Вы тут

Папаўненне Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі


Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Неглюбскія тэкстыльныя традыцыі" папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, станоўчае рашэнне аб наданні такога статусу было прынята Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны.


ФОТА: tut.by

Тэкстыльныя традыцыі вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна - унікальная з'ява беларускай народнай творчасці, амаль паўстагоддзя вядомыя неглюбскія ручнікі з'яўляюцца візітнай карткай Беларусі.

Багацце і разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная паліхромія (да 25 колераў і адценняў у адным вырабе), вялікі арнаментальны фонд з'яўляюцца адметнымі асаблівасцямі элемента. Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай гаме. Вырабы вызначаюцца багаццем арнаментыкі: майстрыхі выкарыстоўваюць некалькі дзясяткаў складаных геаметрычных і раслінных арнаментаў. Канцы ручнікоў аформлены пяцельнымі махрамі.

Iншыя вырабы мясцовых майстрых - шматколерныя абрусы, пакрывалы, фіранкі і іншыя прадметы інтэр'ера. Неглюбскі ўбор - адзін з найбольш архаічных і складаных убораў беларускага народнага касцюма. Вельмі багаты арсенал прыёмаў ткацтва і вышыўкі, арнаментаў можа выкарыстоўвацца для стварэння сучасных рэчаў: ручнікоў, абрусаў, элементаў адзення, сувенірнай прадукцыі.

Асаблівая тэкстыльная традыцыя ў вёсцы Неглюбка сёння існуе ў сацыякультурных умовах, якія склаліся пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак у апошняе дзесяцігоддзе адбываецца актывізацыя дзейнасці ўстаноў культуры і адукацыі па падтрымцы мясцовага мастацтва. Традыцыя захоўваецца жыхарамі старэйшага пакалення жанчын-майстрых, абнаўленнем элемента займаюцца жанчыны сярэдняга ўзросту, якія перанялі майстэрства ад носьбітаў традыцыі і перадаюць дзецям і падлеткам. Сучасныя майстры вучаць малодшае пакаленне характэрным для неглюбскай традыцыі тэхналогіям у гуртках, арганізаваных пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва, у гуртку "Юныя ткачыхі" ў неглюбскай школе, у гуртку ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Цяпер у Неглюбцы актыўна працуюць пяць майстроў, якія займаюцца ў асноўным ткацтвам, але паступова асвойваюць і прыёмы мясцовай вышыўкі. Работам неглюбскіх майстрых уласцівы свой уласны стыль.

У побыце захоўваецца мноства традыцый, звязаных з выкарыстаннем тэкстыльных прадметаў у абрадах. Так, у Неглюбцы прынята ахвяраваць ручнікі, абрусы, харугвы для ўпрыгожання мясцовай царквы. Ёсць асаблівая традыцыя асвячаць ваду у адным з калодзежаў, які ўпрыгожваюць яркімі ручнікамі і пакрываламі. Тканыя і вышытыя ручнікі вешаюць на крыжы каля вясковых калодзежаў. Ручнікі сёння з'яўляюцца абавязковым атрыбутам вясельных абрадаў. Вышытыя касцюмы выкарыстоўваюцца ў час адноўленых традыцыйных абрадаў, у прыватнасці, "Ваджэнне і пахаванне стралы".

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».