Вы тут

Чэмпіёны паўтараюць свой поспех


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» раскажам пра тое, як завяршыўся розыгрыш краіны па гандболе, хто стаў уладальнікам залатых узнагарод планетарнага першынства па хакеі і колькі медалёў заваявалі беларускія грацыі на хатнім этапе Кубка свету.


1. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова восьмы раз стаў чэмпіёнам Беларусі. У фінальнай серыі да 3 перамог падапечныя Сяргея Бябешкі былі мацнейшымі за гандбалістаў СКА — 3:0. Бронзавыя медалі ў гандбалістаў з Гомеля, на чацвёртым месцы — гродзенскі «Кронан».

Па выніках сезона былі вызначаны найлепшыя гульцы па амплуа: варатар — Іван Мароз («Гомель»), разыгрывальнік — Дзяніс Валынцаў («Гомель»), левы крайні — Іван Броўка (СКА), правы крайні — Максім Баранаў (БГК), лінейны — Арцём Каралёк (СКА), левы паўсярэдні — Уладзіслаў Кулеш (СКА), правы паўсярэдні — Сяргей Шыловіч (БГК). Самым лепшым снайперам сезона стаў паўсярэдні «Гомеля» Андрэй Яшчанка.

2. Сем узнагарод выйгралі беларускія грацыі на хатнім этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Меліціна Станюта стала другой у практыкаванні з абручом, трэцяй у індывідуальным шматбор'і, а таксама заваявала «бронзу» ў практыкаваннях з мячом і булавамі.

У спаборніцтвах групавых практыкаванняў беларускам не знайшлося роўных у шматбор'і, а таксама ў практыкаваннях з двума абручамі і шасцю булавамі, там яны сталі першымі. У практыкаванні з пяццю стужкамі наша зборная заняла другое месца.

Адзначым, што трыумфатарам мінскага этапу Кубка свету стала расіянка Маргарыта Мамун, якая выйграла ва ўсіх чатырох відах індывідуальных спаборніцтваў.

Нагадаем, выступленне на Кубку свету ў Мінску стала важным этапам падрыхтоўкі зборнай да чэмпіянату Еўропы ў ізраільскім Халоне, які пройдзе з 17 па 19 чэрвеня, і Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

3. Арман-Маршал Сіла выйграў чэмпіянат Еўропы па таэквандо ў вагавай катэгорыі звыш 87 кг. У фінальнай схватцы беларус быў мацнейшым за расіяніна Рамана Кузняцова (11:10).

Для нашага спартсмена, які займае дзявятае месца ў сусветным рэйтынгу, гэта другі поспех на кантынентальным форуме. Упершыню ён стаў чэмпіёнам Еўропы ў 2014 годзе. Нагадаем, што Арман-Маршал Сіла — адзіны прадстаўнік зборнай Беларусі па таэквандо, хто возьме ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра.

4. Футбалісты жодзінскага «Тарпеда» ўпершыню сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі па футболе. Асноўны час фінальнага матча паміж жодзінцамі і футбалістамі БАТЭ завяршыўся ўнічыю — 0:0, дабаўленыя хвіліны таксама не змаглі выявіць пераможцу, і толькі па серыі пенальці «Тарпеда-БелАЗ» вырвала перамогу. Сапраўдным героем стаў варатар жодзінскага клуба, які адбіў тры ўдары барысаўчан з пяці.

Адзначым, што аўтазаводцы не толькі выйгралі кубак, але і атрымалі права ў сёлетнім сезоне згуляць у Лізе Еўропы.

Раней тройчы ўладальнікам Кубка Беларусі станавіліся футбалісты мінскага «Дынама», БАТЭ, бабруйскай «Белшыны», двойчы ганаровым трафеем валодалі гульцы мазырскай «Славіі», салігорскага «Шахцёра», «Гомеля», сталічнага «МТЗ» і наваполацкага «Нафтана», па адным разе перамагалі ў фінале брэсцкае «Дынама», гродзенскі «Нёман», мінскае «Дынама-93», віцебскі «Лакаматыў-96» і ФК «Мінск».

5. У Расіі завяршыўся чэмпіянат свету па хакеі, уладальнікам звання чэмпіёна стала зборная Канады. У вырашальным матчы хакеісты «Кляновага ліста» абыгралі фінаў з лікам 2:0. «Бронзу» заваявалі гаспадары форуму, якія перайгралі амерыканцаў 7:2.

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.