Вы тут

Каму абяцаюць заробак у 100 мільёнаў?


Ці рэальна за месяц зарабіць на падарожжа па Паўднёвай Афрыцы, а за год — на новую кватэру ў сталіцы? Для сярэднестатыстычнага беларуса з заработнай платай у сем мільёнаў (такія лічбы прыводзіць Белстат) сумы, бадай, фантастычныя. Але на біржы працы часам з'яўляюцца вакансіі з прапановамі пад сто мільёнаў. «Звязда» высветліла, каму са спецыялістаў гатовы столькі плаціць і якія навыкі неабходны, каб заняць гэтыя пасады.


Айцішнік з веданнем фітнесу

Частка прывабных прапаноў — для праграмістаў. Так, дырэктара па тэхнічных пытаннях шукае міжнародная кампанія, якая распрацоўвае рашэнні па кіраванні тэлекамунікацыйнымі аперацыямі. За месяц абяцаюць 85 мільёнаў рублёў. Але, зразумела, не кожны, хто адвучыўся на айцішніка, можа разлічваць на гэтыя грошы. З патрабаванняў наймальніка — свабодная англійская і ўкраінская мовы і вопыт, не меншы за пяць гадоў. Год таму, дарэчы, на гэтае месца ўжо шукалі чалавека. Але той, як бачым, не затрымаўся. Ці то работнік з абавязкамі не справіўся, ці то заробак для такой пасады недацягвае.

Спецыяліста па камп'ютарнай графіцы за 89 мільёнаў запрашаў мінскі офіс амерыканскай кампаніі.

— Для ІT-сферы гэта стандартная вакансія, — здзівіліся нашаму інтарэсу ў фірме і прызналіся, што работніка, які іх цалкам задаволіў, ужо знайшлі.

Патрабаванняў, між іншым, было шмат: больш за дзевяць гадоў вопыту інтэрактыўнага дызайну для сайтаў і прылад, добрае валоданне англійскай мовай і... глыбокія веды ў галіне фітнесу. Апошняя ўмова не капрыз наймальніка: дызайнер цяпер працуе над праграмай, якая дапамагае весці здаровы лад жыцця.

Для спецыялістаў, не звязаных з ІT-індустрыяй, прывабныя прапановы таксама ёсць.

Дзве вакансіі з рэкорднымі заробкамі адкрыты ў прадстаўніцтве турэцкай кампаніі, якая займаецца авіяперавозкамі. 99 мільёнаў за месяц гатовы плаціць бухгалтару і начальніку аддзела браніравання і продажаў. На вакансіі адгукнуліся з дзясятак чалавек, але месцы дагэтуль не заняты.

З неабходнага — вопыт працы ад 10 гадоў у авіякампаніі (у тым ліку і ў замежных прадстаўніцтвах ад пяці гадоў), добрая турэцкая мова, веданне сістэмы браніравання і продажу квіткоў. Бухгалтар у дадатак да ўсяго павінен быць знаёмым з асаблівасцямі бухуліку Турцыі. Як патлумачылі кадравікі кампаніі, гэта патрэбна для замежных камандзіровак.

Патрэбны працаголікі

Калі ўпэўнены, што можаце прадаць што заўгодна, наступныя прапановы якраз для вас. Швейцарская кампанія, якая распрацоўвае стаматалагічныя прэпараты, шукае медыцынскага прадстаўніка ў Мінску. Работнік будзе «з нуля» распаўсюджваць прадукцыю ў прафесійнай стаматалагічнай суполцы, праводзіць прэзентацыі і майстар-класы, удзельнічаць у спецыялізаваных выстаўках, ладзіць прома-акцыі. У дзень спецыялісту неабходна наведваць не менш за пяць стаматалагічных клінік (100 пунктаў за месяц)! Асноўныя патрабаванні — вышэйшая медыцынская адукацыя, вопыт працы медыцынскім прадстаўніком ад трох гадоў і веданне ключавых гульцоў «зубнога» рынку рэгіёна.

Аклад складае 500 долараў, але кампанія абяцае, што разам з працэнтамі ад продажаў будзеце мець усе пяць тысяч долараў. Бонус да фіксаванай часткі заробку, праўда, выплацяць толькі пры ўмове выканання плана. А сацыяльным пакетам (з медыцынскай страхоўкай і мабільнай сувяззю) забяспечаць з другога года працы. Калі затрымаецеся.

Іншы варыянт — паспрабаваць сябе ў гандлі металапракатам. З неабходных умоў выразна прапісаны толькі вопыт — 3-6 гадоў. У фірме папярэджваюць: патрэбны працаголікі.

«Мы гатовы плаціць, калі вы гатовы працаваць», — пазначылі ў вакансіі. Менеджара абавяжуць шукаць кліентаў, складаць камерцыйныя прапановы, займацца аптовымі продажамі металапрадукцыі, весці дакументацыю. Прыбытак у 100 мільёнаў гарантуюць за кошт працэнтаў са здзелак.

Самую ж нечаканую прапанову з рэкордным заробкам мы знайшлі ў Брэсце. Вакансія з'явілася напрыканцы мінулага тыдня. Мясцовы наймальнік запрашае на працу 27 абліцоўшчыкаў-плітачнікаў. Плаціць абяцае 100 мільёнаў у месяц (у той час калі астатнія вакансіі па гэтай спецыяльнасці прапануюць ад 3 да 11 мільёнаў), бо на некаторыя заказы давядзецца ездзіць у Расію. Кандыдатам дастаткова мець агульную сярэднюю адукацыю і 4-5-ты разрад.

Унікальныя кандыдаты

Высокааплатных вакансій на біржы зусім мала. Па падліках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, доля прапаноў з заробкам у 10 мільёнаў і вышэй складае ўсяго адзін працэнт (у Мінску — тры працэнты). А месцаў, дзе гатовы плаціць у дзесяць разоў больш, і ўвогуле адзінкі.

— Такія вакансіі, хутчэй, выключэнне для сённяшняга рынку, — заўважае дырэктар кадравага агенцтва Ірына ШАТКОЎСКАЯ. — Калі яны і з'яўляюцца, то гэта, як правіла, месцы для кіраўнікоў і іншага топавага персаналу.

Ад суіскальнікаў, што прэтэндуюць на чатыры-пяць тысяч долараў у месяц, чакаюць рэдкіх кампетэнцый ці вопыту ў канкрэтнай вузкай сферы. Гэта той выпадак, калі веданне карэйскай мовы або ўменне працаваць за ткацкім станком (а лепш і першае, і другое разам) робяць вас унікальным кандыдатам, за якога гатовы плаціць.

Што да кампаній, якія могуць дазволіць сабе дарагіх ва ўсіх сэнсах работнікаў, то гэта звычайна замежныя фірмы і іх прадстаўніцтвы ў Беларусі.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Патрабуюцца прадаўцы... металапракату

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.