Вы тут

Вандруем вярхом на... канапе


Алесь Бадак. Як рассмяшыць папугая: аповесці, казкі, апавяданні, вершы. — Мінск: Звязда, 2015. — 344 с.


Думаю, усе дзеці любяць падарожнічаць. Бо, выпраўляючыся ў вандроўку з мамай ці татам, хай нават проста на шпацыр увечары ці ў краму па прадукты, варта быць гатовымі да самых дзівосных прыгод, новых адкрыццяў і знаёмстваў. Але што рабіць, калі ты яшчэ маленькі, табе нясцерпна хочацца вандраваць, а дарослыя або занятыя, або вельмі стомленыя пасля працы? Натуральна, самастойна выходзіць з дому і ісці далёка табе не дазволяць — раптам нешта здарыцца. Але, калі задумацца, для прыгод не так шмат і трэба — толькі канапа, кніга і багатая фантазія.

Падарожжы на канапе, аўтобусе, машыне, перамяшчэнні ў часе і тэлепартацыі ў дзівосныя краіны прапануе ў сваёй новай кнізе «Як рассмяшыць папугая» вядомы паэт, празаік і дзіцячы пісьменнік Алесь Бадак. Многія творы з гэтага выдання могуць ужо быць вядомыя чытачу. Раней яны выходзілі асобнымі кнігамі, друкаваліся ў перыёдыцы. Таму не памылюся, калі адзначу, што гэты важкі зборнік — а яго аб'ём амаль тры з паловай сотні старонак — можна залічыць да найлепшага, створанага пісьменнікам цягам апошняга часу.

Але не толькі вандроўкамі каштоўная кніга. Як ведаеце, каб падарожнічаць, трэба шмат ведаць, умець і амаль нічога не баяцца. Таму кніга Алеся Бадака — сапраўдная школа для маленькіх чытачоў, будучых падарожнікаў. Але не хвалюйцеся, тут зусім няма строгіх выхавальнікаў, павучанняў, заўваг і страшных пагроз.

Зусім наадварот, пісьменнік — вельмі таленавіты і спагадлівы настаўнік. Гуляючы, распавядаючы гісторыі і задаючы пытанні дзецям, аўтар неўпрыкмет пашырае іх кругагляд, вучыць правілам паводзінаў і апавядае пра асноўныя законы жыцця.

Так, пазнаёміўшыся з гісторыяй 10-гадовага хлопчыка Даніка, яго сястры Карыны і іх сябра Грані, маленькія чытачы назаўжды запомняць: варта адгукацца на просьбы аб дапамозе. Не хлусіць і не прыдумляць «уважлівых» прычын накшталт «баліць рука» ці «нямее нага». А раптам тая старэнькая бабулька, якая здаецца нямоглай, — сапраўдная ведзьма? Яна можа зрабіць так, што рука і сапраўды забаліць, а нага — знямее і перастане слухацца. І ніякія ўрачы не змогуць вылечыць такую загадкавую хваробу. А каб зноў стаць здаровымі, дзецям трэба будзе здзейсніць далёкае і небяспечнае «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (менавіта так называецца казачная аповесць з кнігі), прайсці шмат выпрабаванняў і атрымаць дараванне Ведзьмы.

Калі выхаваўчы складнік кнігі «Як прыручыць папугая» амаль незаўважны на першы погляд (бо ўмела схаваны аўтарам), то яе адукацыйны патэнцыял ацаніць вельмі лёгка ўжо пры першым знаёмстве. Зборнік неверагодна багаты на факты і гісторыі. Дзякуючы ўяўным падарожжам маленькія чытачы навучацца правільна паводзіць сябе на вуліцах горада, даведаюцца, навошта працуюць крамы, заводы і фабрыкі. Зразумеюць, чаму не варта баяцца паліклінік і бальніц, і завітаюць на вакзал. Для жыхароў вёскі гэтая вандроўка на канапе можа стаць першай магчымасцю зірнуць на шумныя, мітуслівыя вуліцы горада, а наступнае падарожжа адкрые таямніцы вёскі ўжо для маленькіх гараджан.

Аўтар прапануе зірнуць, як уладкавана жыццё на вясковым падворку. Амаль экзотыка для сучасных гараджан! Тут па двары важна ходзяць гусі, мітусяцца куры; непадалёк, на лузе, пасвяцца коні, козы і каровы, у хляве рохкаюць свінні.

Як сапраўдныя гаспадары, двор азіраюць кот і сабака. У агародзе таксама ўсё ідзе сваім ладам — растуць капуста, морква, буракі. Незабыўнымі будуць вандроўкі ў лес, на возера, а таксама экскурсія ў свет насякомых. Не застанецца незаўважаным і шпацыр па чароўным свеце нашых продкаў, дзе побач з чалавекам жывуць незвычайныя міфалагічныя істоты — Русалка і Вадзянік, Дамавік і Лесавік, Ваўкалак і Баба Яга.

Не застануцца пакрыўджанымі і тыя дзеткі, якія любяць чытаць казачныя гісторыі пра жывёл. Добрымі сябрамі маленькім чытачам стануць малпачка Чыта, жабка Кваква, Заяц, які святкаваў дзень нараджэння і марыў навучыцца чытаць, а таксама многія-многія іншыя героі аўтарскіх казак Алеся Бадака. Калі нават нейкі герой ці сюжэт і не прыйдуцца даспадобы дзеткам (што малаверагодна), то сярод вялікай колькасці прапанаваных гісторый усё роўна застаецца магчымасць знайсці нешта цікавае.

Прыемных вандровак!

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?