінеральную ваду. Ежа без мяса можа быць не абмежаваннем, а магчымасцю пафантазіраваць і паэксперыментаваць».

Маршрут для веласіпедыстаў быў адкрыты ўсяго некалькі гадоў таму, і сёння толькі набірае абароты — ідзе работа па стварэнні двух новых адгалінаванняў веламаршруту «Валожынскія гасцінцы». Яны будуць прамаркіраваныя. Па ўсім шляху ўстановяць інфармацыйныя шчыты. Створаць нават аўдыягіды і тэхналагічныя карты экскурсій, якія можна будзе загрузіць на сайце і падарожнічаць самастойна з усімі выгодамі. Дарэчы, не забывайце пра «Карту пікнікоў «Баржомі» — інфармацыйны рэсурс па ўсёй пікніковай тэматыцы (усе самыя папулярныя месцы для адпачынку з картамі, фотаздымкамі і г.д.).

Рыхтуем веласіпед

Ён павінен быць спраўным, са шчыткамі і люстэркам задняга віду (па правілах дарожнага руху). Нельга ехаць па лесе на шосары (веласіпедзе для язды па шашы).

Для перавозкі рэчаў выкарыстоўваем заплечнік, веласумку, велапрыцэп, карзіну. На прыпынках правяраем мацаванне, каб нічога не згубіць.

Рыхтуем сябе

Лепш апрануцца цяплей, чым халадней.

Ніякіх вузкіх штаноў — толькі тое, што не абмяжоўвае рух.

Дарэчы будуць вятроўка, накаленнікі, галаўны ўбор, пальчаткі, акуляры.

Як ехаць

Правільна дыхаць — на адным узроўні — і сачыць за гэтым. Дыхаць носам, каб фільтраваць пыл, які паднімаецца ў дарозе.

Што не браць?

Лішніх рэчаў. Перад тым, як пакласці нешта, спытайце ў сябе:

1) Які ў рэчы аб'ём (чым ён большы, тым большая паруснасць, што небяспечна).

2) Якая вага? Ці апраўдана дадатковая нагрузка на арганізм?

3) Ці можа адна рэч замяніць функцыянал дзвюх?

4) Ці можна купіць гэта па дарозе (вада, дровы)?

5) Я ўпэўнены, што буду гэтым карыстацца (кніга)?

Рэчы першай неабходнасці (для 15-кіламетровай паездкі)

Вада (піць трэба кожныя 30-40 хвілін па тры глыткі).

Шакаладны батончык ці арэхі, каб папоўніць энергію.

Дажджавік або куртка, ліхтарык для вечара.

Запасная камера або набор інструментаў для замены кола.

Аптэчка.

Карта (навігатар можа быць не паўсюль).

Мабільны тэлефон.

Важна памятаць: як бы ні хацелася слухаць музыку ў дарозе, гэта можа быць небяспечна — ёсць рызыка не пачуць машыну за спінай.

Рэцэпты для вегетарыянскага велапікніка

Вясёлкавыя шашлычкі

Сыр тофу — 25 г, балгарскі перац — 50 г, таматы чэры — 40 г, морква — 20 г, цэдра лайма, цукіні — 15 г, баклажан —
15 г, чырвоная цыбуля — 25 г, шампіньён — 10 г, аліўкавы алей, соевы соус, перац чылі.

Марынад: змяшаць алей з соевым соўсам, дадаць перац чылі і цэдру лайма. Марынаваць гародніну 20 хвілін. Пасля надзець на шпажкі і абсмажыць на агні да залацістай скарыначкі. Зняць з агню і паліць тым жа марынадам.

Сулугуні ў лавашы

На 5 порцый спатрэбіцца 5 лістоў лаваша,
500 г сулугуні, 3-4 памідоры, пучок кропу, аліўкавы алей.

Сыр надзярыце на тарцы, здрабніце кроп і перамяшайце. Парэжце памідоры. Насыпце сыр з кропам на край лаваша, пакладзіце зверху памідоры, туга закруціце лаваш, змажце зверху алеем. Гатуйце 10 хвілін, хоць гэта залежыць ад жару мангала.

Бульба на грылі

На 4 порцыі спатрэбіцца бульба — 4 шт., масла — 150 г, сок лімона — 3 ст. лыжкі, часнок — 1 зубок, пятрушка — 1 пучок, кроп — 1 пучок, соль, перац.

Бульбу абабраць, разрэзаць напалам. Кожную палавінку загарнуць у фольгу. Запякаць на грылі 40 хвілін, час ад часу пераварочваючы. Здрабніць часнок, пятрушку, кроп. Змяшаць з мяккім маслам, дабавіць сок лімона, соль, перац. Перамяшаць, вылажыць на пергамент і сфармаваць невялікія рулецікі. Пакласці ў халадзільнік. Пасля нарэзаць скрылікамі і падаць з гарачай бульбай.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.