Вы тут

«Залаты млын» талентаў


У нашай гімназіі дзейнічае школьны тэатр «Залаты млын», у якім дзеці знаёмяцца з традыцыямі беларускай культуры. Яго кіраўнік Аксана Жаромская захоплена фальклорам (на здымку).


— Усё пачыналася з невялікай групы вучняў. Мы разам вывучалі батлейку — народны лялечны тэатр. Менавіта ён стаў асновай будучага «Залатога млына». Стараліся з дзецьмі даведацца як мага больш пра гісторыю нацыянальных касцюмаў, паступова вучыліся мастацтву «кіравання» лялькай, — прыгадвае педагог. — Першы вопыт тэатра — невялікая пастаноўка «Каляды», у якой удзельнічалі толькі пяць чалавек. Крыху пазней, калі да нас дадалося яшчэ некалькі вучняў, мы пачалі з тэкстаў беларускіх казак рабіць паўнацэнныя пастаноўкі. Першая з іх, «Хітры салдат», мела вялікі поспех. Дзецям гэта работа вельмі спадабалася, некаторыя пастаноўкі яны стваралі самастойна. Наогул, кожны, хто прыходзіць у калектыў, уносіць нешта новае. У нашым тэатры працуюць Святлана Вярбінава, педагог па вакале, і Таццяна Драніцына — тэатральны мадэльер. Гэта неверагодна таленавітыя людзі. Музычныя кампазіцыі сталі неад'емнай часткай любой пастаноўкі, а касцюмы, створаныя Таццянай Драніцынай, прыводзяць гледачоў у захапленне. Наступнай прыступкай у развіцці тэатра стаў удзел у розных конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. З кожным годам «Залаты млын» становіцца ўсё больш папулярным сярод вучняў.

Я таксама з'яўляюся ўдзельніцай нашага школьнага тэатра, прыйшла ў яго ў сёмым класе. Пакрысе ўдасканальвала свае танцавальныя навыкі і цяпер з вялікім задавальненнем стаўлю паўнацэнныя харэаграфічныя пастаноўкі, у тым ліку і беларускія народныя танцы. Аляксандр Саковіч, Паліна Гарнізонава, Анастасія Абакунчык, Максім Пронькін удзельнічаюць у пастаноўках нашага тэатра з моманту яго заснавання.

Летась тэатр заняў першае месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Ёлка-фэст». Мы вельмі ўдзячныя кіраўнікам «Залатога млына» за тое, што яны даюць нам магчымасць рэалізаваць сябе, унесці свой уклад у развіццё тэатра, у захаванне нацыянальных традыцый.

Кацярына ГРУША, вучаніца 11 класа Мар'інагорскай гімназіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».