Вы тут

Споўнілася 80 гадоў вялікаму паэту сучаснасці Алжасу Сулейменаву


Споўнілася 80 гадоў вялікаму паэту сучаснасці Алжасу Сулейменаву.


Казах па складзе свайго характару, чалавек планеты па складзе свайго мыслення, ён уяўляецца роўным у адным шэрагу з такімі мастакамі слова ХХ стагоддзя, як Барыс Пастэрнак, Яўген Еўтушэнка, Андрэй Вазнясенскі, Бэла Ахмадуліна, Сільва Капуцікян, Мустай Карым, Чынгіз Айтматаў, Давід Кугульцінаў, Кайсын Куліеў, як беларусы Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Іван Мележ, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў... Імёнаў кагорта здаецца бясконцай. Кагорта парушальнікаў спакою і волатаў духу, носьбітаў неардынарнага мыслення, творцаў, здольных знаходзіць словы для выкладання партрэта часу, словы для абрысу галоўных прыярытэтаў светаўладкавання. Адно толькі прачытанне Сулейменавым помніка старажытнарускай літаратуры «Слова пра паход Ігараў» чаго вартае!..

Алжас Сулейменаў, якому днямі прысвоена званне Героя Казахстана, не так даўно быў госцем Мінска, Саюза пісьменнікаў Беларусі. Творчая інтэлігенцыя сталіцы мела шчаслівую магчымасць слухаць яго прамовы і яго вершы. У беларускага паэта Міколы Мятліцкага як розгалас ад тае сустрэчы нарадзіўся верш «Алжас Сулейменаў у Мінску». Прапануючы яго ўвазе чытачоў «Звязды», хацелася б нагадаць на вартасці перачытання і прачытання самога Алжаса Сулейменава, яго паэзіі, яго магутнай па энергетычнай насычанасці літаратуразнаўчай публіцыстыкі. Хацелася б верыць у яго судакранальнасць з беларускім мастацкім светам.

З юбілеем, Вялікі Паэт! З высокай узнагародай!


Мікола МЯТЛІЦКІ

АЛЖАС СУЛЕЙМЕНАЎ У МІНСКУ

Імкне жыццё... Замнога пераменаў.

Нібы на ўскраі бездані жывеш.

Гаворыць з залай слынны

Сулейменаў —

У кожную душу ўдыхае верш.

За ім — абсягі стэпаў Казахстана,

Прад ім — імкліва спешны час цячэ.

Чытае верш — бы шар зямны,

што ў ранах,

Трымае цёпла на сваёй руцэ.

Святла душы ні блёстачкі не страціў,

Красае зырка іскры дабрыні.

Чытае верш — і ўслед Сяміпалацінск

Рэнтгенаўскія гасіць прамяні.

Цагліны Брэста, дзе пабыў дагэтуль,

Гараць нязмытай чырванню крыві.

Чытае верш — нібы з другой планеты

Гукае ў свет пяшчоты і любві.

І існасць ацалела па-за часам,

І мудрасць вочы роздумна кране.

Чытае верш — і вечнасць над Алжасам

З пытаннем вечным стала: быць ці не?

І гучны голас замірае ў скрусе,

І смуткам захлынаюцца радкі...

Чытае верш — і зычыць Беларусі,

Маёй, радзімай,

Быць ва ўсе вякі.

Загаловак у газеце: І вечнасць над Алжасам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.