Вы тут

Нас пачуюць, калі будзем моцнымі


У ЕАЭС настаў час перавесці тэарытычныя напрацоўкі ў практычную плоскасць, лічыць Прэзідэнт Беларусі.

У Астане адбылося пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, у якім прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Акрамя кіраўніка беларускай дзяржавы ў саміце ўдзельнічалі прэзідэнты Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі.


Падчас выступлення на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка агучыў бачанне беларускім бокам не толькі перспектыў, але і праблем інтэграцыйнага аб’яднання. "Роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаў - удзельніц ЕАЭС і безбар'ернае асяроддзе да гэтага часу не створаны. Больш таго, пасля падпісання дагавора аб ЕАЭС унутраны гандлёвы абарот саюза толькі падае. У 2012 і 2013 гадах ён быў на ўзроўні $65 млрд, у 2015 годзе - усяго $45 млрд. Відаць, не ўсе пазіцыі дагавора адпавядаюць сучаснай сітуацыі ў эканоміцы і нашым чаканням", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Трэба пазбавіцца ад унутраных выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Як бы наша аб'яднанне ні эвалюцыяніравала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора і, нарэшце, Еўразійскі эканамічны саюз), колькасць гэтых выключэнняў і абмежаванняў не змянілася. Так і засталася на ўзроўні шасці соцень", - канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.

У ЕАЭС зроблены першыя крокі па інтэграцыі ў энергетычнай сферы. Выпрацавана і зацверджана канцэпцыя фарміравання агульнага рынку электраэнергіі. На цяперашнім пасяджэнні ў Астане бакі разгледзелі такія ж планы па газе, нафце і нафтапрадуктах. "Але ад канцэпцый да іх ажыццяўлення шлях часам бывае вельмі доўгі. І прычына таго - мы самі. Таму Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходна ўзмацніць работу ў гэтым напрамку і прыняць вычарпальныя меры для рэалізацыі гэтых праектаў", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, у парадку дня саміту ў Астане многія пытанні звязаны з вызначэннем месца ЕАЭС у сусветнай эканамічнай сістэме. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для ўпэўненага дыялогу са знешнімі партнёрамі ў ЕАЭС неабходна сфарміраваць уласны высокаразвіты адзіны рынак. "Нам трэба самім быць моцнымі, усяляк умацоўваць свой саюз. Тады нам лягчэй будзе весці дыялог і з Еўрапейскім саюзам, і з КНР, і з іншымі. Тады мы будзем моцнымі і будзем выступаць з адзіных пазіцый. Пакуль гэтага няма. А без гэтага Еўразійскі эканамічны саюз не зможа эфектыўна рэалізоўваць як унутраную, так і знешнюю палітыку", - упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за два гады з моманту падпісання дагавора аб ЕАЭС былі прыняты сур'ёзныя канцэптуальныя рашэнні. Закладзены асновы лібералізацыі транспартных паслуг, фарміравання адзінага рынку электраэнергіі, экспартнай палітыкі. "На жаль, не ўсё развіваецца так, як мы планавалі. Праблемы яшчэ застаюцца. Самыя вострыя з іх мы сёння абмеркавалі. Перш за ўсё неабходна перавесці тэарэтычныя напрацоўкі ў практычную плоскасць", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

На пасяджэнні прэзідэнты зацвердзілі Асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў - членаў ЕАЭС на 2016-2017 гады. Дакумент з'яўляецца антыкрызісным. Ён вызначае найбольш важныя кароткатэрміновыя і сярэднетэрміновыя задачы, якія стаяць перад эканомікамі нашых краін. Пра гэта па выніках саміту ў Астане паведаміў журналістам старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян.

Паводле яго слоў, сістэматычна будзе ажыццяўляцца маніторынг мер, што рэалізуюцца краінамі. "Ён дае магчымасць нам выяўляць асноўныя вузкія месцы, а таксама сумесныя мерапрыемствы, якія неабходна рэалізаваць для таго, каб асноўныя прынцыпы, што закладзены ў нашым саюзным дагаворы, былі рэалізаваны", - адзначыў Тыгран Саркісян.
Таксама кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі канцэпцыю фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў. У адпаведнасці з канцэпцыяй энергетычныя кампаніі саюзных краін атрымаюць недыскрымінацыйны доступ да нафтавай інфраструктуры партнёраў. Змогуць закупляць нафту і нафтапрадукты без колькасных абмежаванняў па рыначнай цане і без экспартных пошлін. Рэалізацыя канцэпцыі плануецца ў тры этапы. У наступным годзе павінна быць распрацавана і прадстаўлена на зацвярджэнне прэзідэнтам праграма рэалізацыі гэтай канцэпцыі, а ў далейшым будзе падрыхтаваны адпаведны дагавор. Пасля яго прыняцця ў 2025 годзе будзе дзейнічаць адзіны энергетычны рынак. Па гэтай жа логіцы выбудавана канцэпцыя фарміравання агульнага рынку газу ў ЕАЭС.

На пасяджэнні абмяркоўвалася і супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, Кітаем і шэрагам іншых краін.

Паводле БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.