Вы тут

Адшукаць другую палавінку. Хутка


Прызнаюся шчыра: да «хуткіх спатканняў» я ставілася досыць скептычна. У штучна створаных умовах збіраюцца людзі (няўжо нельга пазнаёміцца як-небудзь інакш?) і спрабуюць зразумець за лічаныя гадзіны, ці падыходзіць ім той ці іншы чалавек. Навошта? Я не раз чула гісторыі, як знаёміліся ў метро, на днях народзінаў, нават у інтэрнэце, і пасля браліся шлюбам і жылі доўга і шчасліва. Але каб на хуткіх спатканнях... У працяг нашай гутаркі з Аксанай Чырко, мінскай сваццяй, мы наведалі адну з такіх сустрэч, якую яна арганізоўвае штомесяц, і паспрабавалі вызначыць, ці сапраўды такім шляхам можна адшукаць «свайго» чалавека.


Крок першы: падрыхтоўка

Я ўпэўнівала сябе, што гэта па працы і напружвацца не варта. Але нядзельны час, скрадзены ў праполкі градак на бацькоўскім лецішчы, усё адно трэба было скарыстаць. Таму зборы — хаджэнні па ўсіх кругах перадспаткальнага «пекла» — пачаліся ўжо за тры гадзіны. За гэты час я адчула сябе галоўнай гераіняй кліпа «Экспанат» групоўкі «Ленінград», які абляцеў інтэрнэт-прастору ў апошнія месяцы. Прычоска, манікюр (якому звычайна ўвагі надаецца найменш), макіяж... Праўда, шукаць лабутэны мне не прыйшлося: што надзець і абуць, прыдумала загадзя.

Крок другі: ламанне стэрэатыпа

Мне заўжды падавалася, што на хуткія спатканні прыходзяць тыя, у каго ёсць пэўныя перашкоды ці праблемы ў зносінах з супрацьлеглым полам. Але гэтае ўяўленне не спрацавала. Я спецыяльна прыйшла загадзя і з цікавасцю разглядзела ўдзельнікаў. Відавочна, што ў большасці з іх не было тых трох вольных гадзін на малапатрэбную падрыхтоўку, як у мяне.

Бо на сустрэчу, па-першае, прыйшлі людзі, у якіх складваецца паспяховая кар'ера і ім нязвыкла сядзець на месцы, і, па-другое, гэта тыя, хто не толькі добра працуе, але і на шырокую нагу адпачывае.

Напрыклад, Канстанцін, які займае кіраўнічую пасаду, у сезон катаецца з альпійскіх вяршыняў на лыжах і сноўбордзе, у міжсезонне — у Мінску на каньках. Лізавета, якая займаецца продажамі, — гурманка, для яе згатаваць суп гаспача, ялавічыну па-бургундску ці мексіканскае бурыта — звычайная справа. Большасць удзельнікаў даязджалі на спатканні на працягу гадзіны ад пачатку, бо былі занятыя па працы ці актыўна адпачывалі.

На сустрэчу ў выніку прыйшло 12 чалавек (6 жанчын і столькі ж мужчын). Трэба адзначыць, што ўсе яны былі відавочна старэйшыя за мяне і, мабыць, сярэдні ўзрост складаў гадоў 28-30. Прычым жанчыны — розных прафесій, але ўсе як адна прывабныя і, што самае галоўнае, цікавыя ды разумныя. Мужчыны адрозніваліся значна больш — завіталі і дызайнеры, і журналісты, і бізнесмены, і праграмісты, — былі старэйшымі за жанчын-удзельніц.

Крок трэці: непасрэдна знаёмства

У памяшканні было расстаўлена шэсць столікаў з двума крэсламі кожны. За столікам — пара з мужчыны і жанчыны. Першае наша заданне было паспрабаваць адгадаць, якія ў твайго візаві прафесія, характар, любімая страва, колькі сясцёр і братоў. Вядома, што адгадваць не надта атрымлівалася, таму суразмоўцу, як і мне самой, даводзілася расказваць пра сябе. Дарэчы, 4 з 6 сказалі, што я — настаўніца малодшых класаў. Прыкладна кожныя 15 хвілін мужчыны пераходзілі да наступнага століка, за мой садзіўся іншы чалавек, і мы пачыналі гутарку наноў.

Гэтак прайшло першае кола. Аказалася, што сядзець і ўважліва слухаць недастаткова. Мне, з любоўю да тэатра, чытання і вырошчвання кветак на лецішчы, было цяжка «супасці» з аматарамі экстрэмальных відаў спорту, атэістамі ці тымі, хто верыць у тэорыі агульнага Бога і касмічных духоўных хваляў. Тым не менш былі і калегі, выпускнікі Інстытута журналістыкі, з якімі агульных тэм для размоў знайшлося як расы. На наступным «коле», калі ізноў за мой столік сеў першы суразмоўца, мы гутарылі, толькі ўжо тэматычна, а на апошнім — на любую вольную тэму. Напрыканцы, калі ўжо пайшла чацвёртая гадзіна сустрэчы, мы пачалі гуляць у штосьці накшталт кракадзіла. Па словах свацці, характар сустрэчы (больш гутарак ці больш гульняў) залежыць ад таго, якія ўдзельнікі падабраліся. У нашым выпадку — досыць сталыя і сур'ёзныя. Таму акцэнт быў зроблены менавіта на размовы.

 

Замест пастскрыптума

Магу сказаць адно: час я правяла прыемна.

На мерапрыемства прыйшлі тыя, хто відавочна шукаў не хуткую інтрыжку, а партнёра для будучых адносін. Таму мужчыны адкрыта пыталіся пра погляды на стварэнне сям'і.

Вернікі — пра Бога, правыя — пра палітычныя погляды, калегі — пра тое, як пажываюць у інстытуце выкладчыкі, некаторыя ўдзельнікі — нават пра тое, як я стаўлюся да інтымных зносін... Склалася адчуванне, што цябе акуратна «мацалі» на погляды, інтарэсы і каштоўнасці і спрабавалі адшукаць тое агульнае, што дапаможа завязаць будучыя адносіны. Але ўзроставая розніца была занадта адчувальнай, таму, без асаблівага разліку на будучыню, я атрымлівала асалоду ад размоў тут і цяпер.

Напрыканцы сустрэчы кожны з удзельнікаў аддаваў свацці картку сімпатый, у якой насупраць кожнага імя мужчыны ці жанчыны можна было паставіць адну з адзнак — сэрцайка (значыць, ён спадабаўся і хочаш працягнуць адносіны) ці смайлік (для сяброўства). У рамантычным плане мне спадабаўся толькі адзін з удзельнікаў, і адзін здаўся цікавым для сяброўства. Што тычыцца апошняга — мы супалі. Але з першым, на жаль, не. Па словах Аксаны Чырко, усяго адбылося пяць супадзенняў для будучых адносін, і чатыры — для сяброўства.

Самае галоўнае — дзякуючы спатканням мне давялося выйсці з зоны камфорту. Бо людзі, якія маюць па дзве вышэйшыя адукацыі, некалькі разоў за жыццё мянялі спецыяльнасць, прачыталі значна больш кніг, наведалі куды больш краін, нагадалі мне, што выйсці замуж, гэта, вядома, важна. Але наперадзе столькі нязведанага і цікавага... нашто спяшацца?

pustavit@zviazda.by

Імёны ўсіх удзельнікаў хуткіх спатканняў змененыя.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.