Вы тут

«Гальшанскі замак-2016» распачаў сезон


Яго ўдзельнікам было прыемна і радасна пасля зімова-вясновага перапынку сцерці пыл з даспехаў, выпрабаваць зброю для паядынкаў, падрамантаваць касцюмы і абутак для доўгіх танцаў. А гасцям — зноў спаткацца з любімымі гуртамі і клубамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, паўдзельнічаць у спаборніцтвах і гульнях, павесяліцца і пафатаграфавацца з рыцарамі.


Удзел у свяце, якое адбылося на выхадных у мястэчку Гальшаны, што на Ашмяншчыне, каля руін старажытнага замка Сапегаў, прынялі прадстаўнікі двух дзясяткаў клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Гродна, Мінска, Ліды, Навагрудка, Ваўкавыска, Вілейкі, Рэчыцы, Маладзечна. Тут выступілі гурты старадаўняй і сучаснай музыкі Nevrіda, Hardwood, Pawa, «Скудрынка», прайшлі танцавальныя майстар-класы ад калектыву Soleіl і дуэта «Дзівабор». А позна ўночы агнявое шоу «Жывыя агні» паказалі артысты з расійскага Бранска.

Былі маляўнічыя конныя і пешыя турніры рыцараў, бугурты і турнір лучнікаў. Адметнымі рысамі праграмы фэсту можна назваць спектакль «Адвечная песня», які на сцэне ў Гальшанах прадставіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, надзвычай яркае прадстаўленне вулічнага тэатра «Вір» з Мінска і ўнікальнае тэатралізаванае інтэрактыўнае коннае шоу «Пад харугвамі Грунвальда» ад сталічнага конна-спартыўнага клуба «Залатая шпора».

Падчас апошняга кожны глядач-мужчына мог адчуць сябе воінам — далучыцца да саюзнага войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага і стаць у шэрагі ваяроў, каб у вялікай бітве пад Грунвальдам са зброяй у руках бараніць свае землі ад войска Тэўтонскага ордэна пад кіраўніцтвам магістра Ульрыха фон Юнгінгена. Смелыя Вітаўт і Ягайла на конях, узброеныя атакі і супрацьстаянне войскаў... З гісторыі нам вядома, што знакамітая Грунвальдская бітва, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года, скончылася перамогай войска саюзнікаў, што падчас гэтага крывавага змагання вялікі магістр Тэўтонскага ордэна быў забіты, і пасля гучнага паражэння нямецкія ваяры цягам некалькіх стагоддзяў не нападалі на нашы землі. Тым не менш цікава было назіраць, як удзельнікі «Залатой шпоры» ў інсцэніроўцы абыгрываюць вядомыя гістарычныя падзеі, тлумачаць іх сэнс гледачам, раскрываюць вобразы Вітаўта і Ягайлы, магістра Ульрыха фон Юнгінгена.

Спадзяюся, коннае шоу стане пастаянным элементам праграмы «Гальшанскага замка», які, нягледзячы на тое, што прайшоў сёлета толькі сёмы раз, ужо мае свае традыцыі і адметныя рысы. Як распавяла адзін з арганізатараў фестывалю, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Людміла Каханоўская, ёсць калектывы і клубы, якіх фэст можа лічыць сваімі сябрамі, яны штогод удзельнічаюць. Гэта клуб «Секерж» і конна-спартыўны «Залатая шпора». Ёсць і пэўныя традыцыі па правядзенні «Гальшанскага замка».

— Урачыстае адкрыццё кожны год праходзіць у выглядзе тэатралізаванага прадстаўлення «Фестываль вітае гасцей», на сцэне з'яўляюцца кароль польскі Ягайла з жонкай, ураджэнкай нашага мястэчка Соф'яй Гальшанскай, і сынамі Казімірам і Уладзіславам, — кажа Людміла Антонаўна. — Мы адышлі ад афіцыйнай часткі з прывітаннямі ад кіраўніцтва раёна. Фестываль — гэта свята, адпачынак для жыхароў і гасцей мястэчка. Тым не менш афіцыйныя асобы, прадстаўнічая дэлегацыя з Польшчы тут таксама прысутнічаюць, але ў ролі гасцей.

Натуральна, фестываль «Гальшанскі замак» разам з навуковай канферэнцыяй «Гальшанскія чытанні», што традыцыйна папярэднічае святу і прадстаўляе вынікі росшукаў даследчыкаў у галіне вывучэння мінуўшчыны краю (у тым ліку спецыялістаў з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), садзейнічаюць павышэнню ўвагі мясцовых жыхароў і гасцей фестывалю да гісторыі гэтых мясцін.

— Раней на фэсце прысутнічалі толькі жыхары Ашмян і суседніх раёнаў, а сёлета тут ёсць госці з Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай абласцей, а сам фестываль з рэгіянальнага ператварыўся ў вялікае свята рэспубліканскага маштабу, — сцвярджае Людміла Каханоўская. — Цікава, што і самі руіны Гальшанскага замка сталі прыцягваць увагу турыстаў з Беларусі і замежжа. Мясцовы цэнтр культуры нават прапануе адмысловую паслугу — тэатралізаванае прадстаўленне каля руін замка, — якая карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Мара мясцовых жыхароў і кіраўніцтва раёна — пабачыць Гальшанскі замак хаця б часткова адноўленым. Таму сёлета распачалася дабрачынная акцыя па зборы сродкаў на аднаўленне паўночнай вежы замка, якая атрымала назву «Будуем замак разам». Кожны, хто падчас фестывалю ахвяраваў хоць невялікую суму грошай, удзельнічаў у сімвалічным будаўніцтве вежы — дадаваў невялікую цаглінку да макета старажытнага будынка.

Разліковы рахунак, дзе збіраюцца сродкі на аднаўленне старажытнага замка Сапегаў, ужо адкрыты. Спадзяёмся, што праз некаторы час патрэбная сума будзе сабраная, і ўсе разам мы адновім хаця б адну з вежаў замка, дзе плануецца размясціць музей гісторыі гэтага краю.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

P.S. Фестывальную эстафету сезона-2016 ужо 28 мая пераймае старажытны Браслаў. Тут на Замкавай гары пройдзе фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». У праграме — удзел клубаў з Беларусі, Латвіі, Расіі і Польшчы, якія спецыялізуюцца на рэканструкцыі зброі, адзення і побыту ІХ—ХІІІ стагоддзяў. Таксама плануюцца выступленне ад вулічнага тэатра «Вір», выступленні мінскіх гуртоў «Этнафанічная талака», «Літы талер», Navі. Будуць працаваць археалагічная і дзіцячая пляцоўкі.

Загаловак у газеце: Грыміце, музыкі! Увага, народ!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».