Вы тут

«Смеццевую» тэму вывучаў карэспандэнт «Звязды»


Дзейнасць сістэмы ЖКГ павінна быць празрыстай, а расцэнкі рэальнымі. Нядаўна па даручэнні кіраўніка дзяржавы былі праведзены адпаведныя праверкі ў гэтай сферы. Знойдзена мноства парушэнняў, вінаватых прыцягваюць да адказнасці. Сярод паслуг, якія камунальныя службы аказваюць насельніцтву, — вываз смецця. Апошняе трэба не толькі даставіць на сметнік. Самае каштоўнае з адходаў трэба літаральна пераўтварыць у даходы. У многіх краінах свету так і робіцца. Чаму ў нас пакуль што, перафразуючы вядомага палітыка, «працэс не пайшоў»? Так, нешта робіцца. Але не вельмі плённа. «Смеццевую» тэму вывучаў карэспандэнт «Звязды».


Мясцовыя ўлады самаўхіліліся

— Кожны год на збор, сартаванне адходаў выдаткоўваюцца мільярды рублёў бюджэтных грошай. Велізарныя сумы. Дзяржаўная палітыка па абыходжанні з адходамі вызначана адпаведным законам. Яна накіравана на змяншэнне змяшаных адходаў пры павелічэнні збору з іх другасных матэрыяльных рэсурсаў. Мы не настолькі багатыя, каб выкідаць тое, што можна перарабляць. Гэта сыравіна і загрузка для перапрацоўчых прадпрыемстваў, — канстатуе Вадзім Заранкін, старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці.

Яго падначаленыя зрабілі сумную выснову: мясцовыя органы ўлады, у кампетэнцыю якіх уваходзіць арганізацыя працы па выдаленні камунальных адходаў, ад рашэння гэтага пытання самаўхіліліся. У прыватнасці, не было карэкціроўкі дыферэнцаваных тарыфаў назапашвання адходаў у бок змяншэння. А «арыфметычныя памылкі» кампенсаваліся грамадзянамі і з бюджэту.

«Звязда» ўжо пісала пра тое, што Аршанская спецаўтабаза на 12,2 мільярда рублёў завысіла аб'ёмы аказаных паслуг па зборы і вывазе адходаў і незаконна атрымала 6 мільярдаў з бюджэту. У дачыненні да трох кіраўнікоў прадпрыемства заведзены крымінальныя справы.

Высветлілася таксама, што спецыялізаваных аўто на прадпрыемстве больш, чым трэба.

— Памяншэнне колькасці машын з улікам рэальнага аб'ёму адходаў, іх эфектыўнае выкарыстанне дазволіць на трэць скараціць выдаткі на паліва і на 20% — на аплату працы. Агульнае зніжэнне выдаткаў складзе 18%, — паведамілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю.

Парушэнні парадку вызначэння нарматываў утварэння адходаў знойдзены і ў арганізацыях ЖКГ Дубровенскага і Талачынскага раёнаў.

Не могуць «заставіць»?

На нядаўняй калегіі ў Камітэце дзяржкантролю дырэктар Аршанскай спецаўтабазы Алег Хлопчанка заявіў, што ў маленькіх вёсках адходы ў дастатковай колькасці не збіраюць таму, што немагчыма прымусіць людзей аплачваць вываз смецця.

— Але плата за вываз смецця абавязковая, як і плата за ваду, электраэнергію, газ, — выкрыў узровень кампетэнцыі дырэктара Аршанскай спецаўтабазы Юрый Дзядзёла, начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама.

Намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама, у сваю чаргу, паведаміў, што ў Оршы збіраюць асобна адходы з пластыку, паперы і шкла, але не паўсюль ёсць магчымасць паставіць кантэйнеры. Таму, напрыклад, у новых мікрараёнах праца вядзецца, а ў іншых дварах ёмістасці ёсць не ўсюды. У глыбінцы гэта наогул рэдкасць. Аднак праверка паказала: са 187 кантэйнераў у Аршанскім раёне трэць не былі ўсталяваныя.

Дарэчы, спецаўтабазе прапанавала супрацоўніцтва камерцыйная структура. Прыватнікі гатовыя збіраць пластыкавыя бутэлькі. Чаму б не скарыстацца такой магчымасцю? Правялі сход з удзелам зацікаўленых бакоў, але пытанне «Чаму прыватнікі не хочуць збіраць кардон і паперу?» засталося адкрытым. Адказ просты: апошняе перарабляць не так выгадна. У кантрольным ведамстве даручылі яшчэ раз абгрунтавана высветліць усе «за» і «супраць»

— Загадалі вывучыць дакладнасць фарміравання нарматываў утварэння камунальных адходаў. Неабходна прыняць меры па забеспячэнні належнага ўліку аб'ёмаў паслуг па зборы і вывазу смецця. Выкананне пастановы калегіі ўзялі на кантроль, — рэзюмавала работу калегіі намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Юлія Аўхукова.

Куды здаць халадзільнік?

Паводле інфармацыі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, штогод у рэгіёне ўтвараецца больш за 300 тысяч тон камунальных адходаў. Сярод іх ёсць каштоўныя: макулатура, шклабой, палімеры, тэкстыль і іншыя.

На сённяшні дзень доля здабывання другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў — каля 15%. Для параўнання: у краінах Заходняй Еўропы — 30-50%.

Для вырашэння праблемы арганізавана праца прыёмных пунктаў па зборы і нарыхтоўцы цвёрдых бытавых адходаў ад насельніцтва, у тым ліку перасоўных, куды можна здаць халадзільнік і іншую дамашнюю тэхніку, якая адслужыла сваё.

— Полацкім УП «БелВТІ-рэгіён» арганізавана маштабная кампанія па раздзельным зборы небяспечных адходаў ад насельніцтва (энергазберагальныя лямпы і адпрацаваныя батарэйкі). Аказваюцца і паслугі па зборы і вывазе складанай бытавой тэхнікі (халадзільнікаў, тэлевізараў, пральных машын, прасаў і інш.). Толькі летась прадпрыемствам у гандлёвых аб'ектах вобласці ўстаноўлена 155 кантэйнераў для збору батарэек, 28 кантэйнераў для складанай бытавой тэхнікі і 30 кантэйнераў для энергазберагальных лямпаў, — паведамілі ў прыродаахоўным ведамстве.

Кампаніяй «ДВЧ-Менеджмент» у вобласці рэалізуецца сістэма збору і выкарыстання адпрацаваных сінтэтычных і мінеральных аліў. У тым ліку і ад уласнікаў транспартных сродкаў. Ёмістасці для збору ад насельніцтва ўстаноўлены на базе Віцебскай і Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы (вул. Сушкова, 38).

Інфармацыю аб пунктах прыёму другаснай сыравіны ад насельніцтва па Віцебскай вобласці можна знайсці на сайце аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў і на сайце «Зялёнай карты Беларусі» (г. Віцебск і г. Полацк).

— Устаноўка спецыяльных кантэйнераў для збору «карыснага смецця», арганізацыя пунктаў па прыёме другаснай сыравіны, развіццё сістэмы асобнага збору адходаў дазволяць павялічыць узровень здабывання другасных рэсурсаў. Іх выкарыстанне дазволіць сэканоміць прыродныя рэсурсы. Адпаведна, гэта паменшыць аб'ёмы паступлення адходаў на палігоны. У выніку знізіцца шкодная нагрузка на навакольнае асяроддзе, — дадалі дзяржаўныя эколагі.

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Не ўмеюць? Ці не хочуць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.