Вы тут

Чаму турэмная форма першапачаткова была паласатай?


Не зусім звычайны прадмет для размовы, але тым не менш — ці ведаеце вы, чаму вопратку для зняволеных злачынцаў рабілі паласатай? Давайце разбярэмся. У наш «прасунуты» час турэмная форма бывае як яркіх колераў — аранжавага, чырвонага, сіняга (пераважна ў заходніх краінах), так і някідкіх, маркотных, змрочных — шэрага, чорнага; а вось некалькі стагоддзяў таму яна зазвычай была паласатай. Гісторыя гэтых палос поўная смерцяў, рэлігійнага фанатызму і абсурднасці еўрапейскага Сярэднявечча.


Паласатая форма — гэта класічны варыянт адзення для зняволеных, абумоўлены дзвюма акалічнасцямі. Па-першае, такая вопратка палягчае лоўлю ўцекачоў — яна добра заўважная для тых, хто ловіць уцекача, дый мясцовыя жыхары, убачыўшы незнаёмца ў палосачку, таксама адразу разумеюць, што гэта менавіта збеглы вязень, а не эксцэнтрычны турыст, які проста выйшаў прагуляцца. Па-другое, неабходнасць насіць незвычайную і аднолькавую для ўсіх зняволеных вопратку аказвае пэўны псіхалагічны ўплыў, аслабляючы волю і адлучаючы зняволеных ад вольных людзей. Здавалася б, з паласатай робай усё зразумела. Але не ўсё так проста, як здаецца на першы погляд.

Ганенні і непрыманне грамадствам — дзіўны працэс, прычыны якога могуць быць вельмі і вельмі складанымі. Яны могуць хавацца ў культуры канкрэтнага народа, рэлігійных поглядах, пункце гледжання кіруючай эліты і гэтак далей. Але тое, што адбылося з тканінай у палоску, ляжыць па-за фармальнай логікай. У 1310 годзе ў французскім Руане адзін шавец быў афіцыйна асуджаны на смерць за тое, што «быў злоўлены ў паласатай вопратцы». Гэты незвычайны прэцэдэнт дэманструе тое, як у Сярэднявеччы ставіліся да паласатага адзення. Пра гісторыю ганенняў нават напісана кніга «Д'ябальскае адзенне: гісторыя палосак і паласатай тканіны». Яе аўтарам стаў гісторык Мішэль Пастуро — адзін з найлепшых спецыялістаў у азначанай галіне.

У прадмове да сваёй кнігі Пастуро піша, што, пачынаючы з XІІ—XІІІ стагоддзя «захавалася багатая дакументацыя, якая сведчыць аб тым, што паласатае адзенне лічылася ганебным, зневажальным і проста-такі д'ябальскім».

Паласатую вопратку без сораму насілі хіба толькі кáты і прастытуткі. Апроч іх у сярэднявечнай Еўропе паласатыя касцюмы мусілі насіць розныя ізгоі-цыркачы, блазны, пракажоныя, калекі, ерэтыкі і незаконныя дзеці.

Непрыемная гісторыя адбылася ў XІІІ стагоддзі з манахамі ордэна кармелітаў, якія знаходзіліся ў Палесціне і былі далёкія ад еўрапейскіх забабонаў. Кіраўніцтву ордэна прыйшла ў галаву думка завесці новую форму рыз — у карычневую і белую палоскі. Для абгрунтавання гэтага нават знайшлася біблейская алюзія — старазапаветны прарок Ілья знікае ў небе на вогненнай калясніцы, пакінуўшы за сабой выпаленыя на белым воблаку карычневыя сляды колаў. Але модныя рызы не прыйшліся даспадобы першым сустрэтым еўрапейцам. Кармелітаў закідвалі камянямі і асвіствалі. Канфлікт дайшоў да самога папы Аляксандра ІV, які найвышэйшым указам забараніў нашэнне паласатых рыз. Кармеліты, праўда, не адразу здаліся забабонам і на працягу чвэрці стагоддзя не прытрымліваліся прадпісання. Тым не менш Ватыкану ўдалося настаяць на сваім, і канчатковая була папы Баніфацыя VІІІ забараніла палоскі ўсім без выключэння каталіцкім манаскім ордэнам у свеце.

Да сённяшняга дня няма адзінага меркавання пра тое, адкуль узялася дрэнная рэпутацыя палосак у адзенні.

Гісторык Пастуро мяркуе, што гэта адбылося ад вольнага тлумачэння біблейскай цытаты «Не апранай на сябе адзення двайнога». З іншага боку, гэта магло адбыцца з-за таго, што паласатае адзенне як быццам «прыглушала» сілуэт, таму магло быць скарыстана як спроба маскіроўкі. Але ні першая, ні другая гіпотэза не могуць растлумачыць прычыны дзіўнай нянавісці сярэднявечных еўрапейцаў да гэтай расфарбоўкі.

Д'ябальскі характар палосак распаўсюджваўся і на жывёл, якіх прырода так мудрагеліста размалявала. Памагатымі чорта лічыліся не толькі чорныя, але і паласатыя каты, тыгры, змеі, гіены. Дзіўная гісторыя атрымалася і з зебрамі, пра існаванне якіх у сярэднія вякі ведалі вельмі і вельмі нямногія. Каталіцкія натуралісты, як адзін, прылічылі зебру да катэгорыі «д'ябальскіх» жывёл, дзе зебра і прабыла ажно да Рэфармацыі, пакуль яе не «апраўдалі» новыя пакаленні заолагаў.

Фінал д'ябальскай гісторыі палосак прыпаў на канец XVІІІ стагоддзя. Рэвалюцыі адбыліся не толькі ў Францыі і Новым Свеце, але і ў свядомасці абывацеляў. Палоска больш не ўспрымалася як табу. Наадварот, пачалася татальная мода на паласатую тканіну — ад вопраткі да абіўкі мэблі і сцен. Пра сцяг ЗША, які з'явіўся якраз у той час, не варта і ўспамінаць.

Прайшоўшы доўгі шлях ад Сярэднявечча, страх грамадства перад палоскамі ўвасобіўся ў стварэнні паласатай уніформы для зняволеных.

Яна з'явілася ў ЗША ў XІX стагоддзі разам з узнікненнем дзвюх турэмных сістэм. Пенсільванская сістэма была прыдуманая квакерамі і заклікала да раскаяння шляхам прымусу зняволеных жыць і працаваць у адзіночных камерах. Обернская сістэма арганізавала спецыяльныя галіны прамысловасці, дазваляючы зняволеным працаваць калектыўна на працягу дня пры строгіх умовах: ім не дазвалялі размаўляць адзін з адным, кожны іх рух жорстка рэгламентаваўся, валасы былі аднолькава коратка падстрыжаныя, і ўсе яны насілі паласатую ўніформу. Такая форма адзення праіснавала каля стагоддзя. Апошнімі, хто насіў паласатую вопратку (калі не лічыць вязняў канцлагераў нацысцкай Германіі), былі англічане. У Вялікабрытаніі жанчыны да 1971 года, а мужчыны да 1991-га насілі сукенкі і кашулі ў белую і сінюю палоскі. Справа даходзіла да кур'ёзаў: так, пасля адмены абавязковага нашэння ўніформы, дазволіўшы зняволеным насіць звычайную вопратку, адзін з іх заказаў на волі ўсё тую ж турэмную кашулю ў палоску. Гэтым чалавекам стаў кіраўнік іст-эндскага гангстэрскага сіндыката Рэджынальд Крэй, якога служкі брытанскай Феміды адправілі за краты на ўсё астатняе жыццё. Дык вось, яго таварышы, якія засталіся на волі, такую кашулю яму пераслалі. Праўда, калі раней падобнае адзенне шылі з саржы (яе кроілі па прамой з мэтай эканоміі тканіны, што ператварала выраб у бясформенны скарочаны балахон), то на гэты раз у турму прыйшла пасылка з дзясяткам кашуль славутай фірмы «Хэрадс», вырабленых з высакаякаснага трыкатажу па індывідуальных мерках заказчыка. Паводле слоў прэс-сакратара Крэя, такім чынам яго бос вырашыў вылучыць сябе з ліку «драбнаты».

Зрэшты, у жанчын, якія адбываюць пакаранне ў некаторых турмах ЗША, ёсць магчымасць не толькі сшыць для сябе ўборы ў майстэрнях пры турмах, але і фарсіць у іх на розных конкурсах прыгажосці. У некаторых, паколькі ў Новым Свеце адзінай пенітэнцыярнай сістэмы не існуе, таму парадкі, у тым ліку і форму адзення ў турмах, вызначаюць улады штатаў, гэтак жа, як і ў ФРГ, дзе папраўчыя ўстановы знаходзяцца ў падпарадкаванні ўладаў федэральных земляў.

Дарэчы, у ЗША была таксама ўведзена першая пазнака на робе зняволенага. У 1870 годзе нехта сэр Эдманд Д'ю, якому была даручана рэформа турмаў, загадаў нанесці на адзенне вязняў стралу, якая, на яго думку, чамусьці з'яўлялася сімвалам сораму.

Што ж тычыцца заходнееўрапейскіх краін, то ў большасці з іх ужо даўно носяць вопратку з волі. У Аўстраліі ўніформа зняволеных складаецца з шортаў і кашулі, на афрыканскім кантыненце ў некаторых адносна багатых краінах вязні носяць такое ж адзенне, у слабаразвітых альбо даношваюць свае абноскі, альбо носяць казённую «мдзівані» — адмысловы балахон. Філіпінскія ж турэмныя ўлады скапіравалі ўніформу для сваіх падапечных з амерыканскіх зняволеных — тут у турмах носяць камбінезоны аранжавага колеру.

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: І ў клетцы, і ў палоску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».