Вы тут

Надзейная мяжа


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў камандаванне, асабовы склад, ветэранаў органаў пагранічнай службы краіны з прафесійным святам — Днём пагранічніка.

«Абарона рубяжоў Айчыны ва ўсе часы лічылася справай мужных воінаў, якія стойка аберагаюць родную зямлю ад любых замахаў. Мы схіляем галовы перад памяццю тых байцоў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны першымі сустрэлі ворага і заплацілі сваім жыццём за нашу мірную будучыню», — гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяперашняе пакаленне пагранічнікаў беражліва захоўвае і прымнажае ратныя традыцыі сваіх папярэднікаў, актыўна процідзейнічаючы міжнароднаму тэрарызму, незаконнай міграцыі, кантрабандзе і іншым правапарушэнням. «Упэўнены, што ва ўмовах новых рызык і выклікаў сучаснасці вы, як сапраўдныя патрыёты, будзеце і надалей з гонарам абараняць нашы непарушныя межы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў словы асаблівай удзячнасці ветэранам-пагранічнікам, якія паказалі сапраўдны прыклад адданасці Радзіме і самаахвярнага служэння свайму народу, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.


Многія, пэўна, уяўляюць сабе абрысы нашай краіны, выява якіх часта выкарыстоўваецца пры афармленні прыгожых білбордаў, турыстычных праспектаў і іншай даведачнай літаратуры. Менавіта гэта замкнёная лінія — наша дзяржаўная мяжа. Яна пад надзейнай аховай. У гэтым карэспандэнтам «Звязды» давялося пераканацца, што называецца, на ўласным досведзе. Напярэдадні Дня пагранічніка Дзяржаўным пагранічным камітэтам быў наладжаны прэс-тур для кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ.

— Цяпер ва ўсім свеце ўвогуле, і асабліва ў Еўропе, пытанні пагранічнай бяспекі выходзяць на першае месца, — адзначыў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Леанід Мальцаў. — Як паказаў час, дарэмна некаторыя дзяржавы не надавалі належнай увагі развіццю тых кірункаў, якія насамрэч з'яўляюцца стратэгічнымі. Гэта датычыцца абароны дзяржаўнай мяжы і эфектыўнай працы пагранічных службаў. У той жа Еўропе пад пагрозу пастаўлена нацыянальная бяспека. Наша сістэма развіваецца адаптавана да абстаноўкі, рэальных рызык і пагроз сучаснасці. Галоўнае — належным чынам абараняць нацыянальныя інтарэсы.

— Леанід Сямёнавіч, наколькі сітуацыя з мігрантамі ў Еўропе ўскладніла ахову беларускай мяжы?

— Ведаеце, сітуацыю ў Старым Свеце сама Еўропа шмат у чым і справакавала. Не без іх удзелу ўзніклі «гарачыя кропкі» на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Я бачыў, што раней уяўляла сабой Лівія — квітнеючая краіна, дзе і сацыяльны пакет для мясцовых жыхароў быў належны. А цяпер адтуль людзі бягуць. І накіроўваюцца ў Еўропу, а не, напрыклад, у Саудаўскую Аравію ці ў Арабскія Эміраты. Задумваліся, чаму? А таму што ў Еўропе для мігрантаў створаны такія ўмовы, што можна не працаваць і бязбедна жыць. І ў пераважнай большасці ў Стары Свет перасяляюцца маладыя людзі. У нашай краіне ставяцца да мігрантаў з разуменнем (прыгадайце хаця б грамадзян Украіны, якія пераязджаюць у Беларусь), аднак трэба працаваць, а не паразітаваць. Сістэма выстраена такім чынам. Таму і такой хвалі ў прынцыпе не ўзнікае.

Таксама немалаважны фактар — мяжа насамрэч пад надзейнай аховай. Пра гэта вам кампэтэнтна заяўляю. Мы дакладна кантралюем усе кірункі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна. Пра гэта ведаюць, таму і адносіны адпаведныя. Беларуская пагранічная служба — гэта сапраўды прафесіяналы, рэальная сіла, здольная супрацьстаяць пагрозам.

* * *

Украінская мяжа сёння, зразумела, адзін з найбольш неспакойных участкаў. Яе агульная працягласць складае больш як тысячу кіламетраў. Цяпер поўным ходам праводзіцца дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы. За Пінскім пагранічным атрадам — ахова ўчастка працягласцю каля 300 кіламетраў, з якіх 23 км — па рэках і азёрах. Гэта тэрыторыя некалькіх раёнаў Брэстчыны, якія мяжуюць з раёнамі Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны.

Адным з найбольш «кантрабандных» участкаў раней была тэрыторыя, дзе цяпер размяшчаецца пагранічная застава «Сварынь», куды і прыбылі ўдзельнікі прэс-туру. Гэта Драгічынскі раён, куток Беларусі, куды, прызнаемся, пры іншым раскладзе і не дабраліся б. Застава найсучаснейшая — па словах Леаніда Мальцава, такім чынам абуладкавана цяпер пятая частка адпаведных падраздзяленняў. Тут выкарыстоўваецца самая сучасная тэхніка і абсталяванне. У тым ліку беспілотнікі. Прычым прымяняюцца апараты двух відаў — самалётнага тыпу («Беркут-2») і квадракоптары («Шэршань»). З іх дапамогай удаецца дакладна адсочваць сітуацыю і бачыць карцінку ў рэжыме рэальнага часу. Пры неабходнасці — аператыўна дзейнічаць. Да таго ж прымяняюцца і аўтажыры. Гэтыя лятальныя апараты лёгкія (вага каля 250 кг), хуткія (разганяюцца да 170 км у гадзіну), надзейныя і мабільныя. Могуць сесці практычна ў любым месцы, а на запраўку заязджаюць, быццам аўтамабіль. Да таго ж эканомныя — час палёту падчас паветранай разведкі каштуе дзесьці паўсотні долараў (для параўнання: выдаткі для верталёта «МІ-8» складаюць адпаведна каля $2,5 тыс.).

Дзякуючы такой тэхніцы можна дакладна кантраляваць вялікія плошчы. Напрыклад, на заходнім кірунку дзяржаўнай мяжы на заставу прыпадаюць участкі працягласцю 12-15 кіламетраў, а ў той жа «Сварыні» — 40 км. Пры гэтым колькасць людзей на заставах аднолькавая. Зноў жа эканомія, аднак без урону эфектыўнасці. Таму карысная практыка будзе распаўсюджвацца. Дарэчы, у жніўні аўтажыры з'явяцца ў Мазырскім пагранічным атрадзе і Брэсцкай пагранічнай групе. У далейшым такой тэхнікай будзе аснашчаны прыбалтыйскі і польскі кірункі.

Падчас таго, як мы гасцявалі на заставе, спрацаваў сігналізацыйны комплекс. Цягам літаральна некалькіх хвілін у вызначаным месцы з'яўляюцца пагранічнікі. Трывога аказалася беспадстаўнай: магчыма, проста прамень лазара адрэагаваў на моцны вецер ці жывёла побач прабегла. Цікава, што шэраг застаў аснашчаны мабільнымі сігналізацыйнымі комплексамі. Невялікія датчыкі закопваюцца ў зямлю, маленькая незаўважная антэнка застаецца на паверхні і перадае сігнал на заставу. У найбліжэйшы час будзе прымяняцца такая тэхніка айчыннай вытворчасці. Пры гэтым беларускі сігналізацыйны комплекс «Павук» будзе адрозніваць парушальнікаў (жывёла, чалавек, іншыя прычыны), а таксама перадаваць фотаздымкі на заставу.

Увогуле абсталяванне і праграмнае забеспячэнне ў беларускіх пагранічных войсках пераважна айчыннай вытворчасці. І, дарэчы, паведаміў «Звяздзе» начальнік упраўлення інфармацыйных тэхналогій Дзяржпагранкамітэта Сяргей Пацаюк, яно надзвычай запатрабавана як у Еўропе, так і ў азіяцкіх краінах. Падраздзяленні Дзяржпагранкамітэта цяпер насамрэч высокатэхналагічныя. Адпаведна ўзрастаюць хуткасць рэагавання і эфектыўнасць. Найноўшыя тэхналогіі, якія дазволілі вывесці ў электронны фармат тую ж раней «папяровую» працу.

«Ноу-хау» датычацца і пунктаў пропуску, дзе будуць уведзены электронная чарга (у інтэрнэце можна будзе забраніраваць сабе час перасячэння мяжы, такая сістэма ўжо з 1 верасня запрацуе на пункце пропуску «Варшаўскі мост») і электронныя вароты, калі без удзелу пагранічнікаў самастойна скануеш пашпарт, а таксама электронны пропуск на права наведвання памежнай паласы.

— Не варта забываць пра транзітную прывабнасць Беларусі і эфектыўна выкарыстоўваць гэтую перавагу, — перакананы Леанід Мальцаў. — Неабходна імкнуцца да таго, каб перасячэнне мяжы было максімальна камфортным. І ў той жа час нельга дапусціць парушэнняў, трэба своечасова іх выявіць. Гэта складаная задача, але вырашальная.

Асабліва ўлічваючы тое, што за справу бяруцца сапраўдныя прафесіяналы, якія надзейна нясуць сваю пастаянную варту па ахове дзяржаўнай мяжы Беларусі. Са святам, пагранічнікі!

litvinov@zviazda.by

Мінск — пагранзастава «Сварынь» — Мінск

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.