Вы тут

Дзеці ад першага шлюбу


— Ку, — досыць гучна «сказала» зязюля. Значыць, прыляцела яна ў наш сад — першая ў гэту вясну; значыць, недзе сядзіць і можна ў яе спытацца:

— Зязюлька-зязюлька, колькі мне жыць?

Птушка, трохі падумаўшы, яшчэ раз выдала:

— Ку.

— Што, — спужалася я, — толькі паўгода?

Зязюля не адказала: можа, у яе таксама часу не было, і яна зляцела, не пачуўшы пытання?

А можа, крый Бог, пацвердзіла... І адлік пайшоў?


Парадокс?

«У белым убранні прыходзіць зіма, вясна — у зялёным адзенні...»

Значыць, самы час цяпер спарадкаваць зімовы абутак, схаваць у шафу пухавікі.

Зручныя гэта апраткі — лёгкія, цёплыя, носкія... Праўда, з асобных пух крыху выбіваецца, пер'е зрэдку вылазіць...

Што цікава, яно самае звычайнае, можна сказаць, тутэйшае. Акурат пра такое наша прыказка: «Лёгкае пёрка, а на страху не закінеш»...

На страху і сапраўды — не. А вось за тысячы вёрст — з Кітая ў Беларусь — як высвятляецца, можна. І колькі заўгодна.


Які пан, такі і будан

Горад, прэстыжны раён, дом з так званых элітных: з гаражамі ў цокалі, з крамамі на першым паверсе, з дарагімі кватэрамі на астатніх сямі, з кансьержкай на ўваходзе і там жа — з досыць нечаканым зваротам да жыльцоў. Даслоўна: «Увага! Ужо сёння вы можаце стаць уласнікам двухпакаёвай кватэры!»

Далей ідзе яе апісанне: тая двухпакаёўка — у старым панельным доме, у спальным раёне, першы паверх, жылая плошча 24 метры...

Далей, вядома ж, цана (з пазнакай, што «торг магчымы») і там жа аптымістычнае: «Тэлефануйце зараз!», якое ці не ў кожнага з тутэйшых жыльцоў выклікае хіба што ўсмешку. Бо асобныя з іх (да бабкі не хадзі) маюць грошы на такое жытло. А вось патрэбу ў ім — наўрад ці.

Хоць зрэшты...

Адзін мужчына, кажуць, марыў набыць кватэру — дастаткова прасторную, каб ад яго не сышла жонка, і ў той жа час цесную, каб да іх не прыязджала цешча.


Эканомія

Герой вядомай песні і тэлепраграмы заўсёды ходзіць з відэакамерай. Наша Надзейка — з фотаапаратам.

Не так даўно з ім (бо без яго — ніяк) у кавярню зайшла. Толькі размясціліся там з сяброўкамі, сталі глядзець меню, — да стала прусак прыбягае. І такі заклапочаны: памітусіўся ля ножкі стала, спыніўся...

— Ён жа пазіруе! — прызналі дзяўчаты, а Надзея ўжо і зняла...

Афіцыянту потым «фотку» паказалі. Той — малайчына — доўга прабачаўся сам, паклікаў адміністратарку...

Карацей, грошы за перакус з дзяўчат не ўзялі.

І яны цяпер думаюць, ці не схадзіць куды-небудзь яшчэ — з тым самым кадрам? Бо выгадна ж.


Схаваеш... Як грэх у мех

Перл, апроч іншага, — гэта імя, імя вядомай амерыканскай пісьменніцы Перл Бак, у якой, што ні твор — жамчужына. Але ж гэта так, дарэчы кажучы. Два радкі з яе апавядання: «...Гасцёўня была раскошнай і дарагой, паколькі належала спадару Фану... А спадар Фан ні ў якім разе не пацярпеў бы нечага не раскошнага і не дарагога».

Прыкладна, як Адольф Быкоўскі з «Паўлінкі». Альбо наш Максімавіч, бо ў яго таксама ўсё самае-самае — шведскае, нямецкае, турэцкае, прывезенае некім спецыяльна для яго альбо купленае ім самім падчас камандзіровак ці вандровак. Узяць хоць бы чайны сервіз.

— Мы з жонкай яго з Чэхіі, з Карлавых Вараў прывезлі... Гадоў трыццаць таму, — прыгадвае гаспадар, акуратна расстаўляючы далікатныя кубачкі. — Некалі іх 12 было, цяпер толькі 7... Першым імбрычак разбіўся. Мы з жонкай хацелі новы, такі ж самы купіць... І нічога падобнага не знайшлі, нават у той жа краме! Я тады ў Дрэздэне вось гэты купіў, нямецкі. Ён да кубкаў не вельмі пасуе — з іншай, так бы мовіць, «сям'і», але што зручны — факт: з сетачкай для заваркі, бачыце?

Мы — не ў турме гадаваныя — вядома ж, глядзім і, падняўшы накрыўку (чай яшчэ не завараны), бачым тую сетачку, бачым адмысловую ручачку, малюнкі збоку і нават (гэта ўжо выпадкова)... донца, дзе красуецца наш, можна сказаць, айчынны, знак якасці і кошт — 4 рублі 20 капеек.


Любоў не блінцы...

Што прычына, што вынік, тут не разбярэш. Магчыма, Ілья закахаўся ў іншую, таму з жонкай жыў дрэнна.

Як магчыма і тое, што з жонкай ён жыў дрэнна, а таму закахаўся ў іншую...

Факт, што яна, тая іншая (і, на жаль, таксама замужняя), адказала яму ўзаемнасцю, і яны, што называецца, ужо злажылі і палажылі: будуць жыць разам.

Ён для гэтага шмат што зрабіў: развёўся з жонкай, з'ездзіў у заробкі, купіў, хоць дрэнненькую, але асобную кватэру.

Яна збіралася пераязджаць, але...

Але ў той самы час яе мужу — таму, законнаму, — «перапала» спадчына. Гэта значыць, што ў яе сям'і з'явіўся рэальны шанц купіць камфортнае жыллё, новую машыну, мэблю, з'ездзіць на мора...

Ад гэтых перспектыў кругам ішла галава — у людзей дарослых! Што ўжо казаць пра дзяцей?! Тыя шалелі ад радасці, бо збываліся ж мары пра новыя планшэты, джынсы, ланцужкі-пярсцёнкі, красоўкі...

І маці, бачачы гэтую радасць, проста не змагла сказаць ім «не» — засталася з першым мужам, жыве.

Што Ілья?

Ён не прапаў таксама...

Хоць і адзін — 9-ты год.


Важнае знаёмства

Сваякі сабачку завялі — звычайнага, якіх шмат: з пароды двортэр'ер, шэранькі, невялічкі, калматы... Такога ўбачыў і, напэўна, забыў бы, калі б не мянушка.

— Лорд, лапу! — загадаў яму зяць гаспадыні.

І з сабакам нешта адбылося: галантна выгнуўшы спіну, ён стаў на свае заднія, для таго, каб «ласку зрабіць» — падаць нам пярэднюю...

Чым, вядома ж, насмяшыў і ўразіў!

Прычым не толькі нас: з Лордам шмат хто знаёмства водзіць.


«Гулец»

Сталіца. Установа — і, відаць, досыць важная: ва ўсякім разе чужыя тут не ходзяць (не ездзяць — тым больш). Для гэтага ў штаце спецыяльная «адзінка» ёсць: з ранку да вечара яна стаіць на ганку — з некім курыць, гамоніць, але ж пры гэтым службу нясе...

Надоечы вось парушальніка злавіла: той на сваім «корч-вагене» ў двор заехаў і нават прыпаркавацца паспеў!

Такога нахабства «вартавы» не чакаў і, вядома ж, не пацярпеў. Ён сарваўся з месца, з крыкам: «Ты, казёл (і далей — літаральна — што ні шаг, то мат)...» рушыў да кіроўцы.

...Сусед наш крыўдзіць шахматыстаў: ён гэтым словам мацяршчыннікаў заве.


Дзеці ад першага шлюбу

Жыццё — як тая тэлеграма: кароткае і з памылкамі.

Двое ў маладосці кахаліся ды пасварыліся, а памірыцца не паспелі: яго ў войска забралі.

Тады там мода была — пісаць лісты, атрымліваць адказы (чым больш, тым лепш). Вось і стараліся адзін перад адным. Той хлопец напісаў бацькам, старэйшаму брату, сябрам... Само сабой — каханай дзяўчыне і чамусьці... яе сяброўцы.

Сяброўка тут жа адказала, дзяўчына — яшчэ больш пакрыўдзілася і на злосць яму стала сустракацца з іншым.

Тады — не на жарт — абурыўся салдат...

Карацей, з іскры разгарэлася полымя. Тая каханая ў хуткім часе выйшла замуж. Ён у халастых таксама не хадзіў, бо тады не ведаў яшчэ, што жаніцца трэба не з той, з якой жыць можна, а з той, без якой жыць нельга, бо гэта — проста не жыццё...

Яе ад разводу трымаў хворы муж, яго — дзеці, а таму сышліся яны праз 20 з лішкам гадоў. Але ўжо зажылі... На зайздрасць... На радасць — яе даросламу сыну! і на... гора ягоным дочкам, бо тыя, шкадуючы маму і сябе, не маглі дараваць яму здрады: не адказвалі на яго званкі, не адчынялі дзверы... Не запрашалі на вяселлі, не паказвалі ўнукаў...

Адно — ад грошай не адмаўляліся, падарункі прымалі.

І на... пахаванне яго прыехалі.

Не адыходзілі тады ад нябожчыка, горкімі слязамі плакалі, чапляліся за труну, крычалі: «Татка, даруй!»...

Выходзіць, яму, каб гэта пачуць, трэба было памерці.


Не прыдумалі яшчэ калёс...

У дактароў апошнім часам любімы тост: «За тое, каб бедныя ніколі не хварэлі, а багатыя не папраўляліся».

Мацвей — не з бедных. І не з багатых. Ён з так званага сярэдняга класу — з сярэднім станам здароўя. Гэта значыць, што, як многія пасля такіх аперацый, на трэці дзень устаў, як многія на сёмы — пазваніў найлепшаму сябру. Сказаў, што пачуваецца амаль здаровым і хоча папрасіцца дамоў; папытаўся, калі выпішуць, ці зможа ён забраць з бальніцы?

Неспадзеўкі заспеў — раніцай, на адказных дзелавых перамовах, таму згадзіцца ну зусім не выпадала! Але і адмовіць...

З боем сарваўся з працы, сам, што называецца, падагнаў да ганка машыну — завёз Мацвея дамоў, «здаў» у клапатлівыя рукі жонкі. Яна якраз абед згатавала, накрыла на стол. Гаспадар сеў...

Што далей было, цяжка ўспамінаць, бо хвораму рэзка пагоршала, на «хуткай» яго зноў памчалі ў бальніцу. Але...

Вялікі горад. Задоўга ехалі, а галоўнае — марна: быў чалавек і...

Мёртвым, відаць, не баліць сапраўды, а вось жывым...

Той сябар пастаянна думае, што, калі б адмовіў, — не вызваўся завезці дамоў, Мацвей бы застаўся ў бальніцы.
І тромб — што цалкам магчыма — там не абарваўся б... А калі б і так, на месцы яму хутчэй дапамаглі б і ён бы жыў, жыў доўга!

Хоць, напэўна, і з крыўдай... На найлепшага сябра... Які — паглядзіце на яго — «не змог» забраць чалавека з бальніцы.

«...Не прыдумалі яшчэ калёс,

На якіх аб'ехаць можна лёс».

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.