Вы тут

Мой Веліструхен з'ела моль


Некалькі гадоў таму замежная сяброўка даслала мне малюнак пад назвай «Варэнне з зорак». «Знайшла гэтую беларускую мастачку на прасторах інтэрнэту. Здаецца, табе спадабаецца! Ганна Сілівончык!» Сапраўды, я тады з першага погляду ўлюбілася ў яе казачныя, душэўныя карціны. А зусім нядаўна пазнаёмілася з іх стваральніцай. А дакладней, з усёй неверагодна творчай сям'ёй Ганны: мужам Васілём Пешкуном і 13-гадовай дачкой Машай. Размаўляем спачатку дома, на канапе, затым — у машыне па дарозе на выставу Валянціна Губарава.


«Варэнне з зорак».

«Аня малявала гусей, а я пачаў нешта раіць»

— У вас, я гляджу, патрыярхат. На сценах толькі карціны Васіля...

В.: Толькі ў гэтым пакоі (усміхаецца). Калі завітаеце ў спальню, пакой Машы — убачыце выключна Аніны работы.

Г.: Доўгі час у нас у кватэры карцін не было зусім. Прынцыпова не развешвалі. Каб не было такога, што прыходзіш з майстэрні — а дома ўсё тое ж самае. Пачалося з таго, што Маша папрасіла павесіць у яе пакоі маю карціну...

М.: З дзяўчынкай з рудымі валасамі і зайцам.

Г.: Яна на той момант была прададзена. Таму павесілі іншую — з совамі. А дзе адна карціна — там і дзве...

В.: Цяпер мне нават падабаецца. Ляжу на канапе і на вёску сваю гляджу. Там я ў дзяцінстве кожнае лета праводзіў. І зараз ахвотна туды ездзім, у госці да майго дзядулі, яму 87.

М.: Зараз там няма чаго рабіць. Адзін сабака памёр. Другога — аддалі. Ніякіх жывёл няма, акрамя курэй. А яны ўцякаюць. Іх нават не абдымеш.

— Аня, Васіль, наколькі ведаю, вы пазнаёміліся падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Гэта было каханне з першага позірку?

В.: Не. Я адчуў, што Аня «мой чалавек» недзе праз паўгода. Памятаю, калі ўпершыню звярнуў на яе ўвагу. Аня пісала кампазіцыю. Я падышоў, пачаў нешта раіць. Я быў крыху старэйшы, паступіў у Акадэмію пасля мастацкага вучылішча, якое скончыў з чырвоным дыпломам. Яна паківала галавой і зрабіла па-свойму. Як заўсёды (смяюцца).

— А памятаеце, што Аня малявала ў той момант?

В.: Там быў вясковы матыў, што мяне, дарэчы, і прыцягнула. Бялізна, якая развявалася на ветры, а побач жанчына гнала гусей.

Г.: А я ніколі не забудуся на нашыя першыя зімовыя канікулы. Паехалі з Васем у Гомель. Тады я ўпершыню ў жыцці схадзіла з ім на зімнія эцюды. Змерзла жудасна. Азяблымі рукамі штосьці намалявала. І пасля скакала вакол Васі: «Пайшлі хутчэй у кавярню, грэцца». А ён: «Пачакай, я яшчэ крыху памалюю».

В.: Я тады намаляваў карціну 60х40. Палац Паскевічаў.

Г.: Такая вось рамантычная прагулка. Больш я такія запрашэнні не прымаю (смяецца).

В.: Але ж гарбатай я цябе ўсё ж такі напаіў тады.

— Кажуць, галоўнае для дзяўчыны паспяхова выйсці замуж. Пад «паспяхова» ўсе разумеюць, як правіла, каб у мужа была кватэра, машына... А для вас, Аня, што значыць паспяхова выйсці замуж?

Г.: Я выйшла замуж у 21 год. Прайшло 14 гадоў, і я па-ранейшаму задаволена сваім выбарам. Многія лічаць, што мець мужа-мастака не вельмі добра. Лепш бізнесмена, каб шмат грошай у сям'ю прыносіў. Для мяне важна, каб былі агульныя інтарэсы, каб чалавеку, які побач, было цікава, чым я займаюся.

«Аднакласнікі зайздросцяць, што ў мяне бацькі — мастакі»

— А ты, Маша, як лічыш, пашанцавала табе з бацькамі?

М.: У школе ўсе зайздросцяць, што ў мяне бацькі — мастакі. Калі трэба плакат намаляваць, то адразу мне даручаюць. Маўляў, у мамы ці таты спытаеш, як зрабіць. Я таксама спрабую маляваць. Не заўсёды, канешне, хочацца. Але добра, калі ёсць хтосьці, хто параду дасць.

— Бачыла ў «Фэйсбуку», што ты сваю першую карціну прадала не так даўно?

М.: Нядаўна ў Палацы мастацтваў была лялечная выстава. Там былі маміны, татавы і мае работы. Падышла цёця і купіла ў мяне адну карціну. А пасля яна знайшла мяне ў інтэрнэце. Напісала, што карціна спадабалася дачцэ. І што заўтра падыдзе і купіць яшчэ адну.

Ма­рыя Ва­сі­леў­на ўпер­шы­ню пра­да­ла сваю кар­ці­ну! На зад­нім пла­не ра­бо­ты Ган­ны Сі­лі­вон­чык.

— Што ты адчувала ў той момант?

М.: Мне, канешне, было шкада карцін. Бо не хочацца расставацца. Але ж засталіся фотаздымкі.

— А вам, Аня, Вася, шкада расставацца са сваімі карцінамі?

Г.: Калі не расставацца, то куды іх столькі падзець. У нас няма галерэі, дзе можна было б усе развесіць. Усё роўна яны стосікам стаяць у майстэрні, пыляцца. Наадварот, прыемна, што ў некага дома вісяць і радуюць.

— Маша, твае работы больш падобныя на маміны, чым на татавы...

Г.: Гэта проста ад таго, што я з ёй займаюся. Вася не можа адначасова і працаваць, і парады даваць. Пару разоў яны з Машай на эцюды хадзілі, але гэта звычайна закачваецца аднолькава. Спачатку спрабуе ўдзельнічаць, а пасля акунаецца ў сваю работу і ўсё...

В.: У нас так: сюжэт Анін, а тэхніка мая. Маша любіць з цюбіка шмат фарбы выціснуць. Можа, проста не ведае, колькі яна каштуе (смяюцца). Раней, калі Машы было 3 годзікі, я ёй даваў палатно, фарбы. Яна фон рабіла. Я ж пасля дапрацоўваў. А неяк было так, што я пісаў вялікую работу — макі. Даў ёй пэндзлік: «На, ты паспрабуй». Яна ўзяла яркую фіялетавую фарбу і раз-раз мазнула. Гляджу, якраз гэтага колеру і не хапала. І дарабляў фіялетавым. Атрымалася вельмі ўдала.

— Маша, раней ты казала, што ў цябе зацякае рука, калі малюеш, таму ты ніколі не будзеш мастаком. Прайшоў не адзін год. А ты працягваеш маляваць...

В.: Мама прымушае. Часам нічога не застаецца, як браць за шкірку і цягнуць у майстэрню.

М.: Гэта вобразна (смяюцца).

В.: Даводзіцца неяк матываваць. Аня плаціць 100 тысяч за кожную закончаную карціну.

Г.: Я з Машай стала сур'ёзна займацца толькі год таму. Доўга чакала, што ў яе прарэжацца да чаго-небудзь ярка выражаны інтарэс. Не дачакалася. Думаю, а раптам гэтага і не здарыцца, калі столькі спакус вакол...

— Вам бы хацелася, каб дачка пайшла па вашых слядах, стала мастачкай?

Г.: Не магу сказаць, што вельмі гэтага хачу. Проста гэта адзінае, чаму я яе сама магу навучыць. Тым больш бачу, што здольнасці ёсць, чаму б іх не развіваць. Лічу, гэта няблага, як адзін з кірункаў развіцця. Маша ж яшчэ займаецца ў тэатральнай студыі.

«Дагэтуль часам з Васем размаўляем на Машынай мове»

— Учора перад сном паглядзела ваш спектакль пра конікаў, у якіх ад кахання выраслі крылы. І запісалася ў ваш фан-клуб. А чаму свой сямейны тэатр ценяў назвалі «Веліструхен»? Што гэта за слова такое?

М.: Наогул, няма такога слова. Я глядзела мульцік. Там была песня. Я няправільна зразумела сэнс. Бегала па кватэры і спявала: «Мой Веліструхен з'ела моль». А там быў смокінг наогул. Проста пераблытала словы. Маме з татам вельмі спадабалася. І яны хацелі назваць гэтым словам што-небудзь. А пасля, калі думалі, як назваць сямейны тэатр ценяў, узгадалі гэта слова і назвалі яго так.

Г.: «Веліструхен» — гэта сімвал спантаннай творчасці. Дзеці вельмі часта несвядома прыдумляюць наватворы. Маша ў дзяцінстве нейкія словы перайначвала, перакручвала. У нас іх цэлая калекцыя. Дагэтуль часам з Васем размаўляем на Машынай дзіцячай мове.

В.: Ідзі, прынясі «хахоні» — шкарпэткі, «какокі» — калготкі, «камкана» — смятана...

— Наколькі важна, каб у сям'і было агульнае захапленне?

Г.: Гэта яднае. Сямейнае хобі з'явілася, у першую чаргу, дзеля Машы. У яе з дзяцінства інтарэс да кіно. Але паколькі фільм здымаць у хатніх умовах складана, прыдумалі хатні тэатр. Каб развіць Машыны здольнасці і адцягнуць яе ўвагу ад камп'ютара, дурацкіх мульцікаў.

В.: У нас ролі размеркаваныя. Маша агучвае.

Г.: А мы з Васем кіруем лялькамі. У асноўным спектаклі ставім па маіх казках. Адзін — па Машынай зрабілі. Я яе крыху адаптавала пад тэатр ценяў. Лялькі таксама, у асноўным, раблю я.

В.: Спачатку мы супраціўляліся з Марыяй. Вечарам хочацца паляжаць. А тут спектакль трэба рыхтаваць. Але асабліва апошнім часам мы дапамагаем Ані больш актыўна.

Г.: З задавальненнем паказваем свае міні-спектаклі сваім сябрам у майстэрні ці дома. Калі запрашаюць, і іншым дзеткам.

М.: Дзякуючы сямейнаму тэатру, мы трапілі на фестываль у Іспанію. Выступалі там.

— Як любіце бавіць час сям'ёй?

Г.: Любім вандраваць.

М.: А на Новы год у нас збіраюцца маміны і татавы сябры з дзецьмі. Мама прыдумвае асобую тэматыку: напрыклад, чараўнікі, Індыя. Кожны з гасцей рыхтуе конкурс, прыз. Да ранку не спім, гуляем, танцуем. Вельмі весела. Таму маё любімае свята Новы год.

Но­вы год — 2016: у сты­лі сюр­рэа­лізму.

«Іду зялёная па вуліцы — а ўсе азіраюцца»

— Вы ўсе разам працуеце ў майстэрні?

В.: Наша майстэрня — самая звычайная двухпакаёвая кватэра. Яна тут, непадалёку. У адным пакоі Аня працуе...

М.: Са мной.

В.: А ў другім — я.

Г.: У Васі пакой большы. Ён выстаўляе нацюрморты. І акно яму большае патрэбна для асвятлення.

М.: А хутка, калі мы пераедзем, у мяне будзе свая майстэрня.

В.: Мы прадалі гэту кватэру і майстэрню. Неўзабаве пераедзем з Каменнай Горкі ў цэнтр горада — на Веры Харужай. У новай кватэры мы вырашылі адзін пакой выдзеліць пад дамашнюю майстэрню. Бо Машы пасля школы...

М.: Мне часам проста не хочацца ісці ў майстэрню, таму што я вельмі брудная, калі малюю. Твар, ногі — усё зялёнае. У майстэрні няма ванны, толькі ўмывальнік маленькі. Там моцна не адмыешся. Таму я з зялёнымі рукамі, нагамі, тварам вымушана вяртацца дадому — а ўсе азіраюцца.

В.: Не разумею, чаму ты так выпэцкваешся...

М.: Я проста вельмі актыўна і прыгожа малюю!

— Калі малюеце, вы перагаворваецеся цераз сценку?

Г.: Падчас працы мы, як правіла, аўдыёкнігі слухаем.

В.: Біяграфіі мастакоў, пісьменнікаў...

— Не замінае засяроджвацца?

Г.: Калі трэба падумаць, на паўзу паставім. А калі эскіз ёсць, ці ў галаве ўжо карцінка збольшага склалася, то не замінае. Мне вось больш музыка засяродзіцца замінае, чым аўдыякніга.

В.: Аня танчыць проста любіць. (Васіль пачаў пазіраць на гадзіннік). А можам мы па дарозе ў машыне даразмаўляць. Мы проста хочам з Аняй паспець сёння на выставу Губарава (Хуценька збіраемся і выходзім).

— Чаму вырашылі пераехаць жыць у цэнтр горада?

В.: Гэта Аніна мара.

Г.: Мы любім хадзіць на выставы. Яны ж усе ў цэнтры горада. А з Каменнай Горкі пакуль дабярэшся... Часу шкада на дарогу.

— Мо марыце пра сямейную галерэю?

Г.: Хацелася б вялікую майстэрню-галерэю-студыю. Каб людзі, якія ішлі міма, маглі б зайсці ў госці, паглядзець новыя работы, папіць гарбаты і пагутарыць. Ну і каб там можна было праводзіць розныя цікавыя майстар-класы, сустрэчы, спектаклі. Але ж гэта не так проста арганізаваць. Як падумаю, што трэба будзе на адміністрацыйныя справы страчваць свой час, які хацелася б удзяляць творчасці...

В.: Таму пакуль шукаем месца проста пад майстэрню недалёка ад новай кватэры. І думаем, як лета правесці.

— Прыдумалі?

Г.: Нейкі час у вёсцы пабудзем, для Васі гэта вельмі важна. Кожнае лета мы ўсёй сям'ёй ездзім на пленэр «У пошуках Атлантыды», ён у Беларусі праходзіць. Гэта ўжо ў нас такая традыцыя. Васю пастаянна запрашаюць на іншыя пленэры. У мяне ў планах (Васі я пра іх яшчэ не гаварыла) трапіць за мяжу. Мне вельмі спадабалася, як два гады таму мы ездзілі на машыне ў Польшчу, Чэхію.

«Я не так сур'ёзна выглядаю, як хацелася б маёй маме»

— Калі б у вас купілі ўсе вашы карціны і ў вас з'явілася шмат грошай, на што б вы іх патрацілі?

Г.: Я не думаю, што моцна змянілася б маё жыццё. Проста тое, чым я займаюся цяпер — выставы, праекты — стала б больш маштабным. Напрыклад, захацела я выставіць свае работы ў пакоі з басейнам — калі ласка. Альбо, каб снег пайшоў летам.

В.: Я купіў бы сабе вялізную майстэрню, каб можна было б складаць там усякую усячыну. У мяне была ідэя выкарыстоўваць у якасці рамаў для карцін ліштвы, якія на вокнах. Але ж яны такія грувасткія.

Г.: Калі б сродкі дазвалялі, можна было б наогул дом вясковы разабраць, а потым сабраць унутры вы­ста­вач­най за­лы і прос­та ў пра­ёмах тых вок­наў вы­ста­віць ра­бо­ты. Ка­лі ёсць срод­кі, то твая фан­та­зія менш аб­ме­жа­ва­ная.

— Ганна, мяр­ку­ю­чы па ва­шых кар­ці­нах, вы вель­мі сва­бо­да­лю­бі­вы ча­ла­век. На­коль­кі важ­на для вас сва­бо­да ўза­е­ма­ад­но­сін у сям'і?

Г.: Пас­ля ака­дэ­міі я ні­ку­ды не пай­шла пра­ца­ваць, бо для мя­не бы­ло вель­мі важ­на, каб не бы­ло на­да мной на­чаль­ні­ка, які б мне ўказ­ваў, што і як ма­ля­ваць. І ў сям'і важ­на ўліч­ваць ін­та­рэ­сы кож­на­га. Ва­ся ез­дзіць на пле­нэ­ры, мне ў га­ла­ву не прый­дзе яго аб­мя­жоў­ваць: «Ся­дзі до­ма. На­вош­та та­бе гэ­та?» Тое ж са­мае і ён: да­па­ма­гае мне з вы­ста­ва­мі, пра­ек­та­мі. Ма­шы­ны жа­дан­ні, ка­лі яны не зу­сім вар'­яц­кія, ста­ра­юся да­па­маг­чы ажыц­ця­віць.

М.: Я ха­це­ла са­бе ў но­вай ква­тэ­ры чор­ныя шпа­ле­ры. Цал­кам чор­ны па­кой. А та­та су­праць.

Г.: Ва­ся не лю­біць цём­ныя ко­ле­ры ў ін­тэр'­еры. Але хо­ча ча­ла­век, што тут та­ко­га. У вы­ні­ку мы прый­шлі да кам­пра­мі­су: дзве сця­ны зра­бі­лі чор­ны­мі, дзве — бла­кіт­ны­мі.

— Ган­на, Ва­сіль, які­мі вы ся­бе ўяў­ля­е­це ў ста­рас­ці? Та­кі­мі, як на ад­ной кар­ці­не Сі­лі­вон­чык, дзе па­жы­лая па­рач­ка едзе на ма­та­цык­ле. Ці ін­шы­мі?

Г.: Мне больш ім­па­ну­юць ба­бу­лі і дзя­ду­лі, якія ванд­ру­юць, чым тыя, што толь­кі ў град­ках ся­дзяць ці до­ма на ка­на­пе з га­зе­тай. Я гля­джу на сва­іх баць­коў. Ёсць гро­шы, маг­чы­масць не­ку­ды па­ехаць, але та­та мой ні ра­зу не быў за мя­жой. І яму на­ват не хо­чац­ца. У лю­бым уз­рос­це трэ­ба ста­рац­ца атрым­лі­ваць ад жыц­ця за­да­валь­нен­не, та­ды і лю­дзям бу­дзе доб­ра по­бач з ва­мі.

— І бу­дзе­це апра­на­цца гэ­так жа яр­ка, як ця­пер?

В.: Аня — бу­дзе. Ча­сам ба­чу якую-не­будзь ба­бу­лю з ру­ды­мі ва­ла­са­мі і сі­ні­мі це­ня­мі, якая пры­тан­цоў­вае. «О, — ка­жу Ані, — гэ­та ты ў бу­ду­чы­ні». Я ж бу­ду спа­кой­ны, больш кла­січ­ны.

— А баць­кі як ста­вяц­ца да ва­шай твор­час­ці, ла­ду жыц­ця?

Г.: Ма­ма мая адзін час пе­ра­жы­ва­ла, што мы ні­дзе не пра­цу­ем афі­цый­на. «А як жа пен­сія?» Ёй скла­да­на гэ­та зра­зу­мець, яна ж усё жыц­цё пра­пра­ца­ва­ла дзярж­слу­жа­чай, зай­ма­ла кі­ру­ю­чыя па­са­ды. Доў­гі час на­ват у ад­па­чы­нак не ха­дзі­ла. А пас­ля зра­зу­ме­ла, што і так мож­на нар­маль­на жыць. Ця­пер даб­ра­ла­ся да ін­тэр­нэ­ту, са­цы­яль­ных се­так. Пе­ра­жы­вае, ка­лі нех­та дрэн­ны ка­мен­та­рый па­кі­не на ма­ёй ста­рон­цы. А ня­даў­на ўба­чы­ла мя­не на прэ­зен­та­цыі ў фі­я­ле­та­вых кал­гот­ках. «Ты ўжо не ў тым уз­рос­це, ка­жа, ка­лі мож­на на­дзя­ваць та­кія рэ­чы. Пой­дзем ку­пім пры­стой­ны кас­цюм, туф­лі на аб­ца­се». Мо­жа быць, я не так сур'­ёз­на вы­гля­даю, як ха­це­ла­ся б ма­ёй ма­ме. Але я та­кая, і мне гэ­та па­да­ба­ец­ца.

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН і з ся­мей­на­га ар­хі­ва ге­ро­яў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.