Вы тут

Чаму і ў архітэктуры — ідэалогія?..


Архітэктура — гэта не проста выпадковыя пабудовы, а акурат тое, што найлепш адлюстроўвае свой час. Для ўзвядзення пэўных будынкаў заўсёды ёсць свае прычыны. Зразумеўшы іх, можна па-новаму адкрыць для сябе свой горад, рэгіён і яго мінулае. На першым Міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры сярод мноства іншых тэм разглядалі і тыя працэсы, якія паўплывалі на айчынную архітэктуру.


Юр'еўская царква ў Валавелі Драгічынскага раёна  была ўзорам беларускага барока. Цяпер яе знешні  выгляд моцна зменены на ўзор псеўдарускага стылю.

«На скрыжаванні ўсіх шляхоў і канфесій»

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар мастацтвазнаўства Тамара ГАБРУСЬ расказала пра асаблівасці сакральнага дойлідства Беларусі ў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзях:

— Так склаўся лёс, што, пачынаючы з 1970-х гадоў, калі ствараўся дзяржаўны рэестр помнікаў, я занялася вывучэннем драўлянай архітэктуры — рабіла абмеры, асэнсоўвала канструктыўныя, функцыянальныя асаблівасці. Я прыйшла да высновы, што гэта дойлідства, у параўнанні з пабудовамі іншых усходнеславянскіх краін, мае шмат адметных рысаў. Для нас вельмі характэрна ўзаемадзеянне мясцовай этнічнай традыцыі з мураванай архітэктурай яшчэ часоў Рэчы Паспалітай — эпохі барока. Усё гэта па-свойму асэнсоўвалася і трансфармавалася ў драўляным дойлідстве, у тым ліку ў тыпалогіі храмаў. Беларусь вылучае поліканфесійнасць — мы знаходзімся на скрыжаванні ўсіх шляхоў і канфесій. У XVІІ–XVІІІ стагоддзях тут было аж чатыры хрысціянскія канфесіі. Дзяржаўны патранат мела каталіцтва, а народная прыхільнасць была ва ўніяцтва. 80% драўлянага будаўніцтва было ўніяцкім, 15% — каталіцкім і не больш за 5% — праваслаўным.

Тагачасны храм складаўся з бабінца, асноўнага зруба і алтара. Як адзначае Тамара Габрусь, звычайна яны ідуць па восі з Захаду на Усход (ад уваходу да алтара), а ў Беларусі — у адрозненне і ад украінскіх, і ад храмаў рускай Поўначы — рубіліся адной вышыні («у адзін рум») і аб'ядноўваліся агульным дахам. Гэтыя храмы нагадвалі мураваныя базілікі. У іх знешнім выглядзе быў сімвалічны сэнс — карабель выратавання. Храм — гэта дом Божы, але такім будынкам падкрэсліваецца, што той, хто прыйдзе сюды, атрымае збаўленне.

«Смерць традыцый?..»

Пры пэўнай тыповасці тагачасных храмаў ніводзін ніколі не паўтараў іншы. Яны захоўвалі прапарцыянальныя, кампазіцыйныя адметнасці — усё было вельмі вытанчана і густоўна.

— Драўлянае будаўніцтва — апрыёры народнае, традыцыйнае, — кажа даследчыца. — Але ў той жа час яно нетрывалае, бо сам матэрыял недаўгавечны. Праблема аднаўлення, захавання аўтэнтычнасці заключаецца ў тым, што сёння ўжо няма майстроў, здольных так будаваць. Да таго ж руская праваслаўная царква яшчэ з сярэдзіны XІX стагоддзя (пасля паўстання 1830—1831 гадоў) праводзіць насаджэнне сваёй традыцыі — варыянтаў псеўдарускага, неарускага стыляў. Мясцовая архітэктура была вельмі зменена. Даючы агульны кірунак маім думкам, спачатку я хацела сказаць «жыццё традыцый», але пасля прыйшла да больш трагічнай высновы — «жыццё і смерць традыцый», бо сёння з імі зусім не лічацца. З канца XІX стагоддзя, напрыклад на Падзвінні, маглі проста спальваць традыцыйныя праваслаўныя храмы — тыя, што ўжо вытрымалі два стагоддзі ідэалагічнай рэлігійнай барацьбы і захавалі свой першасны воблік: гэта было праваслаўе, аднак не расійскае, а мясцовае. Тыя храмы паўсюль былі знішчаны, а на іх месцы ставіліся мураваныя.

Даследчыца засмучаецца, што часам хтосьці спрабуе пераканаць, што большае, нагружанае дэкорам — лепшае. Аднак менавіта драўлянае дойлідства мае імпульс свайго, спрадвечнага, і адметнай мясцовай прыгажосці. Яно выключна арганічна зліваецца з прыродай Палесся, Гродзеншчыны. Увогуле прырода і драўляны матэрыял — гэта як плоць ад плоці, упэўнена спадарыня Габрусь. Яна рэзюмуе:

— Пра гэта не прынята гаварыць, але насамрэч вялікую культуратворчую місію на нашых землях выконвалі ўніяты. Бо што каталікі, што праваслаўныя імкнуліся раз'яднаць беларускі народ, разарваць яго свядомасць. А стварэнне ўніяцтва было спробай стварэння нацыянальнай ідэнтычнасці.

Так званая Чыноўніцкая калонія ў Гродне захоўвае рысы закапанскага стылю.

«Дэманстраваць магутнасць новай улады»

Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук Аляксей ЗАГІДУЛІН расказаў пра асаблівасці развіцця архітэктуры і горадабудаўніцтва ў Заходняй Беларусі (у 1921–1939 гадах). На гэтыя землі прыйшла новая ўлада і, як сцвярджае спецыяліст, адразу ж паспяшалася замацавацца з дапамогай сваіх архітэктурных формаў:

— Стварэнне адміністрацыйных будынкаў павінна было дэманстраваць стабільнасць, магутнасць польскай улады на беларускіх землях. З іншага боку, падкрэслівалася вяртанне сюды польскай дзяржавы пасля больш чым 100-гадовага панавання Расійскай імперыі. Таму для ўзвядзення будынкаў мясцовай улады выкарыстоўваліся рэтраспектыўныя, гістарычныя стылі — барока, класіцызм, неакласіцызм. У той жа час 1920–1930-я гады ў суседняй краіне называюць «залатым векам польскай архітэктуры»: там узводзілі шыкоўныя будынкі ў стылі канструктывізму — шматпавярховыя, з выкарыстаннем бетону, велізарнымі вокнамі — вельмі сучасныя. У нас жа ставілася задача паказаць гістарычную пераемнасць першай і другой Рэчы Паспалітай — падкрэсліць, што яна вярнулася. Нічога не будавалася стыхійна, рэалізоўвалася канкрэтная палітычная задача: дамы адміністрацыйнага прызначэння, і нават дамы старастаў, распрацоўваліся на дзяржаўным узроўні.

Усюды, дзе пісалася пра эканоміку Заходняй Беларусі, сцвярджалася, што гэта аграрна-сыравінны прыдатак Польшчы, у якім збываюцца польскія прамысловыя тавары, вывозіцца драўніна і сельскагаспадарчыя прадукты. Аднак у той жа час, як адзначае даследчык, актыўна ствараліся новыя прамысловыя карпусы. Тут узвялі новы будынак Гродзенскай тытунёвай фабрыкі, якая ў канцы XІX стагоддзя была самым буйным прадпрыемствам на тэрыторыі Беларусі. Польская тытунёвая манаполія выкупіла яе і перанесла ў іншае месца. А тут вядомаму архітэктару заказалі будаўніцтва новых карпусоў. На той момант будынак атрымаўся самым дарагім у Беластоцкім ваяводстве, каштаваў 2,5 мільёна злотых. Для параўнання, нацыянальны Польскі банк каштаваў 800 тысяч.

— Упершыню ў Заходняй Беларусі з'явілася тыпавая забудова спальных раёнаў, — адзначае Аляксей Загідулін. — Яны захаваліся ў Гродне, Навагрудку, Браславе. У іх выкарыстоўваўся так званы закапанскі стыль, які некаторымі даследчыкамі лічыцца нацыянальным польскім стылем (свае адметнасці ён мае і ў Беларусі). Польская дзяржава з першых гадоў праводзіла сур'ёзную ідэалагічную работу. Стварылі цэлы шэраг помнікаў асобам, якія адначасова належалі і польскай, і беларускай культурам — Элізе Ажэшцы ў Гродне, там жа ўстанавілі мемарыяльную пліту Стэфану Баторыю.

Яшчэ адным важным ідэалагічным момантам была мемарыялізацыя палеглых у ваеннай кампаніі 1919–1920 гадоў (у народзе — «белапалякаў»), а таксама цэлы мемарыяльны комплекс загінулым у паўстанні 1863–1864 гадоў. Такім чынам, архітэктура міжваеннага часу вызначалася дакладнай рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі.

* * *

Як бачым, архітэктура, культавая ці грамадзянская, — гэта больш чым проста пабудовы. Яна нясе на сабе адбітак часу, яскрава адлюстроўвае спосаб мыслення тых, хто быў ля ўлады і прымаў рашэнні. Расчытваць такі таемны сэнс надзвычай цікава. Толькі варта паклапаціцца пра тое, каб будынкі розных эпох захаваліся і не былі знішчаны пад уплывам новага часу.

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Драўляныя «караблі выратавання»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.