Вы тут

«Найлепш было б атрымаць арыгіналы»


Старыя друкаваныя выданні — гэта непасрэдныя сведкі мінуўшчыны. Глядзіш на іх і быццам чуеш шум працы друкарскага станка. У паветры пачынае пахнуць свежай фарбай. А вось зайшоў сам доктар Скарына і пачаў здымаць ужо высушаныя аркушы і сшываць іх разам... Не толькі час першадрукара, але і розныя іншыя эпохі паўстаюць перад намі дзякуючы старым кнігам. Пра кнігазборы магнацкіх родаў, асветнікаў, старажытных манастыроў мы пагутарылі з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесем СУШАМ.


— Давайце пагаворым пра дакументальную спадчыну. Ці шмат беларускіх дакументаў знаходзіцца за мяжой?

— Для Беларусі праблема вывучэння дакументальнай спадчыны мае вялікае значэнне, і не толькі з-за набліжэння 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, але і па той прычыне, што доўгі час мы не займаліся ў поўнай меры яе даследаваннем. Кніжная спадчына рухомая, яе лёгка вывезці за межы краіны — такіх прыкладаў вельмі шмат у нашай гісторыі. Можна плакаць, а можна ўспрымаць як факт: большасць кніжных помнікаў знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Толькі ў апошнія гады мы ў поўнай меры заняліся вывучэннем таго, што засталося, — як рукапісных, так і друкаваных гістарычных помнікаў. У выніку прыйшлі да даволі сумнай высновы: захавалася ў Беларусі няшмат. Калекцый, якія збіраліся магнатамі ці шляхтай, у манастырах ці цэрквах, адукацыйных установах, у цэласным выглядзе фактычна няма. Яны цяпер знаходзяцца за мяжой — у Расіі, Польшчы і іншых краінах. Самыя раннія айчынныя кніжныя помнікі, якія ёсць у нас, датуюцца XV стагоддзем.

«Мы робім спробы вяртання»

А што наконт спадчыны Скарыны?..

— Мы пачалі працу па падліку асобнікаў, якія ёсць ва ўсім свеце. На сённяшні дзень налічылі больш за 500 кніг Скарыны. У Беларусі з іх — дзесяць, усе яны няпоўныя, захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы як калекцыя. Можна ўявіць прапорцыю: у суседняй Расіі, напрыклад, гэта лічба дасягае некалькіх соцень кніг. Мы робім спробы вяртання, аднак гэта надзвычай складаны працэс. Як правіла, з дзяржаўных бібліятэк і музеяў нічога атрымаць не ўдаецца. Большы плён даюць перамовы з прыватнымі асобамі, а таксама набыццё кніг на міжнародных аўкцыёнах.

— Ці ёсць кніжныя зборы, якія захаваліся ў нас цалкам?

— Ёсць толькі адзінкавыя выпадкі — напрыклад, бібліятэка гродзенскага францысканскага манастыра. Ён знаходзіўся па другі бок Нёмана, па-за цэнтральнай часткай горада. Дзякуючы гэтаму да кляштара была недастатковая ўвага, у XІX—XX стагоддзях яго не рэканструявалі. Там на гарышчы быў знойдзены старажытны манастырскі кнігазбор XVІІ—XVІІІ стагоддзяў, вельмі каштоўны і цікавы. Ён не надта шматлікі, аднак важна тое, што захаваўся цалкам. У XІX стагоддзі такіх знаходак было шмат, аднак усё звозілася ў сталіцы — Вільню (цэнтр генерал-губернатарства), Пецярбург і іншыя гарады. А ў гэты манастыр проста не дабраліся. Затое засталіся фрагменты многіх бібліятэк даўняга часу. Ёсць шмат выданняў з другога прыватнага кнігазбору Радзівілаў: першы быў вывезены ў 1772 годзе ў Пецярбург і фактычна стаў асновай бібліятэкі Расійскай акадэміі навук. Далей у XІX і пачатку XX стагоддзя Радзівілы працягнулі працу і ўзнавілі сваю бібліятэку. Яна збіралася ў Нясвіжы да 1939 года, захавалася ў нашай краіне фрагментарна. Частка знаходзіцца ў бібліятэцы Акадэміі навук, частка — у Нацыянальнай бібліятэцы і частка — у Прэзідэнцкай. Гэтыя тры ўстановы валодаюць асноўнымі старажытнымі кнігазборамі. Штосьці ёсць і ў іншых месцах, аднак гэта хутчэй выключэнні. Такія калекцыі налічваюць каля сотні кніг, напрыклад, выданні Полацкай езуіцкай акадэміі, Гродзенскай і Магілёўскай мужчынскіх гімназій (гэта пераважна матэрыялы ўжо XІX стагоддзя).

— Кніжным калекцыям удзялялася дастаткова ўвагі?

— На жаль, за савецкім часам, калі фарміраваліся зборы дзяржаўных бібліятэк, амаль усе калекцыі траплялі ў бібліятэку і «расцярушваліся» па фондах — гэта жахлівая тэндэнцыя, якая шмат дзе ёсць да сёння. Гэта значыць, што калі цэласная калекцыя трапляе ў бібліятэку, яна разбіраецца па кнігах — не захоўваецца комплексам і нават не апісваецца адпаведным чынам. Дакументы трапляюць проста як асобныя кнігі, у тым ліку не пазначаецца, якому ўладальніку яны належалі. Мы і дагэтуль няўважліва ставімся да кнігазбораў. Тое ж было і ў XX стагоддзі: многія манастырскія бібліятэкі разбіраліся разам з ліквідацыяй духоўных семінарый. Ужо сёння па нейкіх другасных адзнаках — надпісах, пячатках — мы спрабуем устанавіць прыналежнасць кніг да пэўных калекцый.

Гравіраваны тытульны ліст Бібліі.

«Выданні ў адкрытым доступе»

Якім чынам зацікаўленыя даследчыкі могуць дазнацца пра дакументальную спадчыну і атрымаць доступ да яе?

— Ёсць розныя фарматы матэрыялаў. Напрыклад, вынікі даследаванняў публікуюцца ў выглядзе навуковых выданняў або артыкулаў у адпаведных часопісах. Часта мы праводзім бібліяграфічную рэканструкцыю тых або іншых кнігазбораў, вядзём улік кніжных помнікаў, якія знаходзяцца за мяжой, — такую інфармацыю змяшчаем у электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі. З ім можна працаваць як у самой установе, так і з любога іншага месца свету. Часам робім каталогі разам з замежнымі калегамі, у якіх змяшчаем інфармацыю па ўсіх дакументах па пэўнай тэме. Нядаўна разам з расіянамі зрабілі электроннае выданне па дакументальнай спадчыне Сапегаў, а яшчэ раней — з украінцамі пра кнігазбор Храптовічаў. Калі казаць пра адсканаваныя поўнатэкставыя версіі дакументаў, то яны ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы, і з імі можна азнаёміцца на месцы. Часам некаторыя выданні ўдаецца выставіць у адкрыты доступ. Аднак не ўсе дакументы можна змясціць у сеціве: гэта можа быць звязана з тэхнічнымі момантамі, але часцей — з абмежаваннем, якое накладаюць уладальнікі арыгіналаў.

— Калі хтосьці захоча паехаць за мяжу і там на свае вочы ўбачыць гэтыя дакументы, наколькі адкрыты да іх доступ?

— Усё залежыць ад арганізацыі і ўладальніка. Дакументальная спадчына часта захоўваецца не ў публічных бібліятэках, а ў прыватных калекцыях ці зборах грамадскіх арганізацый. Для нас прынцыпова важна наладзіць кантакт з імі і спрыяць працы нашых даследчыкаў. Натуральна, для працы з кніжнымі помнікамі ў бібліятэцы патрэбен зварот ад арганізацыі, у якой даследчык працуе ці вучыцца, і не факт, што гэты зварот будзе задаволены. У некаторых установах ёсць дадатковыя абмежаванні, звязаныя, напрыклад, з мінімалізацыяй выкарыстання арыгіналаў: калі ёсць электронная копія нейкага каштоўнага дакумента, доступ часта адкрыты толькі да яе. Летась я меў магчымасць працаваць у закрытай бібліятэцы, якая знаходзіцца ў Лондане ў гістарычным раёне Тэмпл, звязаным непасрэдна з ордэнам тампліераў. Там, як ні дзіўна, ёсць некаторыя старажытныя беларускія кніжныя помнікі. Каб атрымаць да іх доступ, трэба было прыкласці шмат намаганняў: гэта ўдалося толькі дзякуючы апецы мясцовых прафесараў, дактароў Лонданскага ўніверсітэта.

— У расійскіх кнігасховішчах многія зборы ляжаць проста запакаванымі, напрыклад, спадчына Сапегаў. Ці ёсць да іх доступ?

— Сапраўды, многія кнігі фактычна знаходзяцца па-за доступам, у значнай меры з-за таго, што яны не апісаны. У абавязкі музейных супрацоўнікаў у прынцыпе не ўваходзіць абслугоўванне тых, хто хоча папрацаваць са старымі кнігамі. Да таго ж у іх звычайна няма адпаведнага каталога для карыстальнікаў. На бібліятэкі нашых калег — расійскіх, украінскіх, польскіх — на вялікі жаль, мы арыентавацца не можам, таму што гэтыя калекцыі, мякка кажучы, не апісаны ў поўным аб'ёме. Напрыклад, бібліятэка Расійскай акадэміі навук і нават Расійская нацыянальная бібліятэка — тыя зборы, дзе захоўваецца асноўная кніжная спадчына Радзівілаў, Сапегаў, многіх іншых беларускіх шляхцічаў, — апісаны толькі фрагментарна. Многае зусім не вывучана — што ў іх змяшчаецца, нам невядома. А калі ты не ведаеш, што ў фондзе, то і заказаць, папрацаваць з пэўнымі помнікамі не можаш. Да таго ж многія дакументы не праходзяць паўнавартасную апрацоўку і ў выніку маюць, у лепшым выпадку, інвентарны нумар, па якім іх можна заказаць. Аднак не змяшчаюць іншых дадатковых пошукавых элементаў, каб можна было знайсці патрэбны помнік і заказаць яго для працы. Іначай кажучы, гэта схаваныя помнікі, якія ў нейкім сэнсе не існуюць, бо ты не можаш іх убачыць і нават не здагадваешся пра іх існаванне.

— Калі ў бібліятэцы Санкт-Пецярбурга такія вялізныя неапісаныя фонды, на якія не хапае ні часу, ні сіл, ці не вяліся з імі перамовы аб вяртанні гэтай спадчыны?

— Там прытрымліваюцца пазіцыі захавання ўсяго, што маюць. Платнае прадастаўленне лічбавых копій і ксеракопій выданняў — фінансавая крыніца для іх далейшага існавання. Таму проста так яны нічога не аддаюць. А калі бачаць зацікаўленасць з боку пэўнай краіны да нейкіх дакументаў, то проста павялічваюць цэны на атрыманне лічбавых копій. Таму спадзявацца на «фізічнае» вяртанне выданняў са збораў іншых краін амаль не даводзіцца. Адзінае, што мы можам рабіць, — праводзіць сістэматычныя перамовы пра магчымасць вяртання. Акты добрай волі часам здараюцца. За савецкім часам было прасцей: рабіліся абмены, падарункі. Такое магчыма і сёння — напрыклад, падарунак да пэўнага свята.

«Кнігі — як нацыянальныя святыні»

— Набліжаецца 500-годдзе Бібліі Скарыны. Ці вядуцца з кім-небудзь перамовы аб магчымасці адпаведнага падарунка?

— Так, мы спрабуем дамовіцца, аднак проста казаць пра жаданне займець у сябе пэўную кнігу не зусім карэктна. Мы распачалі шмат ініцыятыў, у тым ліку спадзяёмся папоўніць свае фонды выданнямі першадрукара. Найлепшым шляхам было б атрыманне арыгіналаў — пра гэта вядуцца перамовы з прыватнымі ўладальнікамі. На шчасце, кнігі Скарыны сёння яшчэ прадаюцца на аўкцыёнах. Натуральна, кошты шалёныя, але мы разумеем гэтыя кнігі як нацыянальныя святыні, таму шукаем сродкі для іх набыцця з самых розных крыніц. З дзяржаўнымі арганізацыямі вельмі далікатна вядзём размовы аб магчымасці атрымання кніг у дар. У некаторых замежных бібліятэках выданні Скарыны прадстаўлены ў чатырох-пяці экзэмплярах, таму надзея на такі падарунак слабая, але яна ёсць.

— Пэўна, вядзецца работа і па атрыманні лічбавых копій, стварэнні факсімільных выданняў, часовага экспанавання кніг славутага палачаніна?

— Так, мы спадзяёмся, што ўдасца на пэўны час прывезці з замежных краін арыгінальныя выданні Скарыны і яго наступнікаў — Буднага, Мамонічаў, Цяпінскага — а таксама еўрапейскія першадрукі, каб паказаць беларускую спадчыну ў агульнаеўрапейскім кантэксце, падкрэсліць, у якім парадку з'яўляліся выданні, паказаць іх знешні выгляд. Вядзём перамовы і пра атрыманне лічбавых копій, было б вельмі добра да юбілею займець максімальна поўную калекцыю. Робім факсімільнае ўзнаўленне найбольш каштоўных помнікаў — як рукапісных, так і друкаваных. За апошнія гады выйшлі дзясяткі выданняў: старажытныя Евангеллі — Тураўскае, Полацкае, Слуцкае, летапісы (напрыклад Баркалабаўскі) і старадрукі (выданні Скарыны, першы захаваны на нашых землях беларускі буквар, творы асветнікаў, такіх як Сімяон Полацкі, выданні XІX стагоддзя)... Для нас вельмі важна папулярызаваць спадчыну і вяртаць яе ў навуковы і грамадскі ўжытак. Дзеля гэтага арганізуем пэўныя акцыі, пачынаючы з выпуску каляндарыкаў, паштовак і нават марак і завяршаючы вялікімі выдавецкімі праектамі, прымеркаванымі да юбілею. Пачаліся ініцыятывы з пашырэннем і вылучэннем так званай мастацкай скарыніяны. Творы, прысвечаныя першадрукару, актыўна вывучаюцца, аналізуюцца і ўключаюцца ў пэўны рэестр, а пасля будуць выпушчаны ў выглядзе сувенірнай прадукцыі, альбомаў.

— 500-годдзе беларускага кнігадрукавання будзе святкавацца і за мяжой?

— Многія калегі-бібліятэкары падтрымалі ідэю правядзення адпаведных мерапрыемстваў у іх краінах. Навуковыя канферэнцыі, прэзентацыі, «круглыя сталы», культурныя акцыі пройдуць у Чэхіі, Вялікабрытаніі, Літве, Расіі, Польшчы, магчыма, у іншых краінах. Мы маем падтрымку нашых дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой, якія ўжо прымаюць пэўныя захады да святкавання будучага юбілею. Сваю ўвагу праяўляюць і замежныя дыпламаты, што працуюць у Беларусі. Асноўныя мерапрыемствы ў нашай краіне, як мяркуецца, будуць адбывацца ў Мінску і Полацку, і яны таксама будуць мець міжнародны фармат, чакаем шмат гасцей з-за мяжы.

— Алесь Аляксандравіч, усе ведаюць вас як актыўнага папулярызатара спадчыны першадрукара. Аднак ці можна казаць, што святкаванне 500-годдзя Бібліі Скарыны будзе мець агульнацыянальны маштаб?

— Гэтая тэма ўжо сёння актыўна абмяркоўваецца прадстаўнікамі органаў улады: міністэрствамі культуры, інфармацыі, замежных спраў, адукацыі, многімі абласнымі і раённымі выканкамамі — у гэтых структурах прымаюцца актыўныя захады па падрыхтоўцы да святкавання, распрацоўваюцца праграмы святочных мерапрыемстваў. Мы накіравалі прапановы ва ўстановы розных рэгіёнаў — у бібліятэкі, музеі, іншыя арганізацыі культуры, навукі і адукацыі — з запытамі, ці не жадаюць яны далучыцца да святкавання, — каб скаардынаваць іх дзейнасць паміж сабою. У выніку атрымалася праграма больш як на 300 мерапрыемстваў, у якой прымаюць удзел фактычна ўсе рэгіёны краіны. Францыск Скарына — тая асоба, якая ўжо сёння яднае людзей рознага ўзросту, веравызнання, прафесій. Гэта адзіны нацыянальны герой, які прымаецца ўсімі прадстаўнікамі беларускага грамадства без выключэння і ні ў кога не выклікае пярэчання.

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».