Вы тут

У Мёрах лось зайшоў на школьны двор і пабіў вокны


Раніцай на тэрыторыі сярэдняй школы №3, што знаходзіцца на ўскраіне горада, заўважылі сахатага. Праўда, вучні прынялі дзікую жывёліну за каня, бо рагоў на галаве ў верагодна зусім маладой жывёлы не было. Па расказах відавочцаў, лось прабегся каля школы, пасля чаго прысутныя пачулі гук разбітага шкла. Ад нечаканага візіту пацярпелі чатыры акны. На жаль, зняць інцыдэнт на камеру школьнікам не ўдалося, настолькі яны былі шакаваныя з'яўленнем такога незвычайнага госця.

— Магчыма, прычынай выпадку паслужылі некаторыя асаблівасці паводзін маладых асобін гэтага віду, — расказаў загадчык лабараторыі тэрыялогіі навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах Рыгор ЯНУТА. — Перыяд гону звычайна прыпадае на верасень і кастрычнік, а патомства з'яўляецца на свет якраз у красавіку-маі. Ласяняты застаюцца з самкай да з'яўлення на свет новай генерацыі. Таму, хутчэй за ўсё, заўважаная ў Мёрах асобіна — гэта зусім малады лось, які толькі-толькі пачаў самастойнае жыццё і цяпер спазнае навакольны свет. Пабіць шкло ён мог, напрыклад, пабачыўшы ў ім сваё адлюстраванне. А сам факт з'яўлення жывёлы ў населеным пункце мяне зусім не здзіўляе — колькі гадоў таму ласёў сустракалі ў самым цэнтры беларускай сталіцы — у парку Чалюскінцаў.

Паводле сцвярджэння навукоўца, патэнцыйна гэтае млекакормячае можа несці для чалавека пагрозу хоць бы з той прычыны, што яго вага часам дасягае 600 кілаграмаў. Асаблівую небяспеку ласі ўяўляюць у перыяд гону, калі паводзяць сябе даволі агрэсіўна. Таму, сустрэўшы жывёлу ў прыродзе, лепш абысці яе бокам. У астатні ж час сахатыя самі пазбягаюць прамых кантактаў з чалавекам.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сахаты хуліган

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.