Вы тут

Марына Яўсейчык: Аповед пра жанчыну, якая страціла галаву


Марына Яўсейчык — з тых (так і хочацца дадаць: нямногіх) беларускіх апавядальнікаў, хто любіць кароткую форму. Прынамсі, часта выкарыстоўвае, знаходзячы ў ёй свае перавагі і нагадваючы нам, што проза — родная сястра паэзіі. А да ўсяго, лішні раз даказваючы, калі мець на ўвазе «Аповед пра жанчыну, якая страціла галаву»: і праз маленькі аб'ём можна хораша, адметна і запамінальна паказаць вялікую драму жаночага лёсу.

Алесь Бадак


І

Сядзіш і енчыш ад галаўнога болю. Сядзіш і енчыш, што зноў зіма. Няма дзяцей. І муж твой жыў — пасля сканаў. Не засталося больш нікога, хто б змог табе дапамагчы. «Чаму так?» — спыталася ты ў галаўнога болю. «Бо з юнацтва ходзіш ты без галавы», — крыкнуў ёй галаўны боль. Ды так моцна крыкнуў, што ў яе вачах пачалі мільгацець каляровыя палоскі. Яна ўпала. Як падае дрэва, якое сцяла электрапіла. Яна ўпала хутка, падаўшы апошні голас: «Жыццё мне здрадзіла!» І яе галава сутыкнулася з падлогай. Галаўны боль прапаў. Ягоная місія скончылася. Ён мусіў толькі сказаць ёй, што яна не мае ўнутранага голасу. Ён хацеў папярэдзіць яе пра небяспеку звонку. А яна заенчыла. Проста і шчыра. Па-чалавечы. Яна схавалася за гэты галаўны боль, каб нагадаць сабе і іншым пра тое, што яна жанчына, якая не мае дзяцей і мужа.

 

Але ж яе галава балела з іншай прычыны. Яна адчувала, што на яе хтосьці палюе. Нават тады, калі яна сядзіць спінай да батарэі. У яе ёсць суперніца: больш уплывовая і шчаслівая жанчына. Яна не дурыць нікому галавы і не мае галаўнога болю. Здаецца, яна таксама не мае сваёй галавы, і адсутнасць гэтага карыснага інструмента вымагае ад яе пэўных высілкаў для арганізацыі самастойнага жыцця за кошт заможных мужчын. Такія дзве розныя жанчыны. І без дай прычыны суперніцамі пасталі. Бо яна была жонкай для свайго мужа, а тая, другая — яго палюбоўніцай. Дзве безгаловыя жанчыны. Розніца толькі ў тым, што тая перажыла свой галаўны боль, а яна ад яго памерла, бо надала яму надта многа ўвагі, зрабіўшы з яго сутнасць сваіх праблем. І безгаловая жанчына сутыкнулася сваёй галавой з падлогай.

ІІ

Бацькі забаранілі ёй піць. Яна доўга трымалася. З самага дзяцінства. Трымалася, каб не сарвацца і не сысці ў запой. Яна глядзела на свайго бацьку і хацела ўчыніць яму жаночы мардабой пустой бутэлькай. Тады яна была падлеткам. А калі вырасла — проста пайшла з дому. Каб не чуць і не бачыць, як п'е бацька. Ён быў сінім алкаголікам. А яна — яго дачкою? Так, яна была ягонай дачкою.

Гэтая гісторыя магла б стаць сумнаю, аднак яна не піла. Не таму, што даволі нагледзелася на бацькоўскія пахмеллі і скандалы, а яна проста ведала, што не выберацца самастойна з усяго гэтага. Яна адчувала, нутром адчувала: на яе палюе бутэлька. А спіртное — гэта частка яе жыцця. І яна хавалася ад жыцця так часта, што ў адзін зручны момант ёй захацелася проста выпіць. Гарачага віна. Бо не было побач каханага мужчыны. Не было побач мужа. Глінтвейн каля батарэі, у пакоі з адным драўляным ложкам без пасцельнай бялізны. А навошта? І так добра. Пераночыла — і зноўку вольная ляцець да сваёй адзіноты, якая сядзела ў яе галаве.

Яна была проста безгаловай жанчынай, у якой з'явіўся галаўны боль як вынік прысутнасці бацькі-алкаголіка і адсутнасці каханага мужчыны. Гэты галаўны боль штодня еў кару яе галаўнога мозга. У выніку яна знайшла збавенне ад адзіноты. Яна ўзяла і стамілася! Уяўляеце? Вы бачылі жанчыну, якая ўзяла ды стамілася? Гэта значыць, што яна ўзяла ды напілася! Не ад таго, што ёй забаранялі. Для таго, каб адчуць, што справы яе дрэнь. Што добры глінтвейн для яе задарагі, што ў яе няма дзяцей. І мужа. Што на яе палюе хтосьці дужы. То была смерць. А далей...

Вы ўжо ведаеце. Яе галава сутыкнулася з падлогай. Жанчыне не абавязкова быць алкагалічкай, каб памерці ад злоўжывання спіртнымі напоямі. Ёй дастаткова толькі спрычыніцца да жыццёвага працэсу і страціць сваю жаночую жыццядайную сілу. Ёй дастаткова толькі пачаць зарабляць грошы фізічнай працай, намуляць на выкшталцоных пальцах інтэлігенткі мазалі, адчуць сваю мізэрнасць перад светам і — напіцца. Гэтага ўсяго дастаткова для жаночай смерці.

Прадчуваючы ўсё гэта, яна хацела нарадзіцца хлопчыкам. Тады б атрымаўся сапраўдны сіні алкаголік. Як яе бацька. Алкаголік без суіцыдальных схільнасцяў.

ІІІ

Засталося расказаць, чаму яна страціла мужа, любага сэрцу чалавека. Яна так прызвычаілася да яго, што каханне ператварылася ў дзікае жаданне проста быць з ім побач. Больш нічога яна не хацела. Нават дзяцей ад яго не хацела. Пра такое можна толькі сказаць, што яе сутнасць растварылася ў яго сутнасці і яна ўжо перастала быць самастойнай жанчынай. Цяпер яна стала прывабным манекенам. Без душы і сэрца. І пачала піць. Так, яна пачала піць яшчэ раней, чым расказала пра гэта ў папярэдняй частцы. Яна пачала піць яшчэ пры мужу. Пачала ад таго, што не знала, чым заняць сябе, калі яны былі на адлегласці: заўжды на памежжы ягонай інтэлектуальнай працы ды іхніх сямейных адносін. У яе тады ўжо не было галавы. Але галава была ў яго. Ён заўжды насіў яе з сабою. Безгаловым ён не быў ніколі. Яна адпомсціла яму за гэта. Яна забрала ягоную галаву сабе. І ён памёр. Яна засталася ў адзіноце. Без мужа і дзяцей. Ад гэтага ў яе пачаўся галаўны боль. З кожным днём боль рабіўся ўсё больш гаваркі і гаваркі. Ён прасіў жыць сваім розумам. Але ж што такое жанчына без каханага мужчыны? Яна страціла галаву. І аддала сваё жыццё смерці.

Калі яна падала на падлогу, то зразумела, што была занадта нізкага росту для свайго мужа.

Апошняе, што сказаў ёй галаўны боль, гэта тое, што смерць падбірае з падлогі толькі тых, хто не падрос за жыццё, хто проста стаміўся і ўсё... Хто пачаў піць глінтвейн ад галаўнога болю.

І толькі тады яна зразумела, што, калі б была высокай, то не ўпала б: вага і рост яе цела затрымалі б яе на вертыкалі. Аднак яна даведалася пра гэта занадта позна: калі яе галава дакранулася да падлогі — да яе смяротнага гарызонту.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.