Вы тут

Сацыёлагі пра тое, як не згубіцца ў інфармацыйным моры


Ці не кожны дзень мы сустракаемся з рознымі апытаннямі. Сваё ўласнае «даследаванне грамадскай думкі» сёння можа здзейсніць любы, хто мае старонку ў сацыяльнай сетцы. Апытанні ладзіць для наведвальнікаў значная частка інтэрнэт-рэсурсаў, прынамсі, інфармацыйных ці інфармацыйна-забаўляльных. Часцяком гэтыя міні-даследаванні прыводзяцца журналістамі ў якасці абгрунтавання той ці іншай думкі — але ці правільна гэта? У «Звяздзе» прайшоў «круглы стол» на тэму: «Сацыялогія ў жыцці сучаснага грамадства», падчас якога тэарэтыкі і практыкі падзяліліся сваімі меркаваннямі аб тым, што можа, а што не мае права рабіць сацыёлаг, ці павінна сацыялогія даваць адпор «ілжэапытанням» і ці можа гэта навука прадухіліць канфлікт у грамадстве?

Каб абмеркаваць гэтыя праблемы, у рэдакцыю завіталі Аляксандр Данілаў, загадчык кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Таццяна ШЧОЛКАВА, дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ, кандыдат сацыялагічных навук; Алег Кабяк, дактарант, дацэнт кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Валерый Барадзеня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах; Дар'я Назарава, навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Ігар Пінчук, загадчык сектара збору і апрацоўкі сацыялагічных даных Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; Андрэй Бялоў, загадчык аддзела Беларускага інстытута сістэмнага аналізу Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях; Святлана Раманава, загадчык кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук; Ірына Якаўлева, кіраўнік сацыялагічнай лабараторыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.


Шклянка напалову поўная ці напалову пустая?

Аляк­сандр Да­ні­лаў.

Аляксандр ДАНІЛАЎ (А.Д.):

— На аснове чаго вызначаецца статус, запатрабаванасць сацыялагічнай навукі? Перш за ўсё, на аснове яе функцый. Праца сацыёлага — гэта экспертыза таго, што адбываецца. Гэта першая рэч, якая безумоўна патрэбна і якая вызначае высокую запатрабаванасць гэтай навукі. Другі момант — гэта прагнозныя функцыі сацыялогіі. Яшчэ калі Агюст Конт (заснавальнік сацыялогіі. — Аўт.) вызначаў змест гэтай навукі, ён сказаў так: ведаць — каб прадбачыць, прадбачыць — каб рэгуляваць.

Сацыялогія нарадзілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. За гэты перыяд былі выпрацаваны і зафіксаваны канкрэтныя правілы работы і этычныя нормы. Яны і склалі кодэкс сацыёлага. Гэта добраахвотны спіс маральных і прафесійных правілаў, якія чалавек, што ўступае на прафесійную дарогу, прымае для сябе.

Я звярнуў бы ўвагу, што ў сваёй практычнай працы сацыёлаг павінен кіравацца высокім пачуццём сацыяльнай адказнасці, памятаць пра тое, што яго рэкамендацыі, вывады, дзеянні могуць аказаць істотны ўплыў на жыццё індывідаў, сацыяльных груп і грамадства ў цэлым. Ён павінен быць аб'ектыўным, арыентаваным на высокія прафесійныя стандарты.

Прафесійная сацыялагічная супольнасць невялікая. Мы добра ведаем адзін аднаго і стараемся, каб перш за ўсё, як і ў медыцыне, асноўным прынцыпам быў «не нашкодзь». Думаю, што рэалізацыя гэтага прынцыпу і дае дастатковы высокі статус гэтай навуцы. Сёння сацыялогія запатрабавана грамадствам.

Алег Ка­бяк.

Алег КАБЯК (А.К.):

— Сацыёлаг не павінен быць ангажыраваным. Сваім студэнтам я расказваю ў якасці прыкладу гісторыю часоў Міхаіла Гарбачова, калі на адным з пасяджэнняў сацыёлагі правялі экспрэс-апытанне, якое складалася з аднаго пытання: у якой меры вы падтрымліваеце пазіцыю Гарбачова, выказаную ў праграмным дакладзе? Былі атрыманы наступныя даныя: каля 30% сказалі, што цалкам падтрымліваюць, прыкладна столькі ж прызналіся, што цалкам не падтрымліваюць, а каля 40% адзначылі, што часткова падтрымліваюць, а часткова не падтрымліваюць. На наступны дзень у прапрэзідэнцкай газеце выйшла нататка: «Сацыёлагі правялі бліц-апытанне сярод дэпутатаў, якое паказала, што 70% дэпутатаў часткова або цалкам падтрымліваюць пазіцыю Міхаіла Гарбачова». Са спасылкай на тыя ж даныя і тое ж апытанне ў апазіцыйнай газеце нататка ўтрымлівала такі тэкст: «70% дэпутатаў часткова або цалкам не падтрымліваюць пазіцыю Гарбачова». Адны і тыя ж звесткі былі ўзяты ў якасці эмпірычнай базы, але ангажыраванасць як у першым, так і ў другім выпадку прывяла да супрацьлеглага выніку. Гэта адказ на пытанне, чаго не павінен рабіць сацыёлаг. Адны і тыя ж лічбы, тым больш вырваныя з кантэксту, можна інтэрпрэтаваць наадварот.

Тац­ця­на ШЧОЛ­КА­ВА.

Таццяна ШЧОЛКАВА (Т.Ш.):

— Сацыёлаг абавязкова павінен праяўляць прафесійную кампетэнтнасць — гэта па-першае. Па-другое, любое сацыялагічнае даследаванне накіравана на атрыманне дакладнай інфармацыі аб вывучаемай з'яве або працэсе. Таму задача любога сацыёлага пры правядзенні сацыялагічных даследаванняў — імкнуцца да атрымання максімальна дакладнай і надзейнай інфармацыі і атрымання надзейных вывадаў з гэтай інфармацыі.

Натуральна, сацыёлаг павінен імкнуцца да ўстанаўлення навуковай ісціны. Гэта тое, дзеля чаго праводзіцца любое сацыялагічнае даследаванне.

Што да кодэкса сацыёлагаў, то, на маю думку, не прымаць яго — няправільна. Кодэкс з'яўляецца нарматыўнай асновай прафесійнай дзейнасці. Непрыняцце гэтага прафесійнага кодэкса цягне за сабой памылкі, парушэнні, утойванне нейкіх фактаў.

А.Д.:

— Адбываецца маніпуляцыя сацыялагічнымі данымі...

Т.Ш.:

— Прафесійны кодэкс усё гэта выключае, страхуе такім чынам і сацыёлага, і сацыялогію ў цэлым як навуку.

Ва­ле­рый Ба­ра­дзе­ня.

Валерый БАРАДЗЕНЯ (В.Б.):

— Калі ў заходніх краінах нехта не прыняў прафесійны кодэкс, не падпісаўся пад ім, таго выкідваюць з прафесійнай супольнасці, з ім ніхто не будзе заключаць ніякіх дамоўленасцяў. Нельга не пагадзіцца з тымі простымі і зразумелымі рэчамі, якія ёсць у кодэксе. Тое ж самае будзе адбывацца і ў нас. Прафесіяналы будуць аб'ядноўвацца, тыя, хто не будзе далучацца да прафесійнай супольнасці, застануцца на абочыне. Калі чалавек не прызнае прафесійны кодэкс, значыць, ён выкарыстоўвае навуку як шырму для дасягнення сваіх вузкіх патрэб. А гэта дыскрэдытуе навуку.

Свят­ла­на Ра­ма­на­ва.

Святлана РАМАНАВА (С.Р.):

— З усёй адказнасцю скажу, што сацыёлагі яшчэ са студэнцкіх гадоў ахвотна прытрымліваюцца прынцыпаў кодэкса. У той жа час не заўсёды проста заставацца цалкам аб'ектыўным і незалежным даследчыкам. Той, хто заказвае даследаванне сацыёлагам, спачатку фарміруе нам заказ і расстаўляе акцэнты на тое, якога роду інфармацыя яму патрэбна на выхадзе, потым ён «забірае» вынікі, якія можа выкарыстаць дзе заўгодна. Гэтыя два моманты і з'яўляюцца самымі складанымі — гэта значыць, сацыёлаг адразу ставіцца ў пэўныя рамкі.

А.Д.:

— Сацыялагічныя даныя часцей за ўсё, калі праходзяць у маніторынгавым рэжыме, прадастаўляюцца для сферы кіравання. Ці можна прыняць правільнае кіраўнічае рашэнне або вырашыць канфліктную сітуацыю, калі ты атрымаў апрыёры цалкам ангажаваныя, загадзя запланаваныя звесткі? Натуральна, не.

В.Б.:

— Любая ўлада заўсёды зацікаўлена ў атрыманні аб'ектыўнай інфармацыі. Каб прыняць рашэнне, трэба ведаць рэальную сітуацыю.

Навошта быць «сацыялагічна пісьменным»?

«Звязда»:

— Які адказ можа даць сацыялогія як навука непрафесійным апытанням, якія падаюцца як сацыялагічныя даследаванні, што праводзяцца звычайнымі карыстальнікамі інтэрнэту?

В.Б.:

— Навука ўвогуле не павінна ўмешвацца ў гэты працэс. Чалавек, які ўжывае такую інфармацыю, павінен звяртаць увагу на тое, што ён «ужывае». Сёння ў адкрытай інфармацыйнай прасторы можна «падсунуць» увогуле што заўгодна. Калі чалавек пісьменны, думае крытычна, то ён абавязкова паглядзіць крыніцу інфармацыі, як яна карэліруе з іншымі данымі — і толькі тады зробіць пэўны вывад. Афіцыйная навука — у гэтым выпадку сацыялогія — не абавязана рэагаваць на кожнае апытанне...

Людзі, напрыклад, з задавальненнем удзельнічаюць у апытаннях па вызначэнні тыпу характару або тэмпераменту... Патрэбна ім гэта — няхай сабе. Іншая справа, калі нейкія вынікі выкарыстоўваюцца, каб расхістаць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне, або напярэдадні выбараў «укідваюцца» правакацыі — тады неабходна даваць абгрунтаваныя вынікі сацыялагічных даследаванняў. Часцей за ўсё народ адчувае рэальную сітуацыю. Падмануць людзей не так проста.

Т. Ш.:

— Гэта з аднаго боку, тут я пагаджуся з вамі. З іншага, мне здаецца, на жаль, сёння ў нас недастатковы ўзровень сацыялагічнай пісьменнасці, і праблема ў гэтым ёсць.

А. Д.:

— Да таго ж, сёння прыходзяць новыя пакаленні кіраўнікоў, якія пагардліва ставяцца да любой сацыялагічнай інфармацыі: маўляў, я сам усё ведаю, мне нічога не патрэбна. Па сутнасці сацыялогія — навука аб жыццяздольнасці дзяржавы. Калі мы добра, па правілах працуем, то якраз і папярэджваем такім чынам крызісы, канфлікты, якія могуць узнікаць.

Анд­рэй Бя­лоў.

Андрэй БЯЛОЎ (А.Б.):

— Мы кажам пра тое, што насельніцтва, сутыкаючыся з сацыялагічнай інфармацыяй, не заўсёды ўспрымае яе патрэбным чынам. Але я хачу звярнуць увагу, што нашы чыноўнікі — гэта таксама насельніцтва, а як яны ўспрымаюць гэту інфармацыю? Для мяне гэта вялікая загадка.

Цяпер у нас ёсць і рэсурсы, і навыкі, каб праводзіць сацыялагічныя даследаванні. Іншая справа, як гэта пасля будуць успрымаць, як гэтым будуць карыстацца і на якім узроўні. Калі на прымітыўным узроўні, успрымаючы сацыялагічныя звесткі як звычайную інфармацыю, то, відаць, сацыялогія наўрад ці павысіць свой статус у параўнанні з цяперашнім станам, і, відаць, не зможа дапамагчы — нават калі ў кіраўніка ёсць адпаведная магчымасць. Таму трэба звярнуць увагу на сацыялагічную пісьменнасць тых людзей, якія выкарыстоўваюць або будуць выкарыстоўваць сацыялагічную інфармацыю. Ведаю, што, напрыклад, для Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пастаянна праводзяцца рознага кшталту семінары па правядзенні дэмаграфічных даследаванняў. Мэтазгодна, на маю думку, распаўсюдзіць гэта на іншыя ведамствы, якія пастаянна працуюць з сацыялагічнымі данымі.

А.Д.:

— Складанасць наша заключаецца ў тым, што ў школе, напрыклад, пра сацыялогію ўвогуле не ідзе гутаркі. Але ж у тым, каб былі ўяўленні пра сацыялогію ў грамадстве, ёсць вялікая неабходнасць.

Іры­на Якаў­ле­ва.

Ірына ЯКАЎЛЕВА (І.Я.):

— Я ганаруся, што мы змаглі стварыць і падтрымаць цэнтр сацыялагічных даследаванняў па праблемах моладзі ў Палацы дзяцей і моладзі. Калі завадская сацыялогія амаль знікла, то сацыялогія, якая вывучае праблемы моладзі на базе найбуйнейшага ў нашай краіне цэнтра моладзі, жывая і шукае новыя варыянты, формы свайго развіцця і прымянення.

Дадатковая адукацыя не мае стандартаў, абавязковасці наведвання, як гэта ёсць у школе. Туды прыходзяць, таму што гэта цікава і таму што жадаюць навучыцца нечаму такому, чаму не могуць навучыцца ў школе, нават ВНУ. Узнікае момант канкурэнтаздольнасці. Мы таксама зацікаўлены ў тым, каб ведаць, якія новыя межы ў сферы адукацыі сёння найбольш цікавыя. Дзякуючы ўласным сацыялагічным даследаванням мы ведаем жаданні, імкненні маладых людзей — так, дзве траціны школьнікаў старэйшых класаў збіраюцца выбраць прафесію, якая звязана з іх захапленнем. Такім чынам, мы можам выбудоўваць стратэгію сваіх адукацыйных прапаноў. Любое рашэнне ў рамках Палаца, якое накіравана на задавальненне патрэб нашых наведвальнікаў, базуецца на звестках нашай сацыялагічнай службы.

Як рэагуюць улады?

«Звязда»:

— Як прадастаўленыя сацыялагічныя даныя пасля ўплываюць на прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў?

Да­р'я На­за­ра­ва.

Дар'я НАЗАРАВА (Д.Н.):

— У Інстытуце сацыялогіі мы праводзілі спецыяльныя даследаванні грамадскага меркавання па сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, над імі мы працавалі 4 гады. Даследаванні праводзіліся па наступных кірунках: адносіны да інавацый у сістэме тарыфаў на паслугі ЖКГ, энергазберажэнне, сарціроўка бытавых адходаў, ацэнка якасці паслуг ЖКГ па месцы жыхарства, арэнднае жыллё, форма абслугоўвання ў ЖКГ — дзяржаўная ці прыватная, прычыны, што перашкаджаюць развіццю прыватнай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Мы аналізавалі, як да гэтага ставіцца не толькі насельніцтва ўсёй краіны, але і асобных рэгіёнаў, глядзелі, дзе якія праблемныя кропкі ёсць. Падчас падрыхтоўкі справаздачы па гэтай тэме мы таксама ўлічвалі даныя маніторынгаў, якія праводзяцца ў Інстытуце сацыялогіі ўжо даволі працяглы час, — на аснове іх у нас атрымалася 13 даследаванняў, вельмі цікавых.

На пытанне «якія праблемы хвалююць вас больш за ўсё?» пункт «праблемы тарыфаў на камунальныя паслугі» ў адказах рэспандэнтаў аказваўся на 4-м, 6-м або нават на 8 месцы. Гэта вельмі нізкі паказчык. На першым месцы, дарэчы, быў рост цэн на асноўныя прадукты, зарплата, часам — стан здароўя. Наступнае пытанне тычылася дастатковасці сродкаў на аплату камунальных паслуг. Людзей, якія сказалі, што ім хапае грошай на аплату ЖКГ, пераважная большасць. Па апошніх звестках, гэта 83,1%. Але гэта даныя яшчэ да павышэння тарыфаў.

Вынікі гэтых даследаванняў мы накіроўвалі ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў выглядзе разгорнутых аналітычных запісак-справаздач. Там усё прачыталі, нават паперы адпаведныя даслалі — маўляў, будуць выкарыстоўваць гэта для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. Не думаю, што на аснове нашых даследаванняў Міністэрства ЖКГ прыйшло да рашэння павысіць тарыфы на паслугі. Мы казалі, што павышаць рэзка тарыфы нельга. У прыклад прыводзілі Балгарыю, калі некалькі гадоў таму там рэзка павысілі адпаведныя цэны, людзі проста выйшлі з акцыямі пратэсту.

В.Б:

— Дарэчы, а даследаванні па тарыфах на мабільную сувязь ёсць? Яны ж нашмат вышэйшыя за тарыфы ЖКГ, але чамусьці хвалююць людзей менш. Мы кажам пра тарыфы на ЖКГ, але аказваецца, што пераважная частка нашага насельніцтва за мабільную сувязь плаціць больш, чым за водазабеспячэнне, водаадвядзенне, электрычнасць, газазабеспячэнне, цеплазабеспячэнне, вентыляцыю разам узятыя. Гэта нармальна, што за тэлефон мы плацім столькі без пытанняў і не параўноўваем гэтага з аплатай ЖКГ, якая, у адрозненне ад кампаній мабільных аператараў, з'яўляецца велізарнай структурай?

Ігар Пін­чук.

І.П.:

— Вопыт паказвае, што часам пэўныя міністэрствы, ведамствы, праводзяць свае апытанні. Ведаю, што, напрыклад, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзяць свае даследаванні. Гэта значыць, запыт на сацыялагічную інфармацыю ёсць, і ў кожнай структуры — свае інтарэсы. Калі гэта Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, то іх можа цікавіць, наколькі эфектыўныя іх інфармацыйныя кампаніі, наколькі людзі праінфармаваны пра іх мерапрыемствы.

Мы праводзім апытанні рэгулярна і тэматыка ў нас разнастайная — ад квартальных сацыяльна-палітычных даследаванняў да апытанняў моладзі. Вывучаецца і тэматыка сродкаў масавай інфармацыі. Гэта інфармацыя запатрабаваная, адпаведна, яна ўлічваецца пры прыняцці рашэнняў. Памятаеце, былі складанасці з рэцэптамі на лекі? Тады апытанні засведчылі, што ў людзей сапраўды ўзнікаюць праблемы. Тут спрацавалі нашы аператыўныя звесткі — і праблема знялася.

С.Р.:

— У нас зайшла гутарка пра прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў. Але ж значная частка выпускнікоў-сацыёлагаў ідзе ў недзяржаўныя структуры. Для іх сацыялогія — гэта, перш за ўсё, не навука, а інструмент. Многія з іх нават не знаёмыя з кодэксам сацыёлагаў.

Камерцыйныя структуры сёння адна за адной ствараюць унутры сябе сацыялагічныя лабараторыі, даследчыцкія цэнтры. Яны імкнуцца распрацаваць больш гібкія інструменты вывучэння рынку.

Калі ўзяць у якасці прыкладу Заходнюю Еўропу, то там — дзясяткі тысяч сацыёлагаў, і ўсе яны працуюць, вядуць дастаткова актыўную даследчыцкую дзейнасць — праўда, лакалізаваную. Не на ўзроўні дзяржаўнай вертыкалі, міністэрстваў, ведамстваў — яны не бяруцца рашаць глабальныя пытанні. Даследчыцкая праца ідзе па структурах грамадзянскай супольнасці.

У нас, на жаль, сёння гэты сегмент сацыялагічнай працы развіты горш. У грамадскіх арганізацый, якія хочуць вывучаць праблемы, звязаныя з сацыяльнымі дэвіяцыямі, праблемамі асобных катэгорый насельніцтва, іншыя вельмі актуальныя пытанні, часта няма на гэта грошай. А, напрыклад, магутныя гандлёвыя прадпрыемствы, ігракі ІT-індустрыі заказваюць маштабныя даследаванні або нават самі займаюцца даследчыцкай дзейнасцю, але вынік такіх даследаванняў — камерцыйная інфармацыя, якая актыўна выкарыстоўваецца, але не распаўсюджваецца. Сацыёлагі, якія працуюць у гэтай сферы, могуць шмат цікавага расказаць пра тое, як сацыялогія становіцца інструментам канкурэнцыі. А там, як вы ведаеце, усе сродкі добрыя.

А.Б.:

— Але і тут магчымыя навуковыя даследаванні. Трэба раздзяляць два моманты. Справа ў тым, што тэхналогія прыняцця кіраўніцкага рашэння, на маю думку, універсальная — і для камерцыйных структур, і для дзяржаўных. І, натуральна, яна заўсёды павінна абапірацца на якасную інфармацыю. Іншая справа, калі даныя сацыялагічных даследаванняў імкнуцца прадстаўляць у якасці рэкламы ўласнай кампаніі. Цяпер гэта вельмі распаўсюджана.

На форумах сядзіць не так шмат людзей

А.Б.:

— Як усё-такі адрозніць навуковую сацыялогію, публікацыю, ад ненавуковай спробы агітацыі або прапаганды? Калі лічбы вырываюцца з кантэксту і не апісваецца тое, як яны былі атрыманы, няма апісання методыкі, значыць, звесткі не вартыя даверу. Па меншай меры можна даць проста спасылку на інтэрнэт-крыніцу: методыку даследавання можна, напрыклад, пачытаць на такім сайце. Вось так і трэба дзейнічаць, каб кожны спецыяліст, абывацель мог паглядзець, як рыхтавалася гэта апытанне.

І. П.:

— У гэтым плане СМІ часта грашаць такімі рэчамі. Ім важна прывабіць аўдыторыю, зрабіць яркі загаловак — каб на яго адгукнулася як мага больш чытачоў. Адпаведна з пэўнага масіву вынікаў апытання яны выбіраюць нейкую адну лічбу і кідаюць яе ў загаловак. У выніку чалавек успрымае гэтую інфармацыю як цалкам праўдзівую, хоць лічба часцей за ўсё вырвана з кантэксту.

В.Б.:

— «У два разы павялічылася колькасць злачынцаў у Н-скім раёне»... быў адзін, стала два.

Часта інтэрнэт, сацыяльныя сеткі выдаюцца за грамадскае меркаванне, і гэта вельмі непакоіць. Я шмат кантактую з людзьмі ў рэальнасці і бачу, што ў інтэрнэце носьбітам грамадскага меркавання выступае вельмі вузкі сегмент насельніцтва — і вельмі спецыфічны. Гэта тыя людзі, якія імкнуцца, каб іх убачылі, імкнуцца, што называецца, крыкнуць гучней. Многія ж, калі чытаюць водгукі на форумах, бачаць апытанні ў сацыяльных сетках, успрымаюць гэта за меркаванне большасці. Але ж на самых «раскручаных» форумах «сядзіць» 0,01% ад усяго насельніцтва — і гэта максімум. І то, гэта спецыфічнае насельніцтва, якое не мае нічога агульнага з рэпрэзентатыўнай выбаркай. Але ў выніку іншыя СМІ выкарыстоўваюць меркаванні гэтых удзельнікаў форуму, меркаванні інтэрнэт-апытанняў. І што мы бачым? Маленькая група людзей пачынае такім чынам уплываць на меркаванне ўсяго грамадства! Гэта асабліва заўважна, калі прымаюцца нейкія непапулярныя рашэнні — ці то павышэнне пенсійнага ўзросту, ці то павышэнне падаткаў...

Даць магчымасць... паабедаць

«Звязда»:

— Ці могуць сацыялагічныя даследаванні прадухіліць канфлікты ў грамадстве?

А.Б.:

— Увесь вопыт эмпірычнай сацыялогіі накіраваны на тое, каб прадухіліць канфлікты. У свой час сацыёлагаў у ЗША хвалявала пытанне, якім чынам прымірыць людзей з розным этнічным паходжаннем, рознымі традыцыямі, культурнымі нормамі і інтарэсамі, якія жывуць у адным вялікім горадзе, — каб яны маглі мірна ўзаемадзейнічаць адзін з адным і кантактаваць. Менавіта ў гэтым кантэксце і зарадзілася эмпірычная сацыялогія. Таму калі казаць пра практычную мэту сацыялогіі, то яна першапачаткова задумвалася, як спосаб пераадолення канфліктаў. Калі яна перастане іграць гэтую ролю, то проста стане незапатрабаванай.

Д.Н.:

— Самі па сабе сацыялагічныя даследаванні не могуць неяк прадухіліць канфлікт. Галоўнае — гэта як выкарыстоўваюцца даныя сацыялагічных даследаванняў, напрыклад, органамі ўлады. Калі гэтыя сацыялагічныя даследаванні запатрабаваныя і на аснове іх прымаюцца рашэнні, то, безумоўна, гэта можа прадухіліць канфлікты ў грамадстве.

Т.Ш.:

— Адна з асноўных задач сацыялогіі — дыягностыка стану грамадства, але сучасны сацыёлаг не толькі дыягност, ён яшчэ і сацыяльны тэхнолаг. Ён выпрацоўвае тэхналогіі рашэння праблем. На маю думку, сацыялогія можа мінімізіраваць сацыяльныя канфлікты ў грамадстве.

В.Б.:

— Ва ўсім свеце расце праблема інфармацыйнага шуму. Сацыялогія дазваляе атрымліваць праўдзівую інфармацыю, неабходную для прыняцця канкрэтных рашэнняў. Трэба разумець, што сацыялогія — гэта сур'ёзная, магутная зброя і яе трэба выкарыстоўваць правільна. Я, відаць, пагаджуся, што і ў школе дзеці павінны ведаць пра сацыялогію.

І.П.:

— Яшчэ ў 50-я гады вядомы сацыёлаг Роберт Мертан вывеў паняцце «прароцтва, якое выконваецца само». Гэта калі нейкае лжывае перакананне ўплывала на ўстаноўкі людзей. Натуральна, гэтым імкнуцца маніпуляваць.

А.Д.:

— Вядомы сацыёлаг Піцірым Сарокін прыйшоў да высновы, што рэвалюцыі здзяйсняюць не галодныя людзі, а тыя, хто адзін раз не паабедаў. Сацыялогія падтрымлівае жыццяздольнасць грамадства і садзейнічае яго ўстойліваму развіццю без рэвалюцый і сацыяльных катастроф.

yushkevich@zviazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Хто працуе з... ісцінай?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.