Вы тут

Дзе пенсіянеру навучыцца размаўляць па-японску і здымаць кіно


Мінчанка Ларыса КУЎШЫННІКАВА ўжо на пенсіі. Што не замінае ёй быць студэнткай. Сёлета Ларыса Аляксандраўна скончыла курсы па камп'ютарнай асвеце і нямецкай мове пры ўніверсітэце трэцяга ўзросту. Яшчэ і ў ролі педагога сябе паспрабавала: выкладала фізіялогію пажылога ўзросту. «Я пайшла з працы толькі ў 76 гадоў, — прызнаецца гэтая элегантная дама. — У мяне яшчэ поўна энергіі».


Больш за тысячу пенсіянераў атрымалі сертыфікаты аб заканчэнні ўніверсітэта

Трэці год запар Мінскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту выпускае «студэнтаў» ад 60 гадоў і старэйшых. Сёлета курсы скончылі 1100 пажылых людзей. Выбар спецыяльнасцяў уражвае — 19 навучальных напрамкаў (для параўнання: калі ўніверсітэт толькі пачынаў працаваць, напрамкаў было чатыры). Куратар вучэбных груп Вольга ШЫШЛО заўважае, што амаль палова дысцыплін сёлета адкрылася ўпершыню. Сярод іх — кітайская, японская і італьянская мовы, ландшафтны дызайн, аратарскае майстэрства, сусветная мастацкая культура, мода і стыль, фотасправа. З'явіліся спартыўныя напрамкі — стрэтчынг і аздараўленчы комплекс 60+. На курсе «школа здароўя» лекцыі чытала моладзь, якая працуе ў «хуткай дапамозе». А падчас навучання на спецыяльнасці «дакументальнае кіно» (кіраўніком студыі быў рэжысёр Уладзімір Самойлаў) пенсіянеры здымалі свае відэасюжэты і выкладалі іх на ютуб-канал універсітэта.

Самыя папулярныя напрамкі, як заўсёды, — камп'ютарная асвета і англійская мова. Гэтыя курсы сёлета скончылі 339 і 287 чалавек адпаведна. 68-гадовы Міхаіл ЗАРЖЫЦКІ адзін з тых, хто наведваў заняткі па англійскай мове.

— Чаму ва ўніверсітэт прыйшоў? Глядзеў неяк перадачу. Там расказвалі, што, каб у пажылым узросце мазгі не «замярзалі», трэба крыжаванкі разгадваць або вучыць замежную мову. Над крыжаванкамі сядзець мне не захацелася, — усміхаецца Міхаіл Рыгоравіч. — За год навучыўся чытаць па-англійску, разумею выкладчыка на слых. А вось гаворку замежнікаў пакуль дрэнна ўспрымаю: занадта хутка яны размаўляюць. Трэба на другі год заставацца і ўдасканальваць мову.

У гэтым навучальным годзе многае ва ўніверсітэце было ўпершыню.

— Нашы слухачы вырашылі актыўна заняцца падтрымкай іншых пажылых. Так з'явіўся цэнтр валанцёраў 60+. Адкрыўся цэнтр міжкультурных адносін, і пенсіянеры ўжо паспелі пабываць у нашых калег ва Украіне, Польшчы, Італіі і нават Індыі. Стаў выходзіць «Веснік універсітэта трэцяга ўзросту», — дзеліцца дасягненнямі кіраўнік праекта Алена СТАНІСЛАЎЧЫК.

Планаў на наступны навучальны год — яшчэ больш.

— Праграма будзе больш скіравана на актывізацыю пажылых людзей, — тлумачыць Вольга Шышло. — Будзем далей развіваць цэнтр валанцёраў, старацца прыцягваць у выкладчыкі людзей старэйшага пакалення. Вопыт гэтага года паказаў, што групы, у якіх заняткі вялі пенсіянеры, паспяхова закончылі курс. Хоць многіх валанцёраў напачатку даводзілася ўгаворваць: пажылыя баяліся, што ў іх няма вопыту выкладчыцкай дзейнасці і слухачы не будуць іх успрымаць.

Што да новых напрамкаў, то дакладна з'явіцца курс па фінансавай асвеце. Ён будзе карысным, бо, па-першае, зменяцца грошы, а па-другое, шмат пажылых цікавяцца ўкладамі, крэдытамі і пластыкавымі карткамі. Магчыма, больш груп адкрыюць па спецыяльнасці «сучасныя гаджэты». Гэты напрамак вельмі запатрабаваны: кожны другі слухач адзначаў у анкеце, што хацеў бы навучыцца карыстацца планшэтам і смартфонам. Арганізатары праекта спадзяюцца, што нарэшце запрацуе тэатральная група: пенсіянеры зацікаўлены паставіць спектакль.

Даведка

Курсы ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту бясплатныя. Заняткі вядуць валанцёры. Сёлета ў іх шэрагі запісаўся 131 чалавек! Гэта студэнты, спецыялісты і самі пенсіянеры. Валанцёраў, якія будуць вучыць бабак і дзядоў у наступным годзе, збяруць у жніўні-верасні. Універсітэт адкрыты для новых напрамкаў і запрашае далучыцца да каманды выкладчыкаў усіх, каму ёсць, чым падзяліцца.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выпускнік у 60

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.