Вы тут

Давярай і... правярай?


Заява ў загс была пададзена, да вяселля заставаліся лічаныя тыдні. У стане, які ўяўляў сабой сумесь эйфарыі, заклапочанасці і лёгкага смутку, Вольга насілася па крамах, час ад часу вар'яцеючы ад цэн на перадвясельныя дробязі і ўпрыгажэнні для нявест.


З Пашам яна сустракалася гады тры, таму набыццё новага сацыяльнага статусу не абяцала якіх-небудзь заўважных перамен у трывалых, правераных часам адносінах паміж маладымі... Яны бачыліся кожны дзень — пасля працы. Вольга, на ўсе сто працэнтаў упэўненая ў пачуццях свайго выбранніка, лёгка магла дазволіць сабе спазніцца — нават не на дзесяць хвілін, а на паўгадзіны. «Калі жанчына затрымліваецца, яна дае мужчыну падставу лішні раз падумаць пра яе», — апраўдвалася яна фразай, вывуджанай з вядомага кінафільма.

Часам яна і ўвогуле спазнялася на гадзіну, а то і на дзве, прычым спецыяльна, назіраючы ў гэты час з бліжэйшага ўніверсама, як бедны Паша марнее ў чаканні... Ёй прыносіла незвычайную асалоду бачыць яго хваляванні. Не тое, каб Вольга яго не кахала... Напэўна, такім чынам яна змагалася з уласным комплексам непаўнавартасці. Ёй мала было ведаць пра пачуцці свайго мужчыны — ёй неабходна было па некалькі разоў на тыдзень атрымліваць яскравыя пацвярджэнні гэтых пачуццяў.

Толькі так можна патлумачыць тое, што здарылася далей. А здарылася наступнае.

Неяк Вольга з сяброўкай выправіліся на вячэрні праменад. Зайшлі ў кавярню, выпілі па кактэйлі, потым яшчэ па адным, і яшчэ... І тут у прыгожай галоўцы Вольгі нарадзілася ідэя... (Дарэчы, усялякія цікавыя ідэі пачынаюць раіцца ў жаночых галовах ужо пасля першага кактэйлю. Але гэта зусім не азначае, што іх трэба адразу ж, не зыходзячы з месца, увасабляць у жыццё. А тут было выпіта па тры порцыі, і стоп-сігнал у выніку не спрацаваў.)

«А давай правядзем эксперымент!» — прапанавала Вольга. «У сэнсе?» — не зразумела сяброўка Віка. «А давай мы яго праверым!» — у без пяці хвілін жонкі аж вочы загарэліся. «Каго?» — удакладніла сяброўка. «Майго будучага мужа... Давай, тэлефануй!»

План быў да крыўднага прымітыўным. Набраць яго нумар, сказаць, што памылілася, знайсці зачэпку, каб прадоўжыць размову, і, нарэшце, прапанаваць сустрэцца... Сэнс эксперыменту (калі ў ім увогуле быў сэнс) заключаўся ў тым, што Вольга чарговы раз збіралася пераканацца ў непахіснасці маральных устояў свайго абранніка, а заадно і прадэманстраваць сяброўцы гранітную трываласць яго пачуццяў.

Шчыра кажучы, у яе ні на імгненне не ўзнікла думкі пра тое, што калі і адбываецца нейкая гульня, дык гульня з агнём...

А сяброўцы што? Узяла і патэлефанавала. Памурлыкала з ім, навешала локшыны пра тое, які ў яго прыемны голас — ну амаль як у таго вядомага тэлевядучага папулярнай праграмы... (Мужчыну ж для пацвярджэння таго, што ён самы цудоўны, шмат не трэба.) Ён і паддаўся! І доўга ўгаворваць нават не прыйшлося — праз сорак хвілін прымчаўся ў тую кавярню, як міленькі. Да Вікі. Папаўся, як той казаў, на гарачым.

Патэнцыяльная жонка — у слёзы:

— Ні бачыць, ні чуць цябе больш не жадаю, пралюбадзей няшчасны!

Сяброўка яе не супакойвала, бо не ведала, як. І чым увогуле можна суцешыць дзяўчыну, якая толькі што праглынула хлусню таго, з кім сабралася пад вянец?

Пазней Паша прыязджаў да яе, прасіў дараваць, тлумачыў, што ніякі ён не пралюбадзей, што хацеў сустрэцца з незнаёмкай, «толькі з цікаўнасці»... У кожным мужчыну, маўляў, сядзіць дух даследчыка. Яго цікавіць усё новае і неспазнанае. Але гэта зусім не азначае, што ён гатовы тут жа развітацца са старым. Ні ў якім разе!..

Вольга была няўмольная. Шлюбныя ўрачыстасці давялося адкласці да «лепшых часоў». Дзякуй Богу, гісторыя скончылася хэпі-эндам, віну сваю малады чалавек загладзіў узорна-паказальнымі паводзінамі, і вяселле нарэшце адбылося. Толькі вось сяброўку Віку маладая туды не запрасіла. Так ёй, сяброўцы, і трэба — не будзе ў наступны раз паддавацца на жаночыя правакацыі...

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.