Вы тут

Як паставіць лецішча пад замок?


Чым бліжэй лета, тым больш дачнікаў спяшаюцца ў свае загарадныя сядзібы. Але жаданне добра адпачыць, папрацаваць на гародчыку для некаторых ператвараецца ў нечаканую непрыемнасць. Прыходзіцца займацца не тым, чым хацеў, а разбірацца з наступствамі візітаў... рабаўнікоў.

Адносна нядаўна ў рэдакцыю газеты звярнуўся чытач, які паведаміў, што ў вёсцы Кальчыцы, пад Слуцкам, злодзеі прайшліся адразу па трох дамах. Аб падобным выпадку год таму нам паведамілі і з Мядзельскага раёна.  Ва ўсіх здарэннях фігуравалі дамы, якія належаць дачнікам, альбо тым, хто не пражывае ў іх пастаянна. Здавалася б, праблема далёка не новая, нават старая, але яе ў любым выпадку трэба неяк вырашаць. Хто і чаму крадзе з лецішчаў? Як можна засцерагчыся ад такіх няпрошаных гасцей? На гэтыя пытанні паспрабаваў знайсці адказы карэспандэнт «Звязды».


...Каб патрапіць у вёску Кальчыцы, трэба не даязджаючы да Слуцка павярнуць на Гольчычы і яшчэ кіламетраў дзесяць ехаць прасёлкавай дарогай. Мясціны прыгожыя. І я цалкам разумею тых, хто гатовы патраціць грошы і набыць тут дом. Тым больш, як кажа мой спадарожнік, Аляксандр Долбік, намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Слуцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС, многія вёскі маленькія, і людзей у іх жыве таксама няшмат. Кальчыцы якраз такая. Хто ведае, магчыма, яе маланаселенасць таксама прыцягнула злодзеяў. Як пасля расказалі ў Слуцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў, падобная бяда закранула не толькі Кальчыцы, але і некалькі другіх вёсак. Падазраваныя, між іншым, ужо затрыманы.

— Падобныя злачынствы носяць сезонны характар, — кажа Аляксандр Голікаў, намеснік начальніка аддзела — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Слуцкага РАУС. — Людзі жывуць у іх непрацяглы час. Пасля ўборкі ўраджаю з'язджаюць у гарады, закрываюць дамы на зіму. І толькі ўвесну, пасля 5-6 месяцаў, зноў вяртаюцца і бачаць, што іх абрабавалі. Да нас звяртаюцца. Мы ў поўным аб'ёме праводзім праверку, прымаем усе меры.

Хто здзяйсняе падобныя злачынствы? Як лічыць Аляксандр Голікаў, гэта могуць быць і алкаголікі, і жабракі, і наркаманы, якія спадзяюцца не толькі падсілкавацца закаткамі, але і перапрадаць чужое майно, назбіраць на выпіўку ці на чарговую дозу. І тычыцца гэта не толькі вёсак, дзе многія набываюць сабе загарадныя дамы, але і садовых таварыстваў, куды таксама лазяць.

Каб такога не адбылося, спадар Аляксандр раіць не ствараць для гэтага спрыяльных перадумоў.

— Усе матэрыяльныя каштоўнасці, якія важныя для гаспадароў, неабходна забіраць з сабой альбо пакінуць суседзям, што пастаянна там пражываюць.Тыя, хто пакідае каштоўныя рэчы на дачы, мяркуюць, што іх бяда не закране. Як правіла, менавіта саманадзейныя людзі пакутуюць ад злачынных замахаў.

Прафілактыка — рэч дзейсная, калі на практыцы выконваюцца пажаданні. Але і яна не заўжды можа засцерагчы ад непрыемных візітаў. Ёсць яшчэ адзін спосаб абараніць ад небяспекі жытло — устанавіць ахоўную сігналізацыю.

— У Слуцку дамінуюць крадзяжы асабістай маёмасці. Кватэрных няшмат, — кажа Аляксандр Долбік. — А тыя кватэры, якія абсталяваны сігналізацыяй, злодзеі проста абыходзяць бокам. Бачаць, што каля дзвярэй гарыць чырвоны святлодыёд, і сыходзяць, праблем сабе не шукаюць.

— А ці здаюць пад ахову свае дамы ў раёне?

— Так. У дзесяцікіламетровай зоне Слуцка, гэта значыць на тэрыторыі, куды аператыўна можа выехаць наш нарад, мы можам цалкам абсталяваць дом ахоўнай сігналізацыяй. Калі дом пад аховай, аднак знаходзіцца па-за межамі гэтай зоны, мы паведамляем па тэлефоне аб дзейнічанні апаратуры гаспадарам ці давераным асобам, пазначаным у дакументах, але не выязджаем. І ў нас ёсць такія дамы. Напрыклад, у вёсцы Гацук. Жыхар Мінска звярнуўся з такой просьбай і мы без аператыўнага рэагавання ахоўваем ягоны дом. Звярталіся да нас і прадстаўнікі садовых таварыстваў. Але яны хацелі, каб нарад абавязкова выязджаў на спрацоўванне. Аднак гэта немэтазгодна. Тым больш, калі ўлічыць, што ўсе яны знаходзяцца далёка ад раённага цэнтра.

— Давайце ўявім, што я маю дом у Кальчыцах. Якія крокі трэба зрабіць, каб абсталяваць дом сігналізацыяй?

— Найперш трэба напісаць заяву на абсталяванне дома сігналізацыяй. Пасля гэтага мы даследуем усе памяшканні, складаем каштарысную дакументацыю. Калі чалавек згодны, ён падпісвае дамову на мантажныя работы. Потым складаецца акт аб выкананні мантажных работ. На аплату мантажу, дарэчы, даецца растэрміноўка на шэсць месяцаў.

— І ў якую суму абыдзецца ўстаноўка сігналізацыі?

— Усё залежыць ад памераў дома. Каштуе ўсё нятанна — каля 8-10 мільёнаў, але дзеля гэтага і даецца растэрміноўка. Акрамя таго, кожны месяц неабходна плаціць 70 тысяч за паслугі аховы.

...Як каму засцерагаць сваю маёмасць, справа кожнага. Але паміж загарадным домам і сціплай хаткай каля гарода розніца істотная. І калі там ёсць, што ахоўваць, можа і сапраўды лепш здаць дом пад сігналізацыю, каб не было пасля неспадзяванак.

Слуцкі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.