Вы тут

Адзінства самабытнасцяў


На свяце нацыянальных культур у Гродне ўпершыню выступяць шрыланкійцы, нігерыйцы і амерыканец.

Ужо літаральна праз паўтара тыдня, 4-5 чэрвеня, у Гродне пройдзе XІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Гэта ўнікальны форум, які не мае аналагаў у іншых краінах. На ім выступяць прадстаўнікі розных дыяспар, што пражываюць менавіта на тэрыторыі Беларусі. Свята заклікана падкрэсліць мір і згоду, павагу і ўзаемаўзбагачэнне розных традыцый, якія здаўна існуюць на нашай зямлі.


Сёлета на фестываль запрошаны прадстаўнікі ЮНЕСКА, пра што паведаміў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль ЧЭРНІК:

— У гэтым годзе адразу два рэспубліканскія фестывалі — нацыянальных культур у Гродне і фальклорнага мастацтва «Берагіня» ў гарадскім пасёлку Акцябрскі — упершыню пройдуць пад патранатам буйной міжнароднай арганізацыі.
З такой прапановай выступіла ЮНЕСКА, і яна знайшла падтрымку Міністэрства культуры. Мы запрасілі прадстаўнікоў гэтай супольнасці завітаць на нашы святы, і, спадзяёмся, яны змогуць прыехаць.

У фінальных мерапрыемствах фестывалю ў Гродне прымуць удзел прадстаўнікі 38 нацыянальнасцяў — абшчыны і калектывы, адабраныя падчас рэгіянальных тураў форуму ў розных кутках краіны. Прычым упершыню будуць прадстаўлены шрыланкійцы, нігерыйцы і амерыканец. Удзельнікі з Шры-Ланкі і Нігерыі — студэнты беларускіх ВНУ, а амерыканец — васьмігадовы хлопчык-саксафаніст Максім Сарока, бацька якога родам з ЗША. Усяго ж у Гродне збяруцца 800 удзельнікаў, з іх 330 пражываюць у Мінску.

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгі Антоненкі, праграма фестывалю будзе насычанай, да яе далучацца зоркі беларускай эстрады. Так, у межах аднаго з праектаў вядомыя артысты выканаюць песні на нацыянальных мовах тых краін, родам з якіх іх продкі. Напрыклад, Іскуі Абалян праспявае на армянскай. Запланавана работа розных канцэртных пляцовак, падворкаў, дзе можна будзе пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні.

Да сёлетняга фестывалю выпушчаны фотаальбом — своеасаблівы летапіс яго правядзення. Гэта выданне ўключае здымкі, зробленыя за 20 гадоў існавання свята. Прэзентацыя альбома адбудзецца 4 чэрвеня, у дзень адкрыцця, на пляцоўцы аднаго з мясцовых кінатэатраў.

Варта адзначыць, што замежнікі таксама праяўляюць цікавасць да фестывалю. Аднак асаблівасць гэтага форуму заключаецца ў тым, што на яго ў якасці ўдзельнікаў не запрашаюцца госці з іншых краін. «Але ў аргкамітэце фестывалю ляжыць шмат лістоў, якія мы атрымалі з-за межаў Беларусі, з просьбай даць магчымасць прыехаць на фестываль і выступіць на яго канцэртных пляцоўках», — адзначыў Васіль Чэрнік. Часцей за ўсё звароты з гэтай нагоды прыходзяць з Латвіі, Літвы і Расіі. Пры жаданні замежныя госці могуць прыехаць на фінальныя мерапрыемствы фестывалю, але ў якасці гасцей, а не ў якасці ўдзельнікаў. Сёлета на фінальны канцэрт таксама не запрошаны замежныя зоркі, артысты з Расіі — усю канцэртную праграму выканаюць беларускія спевакі.

Афіцыйнай песняй фестывалю нацыянальных культур стане твор беларускага кампазітара Алены Атрашкевіч. Кампазіцыя абраная арганізатарамі ў якасці галоўнага і пазнавальнага музычнага суправаджэння XІ Рэспубліканскага фестывалю. Упершыню яна прагучала на мінскім рэгіянальным адборачным туры і запомнілася слухачам. Песня прагучыць на адкрыцці і закрыцці фінальных мерапрыемстваў у Гродне. Мелодыя будзе служыць пазыўнымі падчас выпуску тэледзённікаў. Калі ўдзельнікі і гледачы ўхваляць такі выбар, магчыма, кампазіцыя стане афіцыйнай песняй-гімнам фестывалю нацыянальных культур і надалей.

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?